Унікальная вытворчасць у Высокім, ці Як выйсці на айчынны рынак?

Адметная асаблівасць прадукцыі гэтага прадпрыемства – 100-працэнтная прыродная натуральнасць. Выпускаемы тут матэрыял, які часам называюць каменнай ватай, незаменны ў цеплаізаляцыі і супрацьпажарнай ахове. Такая вытворчасць наладжана ў Беларусі ўпершыню. Гаворка – пра таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белмінералгруп”, адзінай зыходнай сыравінай для якога з’яўляецца базальт.

Белминералгрупп
Белминералгрупп

Біяграфія прадпрыемства пачыналася ў 2013-м з выкупу невыкарыстоўваемых вытворчых плошчаў колішняй райсельгастэхнікі па вуліцы Савецкай. Ідэю маладога прадпрымальніка Аляксандра Кужэльнага (на здымку) наладзіць тут вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі падтрымалі ў аблвыканкаме не толькі на словах – яму была выдаткавана мэтавая пазыка ў 800 млн. рублёў пры ўмове, што ў малым горадзе Высокае будуць створаны не менш як 16 рабочых месцаў. Дадзеная ўмова выканана, хоць гэта і не так проста, бо пасля мантажу абсталявання і выпуску пробнай партыі прадукцыі нямала часу спатрэбілася на афіцыйнае пацвярджэнне яе характарыстык і тэхнічных паказчыкаў. Тым часам Аляксандр вярнуў дзяржаве ўжо звыш палавіны атрыманай субсідыі.

Нас не чакалі
Сёлета ў маі і чэрвені дзве доследныя партыі матэрыялаў з супертонкага базальтавага валакна былі нарэшце адпраўлены на СП ТАА “Брэстгазаапарат”, дзе прызнана магчымасць выкарыстання высокаўскай прадукцыі. Ідуць перамовы аб магчымых пастаўках. Як і з заводам “Магілёўліфтмаш”, якому штогод патрабуецца 600 тыс. кв. м такіх негаручых матэрыялаў. Аднак перамовы надзвычай складаныя, бо гэты рынак даўно заняты ўкраінскімі і расійскімі пастаўшчыкамі, а ўстойлівыя сувязі, замацаваныя “закладкай” у тэхнічную дакументацыю, не так проста парушыць. У той жа час немагчыма згадаць усе сферы (у тым пераліку і атамная электрастанцыя, і прыватныя дом, лазня), дзе неабходны цеплаізаляцыйныя матэрыялы з базальту і якіх у Высокім цяпер здольныя выпускаць да 450 тыс. “квадратаў” у год.

З палатном з супертонкага базальтавага валакна
З палатном з супертонкага базальтавага валакна

Першыя знаёмствы
У няпростай рынкавай сітуацыі выклікае павагу пазіцыя дырэктара прыватнага прадпрыемства Аляксандра Кужэльнага: “Нам неабходна прабіцца на беларускі рынак, і мы праб’ёмся, бо патрэба ў падобных ізаляцыйных матэрыялах узрастае”. Настойлівасць падмацавана пацверджанай якасцю прадукцыі, канкурэнтнай цаной, магчымасцю прапанаваць матэрыял дробнымі партыямі патрэбных памераў. Пададзены заяўкі на ўдзел у таргах, вывучаюцца прапановы на сайтах дзяржзакупак, разглядаюцца варыянты супрацоўніцтва з гандлёвымі прадпрыемствамі, але там найперш просяць адтэрміноўку плацяжоў на паўтара-два месяцы, што пацягне праблемы з абаротнымі сродкамі.

Так выглядаюць базальтавыя ніці
Так выглядаюць базальтавыя ніці

Умова – стварэнне рабочых месцаў

Адметна, што высокаўскай прадукцыяй ужо зацікавіліся расіяне – яе цаной і якасцю (яна не мае фенолутрымліваючых звязваючых рэчываў, якія надаюць валакну жоўты колер). Аднак Аляксандр цвёрды ў сваіх перакананнях: імпартазамяшчэнне ніхто не адмяняў, і калі “Белмінералгруп” пачне працаваць на поўную сілу, у Беларусі штогод будзе заставацца да 1 млн. долараў ЗША, якія сёння трацяцца на закуп базальтавага валакна за мяжой.

З думкай пра сабекошт
З разлікам на перспектыву – на яшчэ дзве дадатковыя вытворчыя ўстаноўкі – тут былі закладзены магутнасці газа- і электразабеспячэння. Да таго ж нескладана наладзіць і вытворчасць прашыўных базальтавых матэрыялаў з гранічнай тэмпературай выкарыстання больш за 1 тыс. градусаў па Цэльсію, аплеценага ўшчыльняльнага шнура, вогнеахоўных сістэм. Усё гэта – магчымыя новыя рабочыя месцы для высакаўчан.

Дзень цяперашні напоўнены пошукам рэзерваў яшчэ больш значнага зніжэння сабекошту прадукцыі, хоць, здавалася б, скарыстаны ўсе варыянты змяншэння выдаткаў. Наколькі адчувальныя расходы энергарэсурсаў, сведчыць факт: толькі на расплаў базальту і раздуванне каменных ніцей у валакно штогадзіны патрабуецца 100 кубоў прыроднага газу. Дзякуючы намаганням канструктарскай думкі спецыялістаў на прадпрыемстве лічба на сённяшні дзень не канчатковая, абмяркоўваюць дадатковыя спосабы эканоміі паліва.

Сыравіна на Палессі
Яшчэ адзін рэзерв эканомнага гаспадарання – зыходная сыравіна не замежная (прыродны базальт сёння вязуць у Высокае з Украіны), а беларуская. На перамены ў геаграфіі паставак з’явілася надзея, бо Мінпрыроды Рэспублікі Беларусь звярнулася да Аляксандра Кужэльнага з просьбай правесці пробны выпуск прадукцыі з айчыннага базальту. Яго радовішча ў Брэсцкай упадзіне, на Палессі, з’яўляецца працягам валынскіх адкладаў гэтай вулканічнай горнай пароды. Калі пачнецца распрацоўка кар’ера, знізяцца выдаткі на закуп сыравіны і яе дастаўку. Але гэта дзень заўтрашні.

Дырэктар прадпрыемства жыве думкай аб сённяшнім – фарміраванні партфеля заказаў. Вырабляць прадукцыю “на склад”, дзеля запасаў, няма сэнсу, бо кожная партыя яе будзе мець індывідуальныя памеры, вызначаемыя заказчыкам. Пакуль жа калектыў, у якім 20 чалавек, працуе на ўмовах няпоўнай занятасці…

Галіна НОВІК. Фота Наталлі ГРЫЦУК.

Добавить комментарий