АПС: Адна Паштовая Сям’я

Калі той ці іншы населены пункт набывае статус аграгарадка, то з ім разам ён атрымлівае ўсё неабходнае для арганізацыі зручнага жыцця людзей. І прысутнасць аддзялення паштовай сувязі тут абавязковая. Яго дзверы ўвесь час адчыняюцца і зачыняюцца, упускаючы ва ўтульнае памяшканне кліентаў. Яны могуць заплаціць тут за камуналку, пакласці грошы на тэлефон і інтэрнэт, атрымаць пасылку, адправіць заказное пісьмо, набыць тавары народнага спажывання…

Звычайна ў такіх АПС невялікі штат. І людзі, што працуюць на пошце, адказваюць на пытанне “Чым імпануе вам работа?” аднолькава: “Люблю мець зносіны з людзьмі”. Не верыце? Тады назірайце… Напярэдадні Сусветнага дня пошты мы наведалі двух начальнікаў аддзяленняў.

Вярховічы і Алена Фёдараўна

У будынку АПС Вярховічы мнагалюдна (як потым мне стане вядома – так бывае практычна заўсёды). Пакуль начальнік адпраўляе пасылку чарговага кліента, загаворваю з дзвюма жанчынамі, што чакаюць сваёй чаргі.

img_4513

Святлана Чыквін і Яўгенія Наскевіч ахвотна адгукаюцца на прапанову ахарактарызаваць начальніка аддзялення паштовай сувязі Алену Копец, да якой мы і прыехалі па інтэрв’ю. Жанчыны сыплюць кампліментамі па чарзе, і мне ледзьве ўдаецца паспяваць запісваць іх.

– Наша Алена Фёдараўна вельмі шчырая. Чулая, добрая. Працуе з усмешкай. Заўсёды прыемна зайсці на пошту, бо ведаем – нас чакаюць цёплы прыём і якасна аказаныя паслугі. Тут і асартымент тавараў народнага спажывання самы шырокі.

Прычым, такі цёплы водгук аб рабоце маёй будучай суразмоўцы не адзінкавы.

Алена Фёдараўна ўзначальвае паштовая аддзяленне ўсяго толькі два гады, але за гэты час паспела многае. І асвоіла новую прафесію на выдатна, і поспехі займела, пра што сведчаць тры дыпломы на сцяне. Усе яны – аб тым, што калектыў АПС заняў пачэсныя месцы ва ўнутрывытворчых спаборніцтвах сярод структурных падраздзяленняў Камянецкага раённага вузла паштовай сувязі. Па выніках работы за 1-е паўгоддзе летась – трэцяе месца, за другое паўгоддзе – першае. Сёлета па выніках работы за 6 месяцаў, што мінулі, – трэцяе.

Супрацоўніца ў Алены Копец толькі адна – паштальён Ірына Лахцюк, якая адказвае за падпіску. “Мой сябар і першы памочнік!” – характарызуе сваю калегу начальнік АПС. Узаемаадносіны ў іх відавочна сяброўскія.

– Прыйшла сюды два гады таму, унікла ў новую работу і палюбіла яе ўсёй душой. Кожнага свайго кліента ведаю ў твар і па імені, звычайна сходу вызначаю, хто і па што прыйшоў на пошту. Такія моманты запамінаюцца. Наведвальнікаў у нас звычайна многа. Калі часам апусцее аддзяленне, пачынаю сумаваць. Мне нельга без узаемаадносін з людзьмі. А галоўнае ў іх – добры настрой. Усмешка асвятляе шлях, як сонейка. Люблю і пажартаваць.

Аднойчы, памятаю, патэлефанаў на пошту знаёмы дзядуля, пытае:
– Лена, а ці ёсць у цябе сявок?
– Ёсць, – кажу. – І круглы, і прадаўгаваты, і квадратны…
– То я зайду.
– Прыходзьце, калі ласка.
Дзядуля і прыйшоў. Пералічвае, што хоча набыць:
– Дай мне кілю твайго круглага сяўка, кілю прадаўгаватага. Ну і колькі грамаў квадратнага таксама.
А я ж пра квадратны пажартавала! Па­смяяліся разам…

За час нашай размовы ў АПС паспела сабрацца купка жыхароў Вярховічаў (сама Алена Фёдараўна родам з Доўбізна). І кожнаму карцела дадаць нешта сваё, цёплае і ўдзячнае, пра гэтую цудоўную жанчыну, з твару якой не сходзіць усмешка… Лепш і не прыдумаеш!

Ставы і Дар’я

Адзяленне паштовай сувязі Ставы загадзя абяцала гасцям з рэдакцыі цікавы матэрыял для артыкула, бо тут працуе начальнікам… 19-гадовая дзяўчына. Прычым, цяпер ідзе другі год яе працоўнага стажу.

img_4573

Дар’я Галоўчык сустракае нас прыязнай усмешкай, выходзіць “на галасы” і яе першая памочніца – паштальён Марыя Мікалаеўна Кавалевіч. Ля касы зна­ёмімся з кліенткай, якая аказваецца… бабуляй юнай начальніцы АПС. Лідзія Віктараўна Вакуліч не хавае сваёй радасці з той нагоды, што пра яе любімую ўнучачку напішуць у раёнцы.

Для інтэрв’ю мне дазваляюць прайсці “за шкло”, туды, дзе размешчана працоўнае месца аператара паштовай сувязі.

– Раскажыце, Дар’я, як вы сталі начальнікам АПС?
– Нарадзілася і вырасла ў Ставах, скончыла ў мясцовай школе 9 класаў і пасля іх паступіла ў Брэсцкі каледж сувязі, каб звязаць сваё жыццё з поштай. Пасля заканчэння навучальнай установы – мне было 18 тады – на працягу месяца працавала ў АПС Камянюкі на падмене. Калі ў родных Ставах вызвалілася месца начальніка аддзялення (мая папярэдніца пайшла на заслужаны адпачынак), згадзілася працаваць тут.

– Цяжка было?
– І цяжка, і страшна, і адказнасць вялікая. Але мяне падтрымлівалі, дапамагалі. Можна было звярнуцца па параду ў Камянецкі РУПС: і да інструктараў, і непасрэдна да начальніка. Цяпер стала лягчэй.

– Чым вам імпануе гэта работа?
– Падабаецца працаваць з людзьмі. Мне ў гэтым плане дапамагае і тое, што я – мясцовая. Людзі ўсе свае, са Ставаў, Агароднікаў, Загароднай, Мельнікаў, ведаю загадзя, хто і аб чым можа папрасіць. Часам даводзіцца не толькі непасрэдна паштовыя паслугі аказваць, але і парады даваць. Спадзяюся, што яны ідуць на карысць.

– Як бавіце вольны час?
– Жыву з бацькамі і ва ўсім ім дапамагаю. Бабулі – таксама. Спрабую сябе ў манікюры, раблю сабе ды маме – здаецца, атрымліваецца добра…

Усе планы, даведзеныя АПС Ставы, выконваюцца цудоўна. А гэта азначае, што ў маладога кіраўніка наперадзе – новыя поспехі. Няхай жа так і будзе.

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий