Камянчане Аляксандр і Дар’я Вакулы, а таксама іх пяцёра дзяцей сталі пераможцамі раённага конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я-2017”

Напрыканцы красавіка камянчане Аляксандр і Дар’я Вакулы, а таксама іх пяцёра дзяцей сталі пераможцамі раённага конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я-2017”. Яны ўразілі журы і сваім генеалагічным дрэвам (да сёмага калена!), і двума гербамі (вялікім ды малым), і пастаноўкай лялечнага тэатра, і традыцыйнымі нядзельнымі пельменямі, якія гатуюць у 14 рук…

“Добра было б бліжэй пазнаёміцца з носьбітамі такога цікавага, “гогалеўскага”, прозвішча”, – падумалася мне. І надыходзячы Дзень сям’і стаў выдатнай нагодай.

Аляксандр і Дар’я, калі запытаеш у іх пра гісторыю знаёмства, гавораць, што пачалася яна яшчэ ў дзяцінстве. Жылі ў адным горадзе, вось і ведалі адно аднаго, разам хадзілі на рэчку, на дыскатэку, мелі агульных знаёмых. Так сяброўства стала асновай сям’і.

Аляксандр Вакула займаецца сёння вырабам кухонных гарнітураў (ён – індывідуальны прадпрымальнік), а першы дарадчык у справе дызайну будучага самага ўтульнага пакоя ў доме кожнай сям’і – Дар’я. Яна цяпер даглядае малодшых дзетак, якім па два гадкі, а да гэтага працавала эканамістам у аддзеле гандлю і турызму ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”.

Галава сям’і многае ва ўласным доме зрабіў сваімі рукамі: вельмі прыгожыя дзверы з выкаванымі ручкамі, напрыклад. А яшчэ мне паказалі столік-трансформер. Стол, ён жа конік, на якім можна катацца, ён жа парта, ён жа высокі стул для кармлення дзяцей.

А мама ахвотна прадэманстравала рознакаляровы світэр, які сёння вяжа мужу (да восені будзе гатовы).

Пра сваіх дзяцей бацькі расказваюць з асаблівым замілаваннем і любоўю.

Старэйшая дачка Аляксандра вучыцца ў 9 класе, паспяхова вывучае біялогію (нават атрымала першае месца ў раённай алімпіядзе, хутка адправіцца на абласную), марыць звязаць сваю будучыню з медыцынай, у якой канкрэтна вобласці, пакуль вырашае. Фартэпіяна ў адным з пакояў пацвярджае той факт, што Аляксандра ўжо паспела скончыць дзіцячую школу мастацтваў. Дзяўчына – першая і галоўная маміна памочніца. “Не ведаю, што рабіла б без яе”, – гаворыць Дар’я.

Другая дачушка Вакулаў, Сафія, – другакласніца. Яна цяпер у актыўным пошуку сябе, займалася маляваннем (дарэчы, удала, асабліва ў акварэлі), танцамі, сёння захапляецца шыццём. Усё ёй хочацца паспрабаваць, усё да сябе прымерыць. Яна таксама ахвотна дапамагае па гаспадарцы, напрыклад, умее правільна загрузіць посудамыйную машыну.

Наступнай дзяўчынцы ў сям’і з рэдкім імем Фаіна тры гады. Яе мама характарызуе так: “Вельмі вясёлая і хуткая”.

Вось так і падрастаюць у сям’і, як у казцы, тры дзяўчынкі. А тата, зразумела ж, марыў пра хлопчыка, сына… І мара яго зусім нядаўна стала явай. Прычым хлопчыкаў нарадзілася ажно двое. Двухгадовыя Леў і Міхаіл – любімчыкі ўсіх старэйшых дзяўчатак. Пераходзяць з рук на рукі. Знешне яны зусім розныя, як складзецца з характарам, – пакажа час.

Цікаўлюся сямейнымі традыцыямі… І іх аказваецца даволі многа. Па-першае, усё тыя ж нядзельныя пельмені (дзень тыдня можа мяняцца па абставінах), падчас прыгатавання якіх вясёлы гармідар на кухні дапамагае адчуваць еднасць. Па-другое, “большая стирка”, у якой удзельнічаюць усе: нехта рэчы збірае, нехта іх у машынку загружае…

А яшчэ (і гэта, па-трэцяе) хатнія выступленні. І тут не толькі лялечны тэатр, згаданы вышэй, а таксама разнастайныя канцэртныя нумары, у тым ліку і акрабатычныя (прычым у ролі “акрабатаў” – хлопчыкі).

Вялікая сям’я, як думаюць героі майго аповяду, не можа існаваць без памяці аб сваіх продках. Вывучаючы старыя дакументы, збіраючы інфармацыю і ствараючы сваё генеалагічнае дрэва, Аляксандр і Дар’я даведаліся вельмі шмат цікавага. Напрыклад, падчас пошукаў адкрыўся нечаканы факт: у маленькай Сонечкі Вакулы ёсць поўная цёзка (па прозвішчы, імені і імені па бацьку) па мамінай лініі. Прычым нарадзіліся яны з розніцай роўна 100 гадоў! Сонечка – у 2009 годзе, яе прабабуля, Сафія Аляксандраўна, – у 1909-ым. І гэта абсалютна выпадковае супадзенне, ці не?

Варта расказаць і пра хатніх гадаванцаў сям’і Вакулаў. У іх два сабакі (адзін з іх па мянушцы Мона – на здымку на руках у Аляксандры) і два каты. У аднаго з вусатых-паласатых, дарэчы, вельмі цікавая, у нечым трагічная гісторыя са шчаслівым канцом…

Аднойчы на Каляды Дар’я Вакула выправілася ў магазін за цукеркамі, якімі збіралася напоўніць падарункі для дзяцей і, выходзячы з пакупкамі, заўважыла змучанага ката са светлай поўсцю, што літаральна кінуўся ёй пад ногі. Жывёліна была вельмі галодная, з падпалінамі ад цыгарэт і нейкай вяроўчынай на лапе (страшна ўявіць, хто і што рабіў з бедным катом). Пакінуць няшчасную істоту ды яшчэ ў свята было нельга, так Маркедрыс (вось мянушка дык мянушка!) атрымаў новы, утульны, цёплы дом, дзе яго ніхто не крыўдзіць. І гэты дом утульны для ўсіх…

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий