Неаднаразова даводзілася чуць ад гасцей Беларусі з-за мяжы абсалютна шчырыя захопленыя словы наконт чысціні вуліц беларускіх гарадоў. Ім, відаць, ёсць з чым параўноўваўваць, а мы з вамі па праву можам ганарыцца парадкам, што пануе сёння ў Каменцы. І самы вялікі ўклад у яго робяць яны – дворнікі.
За гады работы ў рэдакцыі газеты мне даводзілася прымяраць на сябе самыя розныя прафесіі (настаўніка, паштальёна…), але былі яны ўсе, так бы мовіць, “інтэлігентнага” ўхілу, а вось пераўвасобіцца на некаторы час у простага працоўнага чалавека – у дадзеным выпадку дворніка – неяк не выпадала. Праўда, у дзяцінстве мы з сяброўкай Аняй, бывала, падмянялі яе бабулю-дворніка, як з’яўлялася такая патрэба, і тады нашай тэрыяторыяй, помню, былі пляцоўкі перад 10 пад’ездамі аднаго 5-павярховіка. Гэта нагадвала гульню, а цяпер стала рэдакцыйным заданнем.
Паехалі…
Маім працоўным днём стаў панядзелак 24 кастрычніка, а месцам Х – вуліца Брэсцкая, ля РДК. Тут, як многія камянчане, пэўна, заўважылі, напярэдадні былі спілаваныя дрэвы. Праезную частку і тратуары патрэбна было ачысціць ад трэсак, падобных да аўсяных шматкоў, і асенняй лістоты ўсіх адценняў вохры (у момант напісання гэтых радкоў мой “унутраны паэт” вызірнуў асцярожна аднекуль з нетраў душы і сарамліва схаваўся назад J).
Мне выдалі абсалютна новую аранжавую камізэльку са святловяртальнымі элементамі, што вельмі пасавала сваім адценнем да навакольнага маляўнічага пейзажа, і веерныя граблі, якімі патрэбна было ачышчаць траву ад лістоты. Пазней на змену ім прыйшла мятла, прынаравіцца да якой мне ўдалося не адразу, – гэта ж вам не венік!
Трохі паэзіі
Медытатыўны працэс падмятання літаральна “вымеў” з маёй галавы ЎСЕ думкі. Не прыгадаю, калі апошні раз здаралася такое. Прыемны стан, трэба зазначыць. Проста горад. Проста раніца. Проста лісце. Проста граблі. Проста я. І ніякіх планаў новага нумара (упхнуць у газету гару матэрыялаў, дарэчы, аказалася лягчэй, чым сумёт з лістоў, які метадычна разносіць гарэза-вецер, у машыну), ніякіх тэлефонных званкоў (зрэшты прапушчаных было тры: з ваенкамата, Саюза пісьменнікаў ды ад бабулі)…
Змятаючы лісты, я назірала за тым, як на чыстае, толькі што падмеценае месца сыплюцца з дрэў новыя. І было ў гэтым нешта філасофскае. А зусім побач прадстаўнікі адпаведнай службы ўжо хадзілі па скверыку перад РДК, пазначаючы крыжыкамі тое, што мусіць быць ссечаным у самым хуткім часе. І гэта падштурхоўвала да думкі, што работы ў дворнікаў тут будзе яшчэ нямала. Добра, што ёсць сярод нас тыя, хто ўзяў на сябе вялікую частку адказнасці за падтрыманне парадку і чысціні ў горадзе! Дарэчы, самы час пазнаёміцца з імі…
24 кастрычніка мне пашчасціла ўліцца ў брыгаду, што складаецца з 3 чалавек: уборшчыкаў тэрыторый Віктара Андрайчука і Таццяны Лябедзіч (на фота – злева), а таксама рабочай па комплекснай уборцы Анастасіі Ціханавай. Яны даўно шчыруюць утрох, сталі дружнай, праверанай часам камандай і шчыра зазначаюць у адзін голас: “Нас, калі адпраўляюць куды-небудзь, то разам!”
Працоўны дзень дворніка па восені з панядзелка па пятніцу працягваецца сем гадзін, з 7.00 да 15.00 (з перапынкам на абед), у суботу – 5 гадзін, выхадны – нядзеля. Улетку час крышку мяняецца – работнікі выходзяць на вуліцы горада на гадзіну раней. Аднак трэба разумець і тое, што многае ў рабоце дворнікаў залежыць ад надвор’я, а яно ж не пытаецца, калі дождж нам паслаць, калі снег, калі ветрам дрэвы паваліць. Адным словам – стыхія. І дворнік павінен быць напагатове ўвесь час. Узімку, напрыклад, рабочы дзень становіцца ненармаваным, бо могуць падняць і ноччу, напрыклад, калі выпала шмат снегу ці здарыўся галалёд. “Работа ёсць заўсёды! – гавораць мае часовыя калегі. – Зімой адна, летам іншая.” Што праўда, то праўда. Уплывае на працягласць працы і ўчастак, які трэба даводзіць да ладу ў той ці іншы дзень. “Часам выклікаюць па тэлефоне, прыходзім, смецце раз-раз-раз – і прыбралі”. Бо парадак – перш за ўсё.
Цікаўлюся, ці даводзіцца дворнікам прыбіраць катоў ды вожыкаў, якіх так часта збіваюць машыны на дарозе.
– Гэта наша работа. Здараецца, людзі самі падыходзяць, падказваюць, дзе здарылася такая бяда. А мы – пальчаткі, пакет у рукі – і забіраем.
– А як ахарактарызуеце камянчан? Ці клапоцяцца яны пра парадак у родным горадзе?
Віктар:
– Усё залежыць ад саміх людзей. Адзін будзе ісці і сам паперку з асфальта падніме, да сметніцы данясе, а другі наадварот кіне. Адразу відаць: у каго ў сям’і выхавання няма. Калі заўважаю такія моманты, падыходжу, гавару. Рэагуюць нармальна, зыркнуць толькі і ідуць паслухмяна да сметніцы.
Анастасія:
– Праўду кажаш! І кідаюць смецце абы-дзе людзі самых розных узростаў. Зараз нават больш – дарослыя.
Таццяна:
– У смецці, калі вам цікава, мы неаднаразова тэлефоны знаходзілі. Адносілі іх у міліцыю.
– У парку на выхадных бачыла пустую сметніцу і гару бутэлек ля яе…
Віктар:
– Гэта наша “доблесная” моладзь! Ды што там гаварыць, часта смецце прама з вакна выкідваюць! Ёсць у Каменцы дом, дзе пасялілі мнагадзетныя сем’і і людзей цыганскай нацыянальнасці… Здараецца, кінуць у кантэйнер пакет з астаткамі курыцы ці рыбы, а сабака прыгожа так лапамі – раз – разадрала, і ўсё! Шмат прыбіраць даводзіцца і пасля вялікіх святаў. Напрыклад, нядаўна, пасля Дня горада, што праводзіўся на стадыёне…
– Як увогуле ставяцца да вас камянчане?
Віктар:
– З павагай, вітаюцца кожны раз. Дзякуюць за чысціню. Часта пытаюцца дарогу ў тое ці іншае месца. Калі працуем у скверы ля вежы, турысты падыходзяць, задаюць пытанні – усім дапамагаем. А яшчэ неаднаразова даводзілася хлопцам дарогу да ваенкамата тлумачыць.
– Што трэба зрабіць таму, хто хоча пайсці ў дворнікі?
Віктар:
– Быць гатовым працаваць многа і старанна. У дворнікі, дарэчы, мы праходзім такую ж медкамісію, як у касманаўты! (Смяецца.) Нарколага – абавязкова, бо чалавека са схільнасцямі да п’янства ніколі да нас на работу не возьмуць. Мы штораніцу алкатэст не здаём, але часам праязджае па горадзе машына і, калі бачыць дворніка, што выглядае нецвярозым, спыняецца, правярае. Яшчэ псіхіятра абавязкова праходзім, іншых дактароў. Ёсць і пастаянны інструктаж па ахове працы. А як інакш, калі мы працуем на праезнай частцы? (Дарэчы, дворнікі карыстаюцца спецыяльнымі дарожнымі фішкамі, часова перакрываючы рух па пэўнай вуліцы, дзе вядуцца работы. – аўт.)
І пытанне напрыканцы: ці даспадобы вам ваша работа?
Анастасія:
– Вельмі, бо яна – для людзей! Сёмы год ужо працую. Хутка пайду ў дэкрэтны водпуск, але пасля яго абяцаю вярнуцца.
Таццяна:
– Ужо 21 год я – дворнік. Прызвычаілася, палюбіла сваю работу. Колькі ўжо людзей змянілася ў калектыве пры мне, а я застаюся. (Усміхаецца.) Аднойчы падумала і на іншае месца перайшла, але хутка вярнулася назад.
Віктар:
– Ужо і не помню, колькі працую ў ЖКГ, больш за 10 гадоў, напэўна. Дзясятка дакладна ёсць! Добрая работа, такая, як і іншыя. Патрэбная!
Тут не паспрачаешся. Яна і карысная, і важная, і адказная, і нават рамантычная (та-а-ак! Паэтам слова не давалі!), і проста неабходная. А як інакш, калі кожны дворнік у нейкім сэнсе… касманаўт? Стаіць на абароне чысціні ў Сусвеце аднаго асобна ўзятага горада.
Р.S.
– Дык які ж участак у Каменцы самы засмечаны?
Адказ нашага працавітага трыа: – Той, дзе мы даўно не хадзілі!
ВІДЭА, ЯК ЖУРНАЛІСТ МЯНЯЛА ПРАФЕСІЮ, ГЛЯДЗІЦЕ 👉🏻 ТУТ
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Ганны ПАЦЯЙЧУК.