З таго кастрычніка, калі быў гэты здымак прайшло крыху больш за 5 гадоў. Заўсёды цікава вяртацца да герояў, пра якіх пісаў раней, асабліва такіх сімпатычных. Вось я і не ўтрымалася. Выстрыгла з падшыўкі той самы матэрыял з фатаграфіяй (каб пазнаць) ды выправілася ў Высокаўскую СШ.
У дарозе перачытала кароценькі тэкст. Якімі ж былі Аня з Дашай Ляжнёвы і Алёша з Кірылам Краўчукі, тады яшчэ другакласнікі? Прыгадаем… “Дзяўчынкі вельмі падобныя паміж сабой, сядзяць за адной партай, у іх сшытках – абсалютна аднолькавы почырк. Калі адна з сястрычак хварэе і з гэтай прычыны не ідзе на ўрокі, то другая ў школе сумуе. Аня і Даша ўнутрана вельмі моцна прывязаныя адна да адной, але, нягледзячы на гэта, умеюць сябраваць з іншымі дзецьмі. А Кірыл і Алёша, у сваю чаргу, шмат чым адрозніваюцца: і тварам, і ростам. Яны больш самастойныя за аднакласніц-блізнят, даўно не дзеляць адну парту на дваіх, колерам адзення бацькі імкнуцца падкрэсліць індывідуальнасць кожнага”.
Цяпер школьнікі вучацца ўжо ў 7 класе. Зусім дарослыя людзі! Гутарка з імі атрымалася цікавай і неардынарнай, бо мае субяседнікі нярэдка гаварылі то дуэтам, то квартэтам, бо цудоўна ведаюць адзін аднаго, вучацца ў адным класе. Адну парту больш не дзеляць: суседкай Алёшы стала дзяўчынка, Кірыл сядзіць адзін, Аня і Даша – з хлопчыкамі.
Між тым, сувязь паміж маімі суразмоўцамі захавалася, іх захапленні ў многім пераклікаюцца. Алёша, напрыклад, ахвотна гуляе ў футбол, баскетбол, малюе (звычайна машыны), піша вершы, а Кірыл (дарэчы, старэйшы за брата на 13 хвілін) арыентаваны строга на спорт, віды тыя ж, што і ў брата. Даша і Аня ўжо год танцуюць у знакамітых “Непаседах” і малююць. Сярод іх старэйшая – Ганна (на 15 хвілін). Дарэчы, не так даўно Ляжнёвы перамаглі ў конкурсе вырабаў на навагоднюю тэматыку і паехалі на прэзідэнцкую ёлку ў Мінск (абедзьве былі на тым ранішніку анёламі).
Цікава тое, што дзяўчынкі і сёння адчуваюць сябе адзіным цэлым (звярніце ўвагу хаця б на аднолькавае адзенне), падтрымліваюць адна адну, саступаюць, калі ўзнікае неабходнасць. А вось хлопчыкі імкнуцца да індывідуальнасці, у размове з журналістам часам перабіваюць адзін аднаго, жартуюць (не злосна).
Усё апісанае вышэй яскрава прасочваецца, калі аналізуеш навагоднія падарункі, якія мае героі хацелі б атрымаць пад ёлачку. Кірыл марыць пра планшэт, Алёша – пра нямецкую аўчарку і паездку ў Балгарыю, Аня – пра два білеты ў цэнтр Каперніка ў Варшаве, а Даша – пра мандарынава-снежна-ёлачную фотасесію на дваіх (хто другі, здагадацца не так складана).
Калі ўжо закранулі тэму святаў, цікаўлюся, як звычайна адзначаюцца падвойныя дні нараджэнні ў сем’ях Ляжнёвых і Краўчукоў.
Аня і Даша распавядаюць, што першай 27 лютага іх заўсёды віншуе любімая мама, потым прыходзяць сяброўкі, для якіх дзяўчынкі самастойна рыхтуюць пачастунак. На другі дзень свята працягваецца ў Брэсце (парк, лядовы палац…).
А Алёша з Кірылам з’явіліся на свет летам – 20 чэрвеня. Іх таксама віншуюць перш-наперш бацькі, потым – сябры. Прычым, у сям’і Краўчукоў пяцёра сыноў: старэйшаму Андрэю 26 гадоў, Арцёму – 24, Мікіце – 15.
Цікаўлюся, ці хацелі б мае героі нарадзіцца зноў, але ўжо без брата (сястры). Адказ быў харавы і адназначны: “Не! Было б сумна!”
На развітанне браты і сястрычкі папрасілі ў мяне той самы фотаздымак пяцігадовай даўніны на памяць. А цяпер іх калекцыя папоўніцца яшчэ адным.
На абодвух здымках злева направа: Аня і Даша, Кірыл і Алёша.
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА і аўтара.
Это может быть интересно:
-
В Высоком прошел региональный фестиваль для граждан пожилого возраста «Мы вместе»
-
60 лет рука об руку: супруги из Высокого отпраздновали «бриллиантовую» свадьбу
-
БДИТЕЛЬНЫЙ СОСЕД СПАС НА ПОЖАРЕ В ВЫСОКОМ СОСЕДКУ
-
«Здравствуй, Россия»: высоковчане приняли участие в проектной школе
-
Награды лучшим высоковчанам вручили сегодня в парке