65 гадоў разам…

65 гадоў разамДля кожнага з нас маці – чалавек, да якога можна прыйсці з любой навіной, няважна – добрай ці дрэннай. Заўсёды вядома, што яна ніколі не пажадае свайму любаму дзіцяці дрэннага. Безумоўна, ёсць і такія “зязюлі”, для якіх іх дзеці нічога не значаць – толькі матэрыяльная падмога за іх нараджэнне. Але сённяшняя гісторыя пра сапраўдную маці, а калі быць больш дакладнай, – пра сям’ю, якая служыць прыкладам для многіх. 8 кастрычніка споўнілася роўна 65 гадоў з таго самага моманту, калі Кацярына Цімафееўна і Максім Лукіч Русакевічы сталі мужам і жонкай. Дарога іх жыцця зусім не была ўсыпана ружамі…

… і ў горы

Максім Русакевіч – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які прайшоў немалы шлях да Перамогі… Нарадзіўся ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці ў 1925 го­дзе ў звычайнай сялянскай ся­м’і, дзе было сямёра дзяцей. Скончыў 9 класаў і разам са сваім сябрам сабраўся паступаць у рамеснае вучылішча, але, на жаль, марам не дадзена было збыцца – не прайшлі. Таму вырашылі заканчваць 10 класаў. Але пачалася вайна…

Немцы расстрэльвалі камуніс­таў, а таксама іх сем’і. Старэйшы брат Максі­ма – Анісім – быў бухгалтарам на МТС і кандыдатам у члены партыі, таму ўся сям’я Русаке­вічаў падпала пад прыцэл фры­цаў. Выбару не бы­ло – пайшлі ў партызаны. “Мы хаваліся ў ле­се, пакуль выйшлі на іх, – зазначыў Максім Лукіч. – Фашысты станавіліся на ўзлессі і крычалі ў рупар, каб усе выходзілі і ніхто ім нічога не зро­біць. Але я гэтаму не паверыў, таму мы вярнуліся ў лес… Знай­шлі партызан. Так апынуўся ў 1942 годзе ў 720-м атрадзе пад камандаваннем былога сакрата­ра Чэ­рыкаўскага райкама партыі Ге­оргія Храмовіча… Тады ж не стала майго бацькі і брата Анісіма. Даў слова, што абавязкова адпомшчу за сваіх родных.

Падчас Курскай бітвы ў 43-м нашай задачай было падрываць эшалоны, каб немцы не маглі дастаўляць на перадавую боепрыпасы  і людзей. Я тады быў са смаленскімі і бранскімі партызанамі. У адным з баёў у нашы рукі трапіў нямецкі генерал – яго “світу” мы знялі падчас аперацыі. Пасля на допыце стала вядома, што ён вялікая “шышка” і ехаў у штаб. Пасля такога, мы ведалі, жыцця не дадуць. Так і адбылося – на нас пачалася аблава. Было вырашана забіць гэтага генерала, але ў мяне не паднялася рука, таму зрабіў гэта мой сябар. За гэту аперацыю мне па­вінны былі даць Героя, але я ні­чога не атрымаў, бо мяне аб’­явілі мёртвым. Нават маці ставіла ў царкве свечку за спачын… У адзін з дзён бітвы на Курскай дузе мяне параніла: снарад, які трапіў у дрэва побач са мной, разарваўся і адзін з асколкаў параніў мне нагу. Пасля наступлення мяне адправілі на лячэнне спачатку ў Бранск, а потым – у Маскву. Праляжаў там з паўгода, а затым – дамоў…”

Пасля рэабілітацыі Максім Лу­кіч уладкаваўся на працу бухгалтарам у Кіраўску. Потым быў адказным сакратаром у рэдакцыі газеты “Кіравец”. А далей, у 1950 годзе, яго накіравалі на Першамайскую МТС на захад краіны, каб рабіць там калгасы, адраджаць Савецкую ўладу. Ка­­лі прыехаў у Брэст, яго перанакіравалі на Вярховіцкую МТС. Там Максім Русакевіч быў рэдактарам газеты “Сталинское знамя”, рэдакцыя якой знахо­дзі­лася ў Пабедзе… Потым бы­лі пасады старшыні калгаса “Перамога”, сельскага Савета ў Вярховічах, аб’ездчыка. А ў 1979 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

… і ў радасці

З будучай жонкай герой нашай гісторыі пазнаёміўся яшчэ ў час вайны. Разам з Максімам Лукічом у атрадзе быў ваеннапалонны хлопец Міша, які некалі жыў у хаце Кацярыны Цімафееўны ў вёсцы, побач з якой неяк праходзіў атрад. Сябар пра­панаваў наведаць тых людзей, якія дзяліліся з ім хлебам. Мі­ша вельмі падружыўся тады з Настассяй, сястрой Кацярыны, вось яе і хацеў праведаць. Сам ісці пабаяўся, тады камандзір атрада адправіў разам з ім Русакевіча. Зараз Максім Лукіч упэўнены, што калі б ён тады не трапіў у гэты дом, то не бы­ло б ужо даўно любімай. Калі яны сядзелі ў хаце, у двор зай­шлі ўзброеныя людзі. Як потым стала вядома, яны яшчэ і дом акружылі. Гэта былі партызаны, якія хацелі знішчыць дом, дзе, па іх меркаванні, знаходзіліся немцы. Такім чынам, усе засталіся жывымі.

Яшчэ па дарозе да дома, дзе жыў некалі Мішка, сябар папя­рэдзіў Максіма, што хоча пазна­ёміць яго з сястрой Насці Кацяй. “Калі я ўбачыў Кацю, то яна мне адразу спадабалася, з першага погляду, – прызнаўся ветэран. – Але была вайна, таму трэба было ісці наперад, да перамогі, а не думаць пра нейкую там любоў…”

Пазней, калі працаваў у рэдакцыі, усе яму гаварылі, каб жаніўся, але Максім Лукіч даводзіў, што пакуль не пабудуе дом, ніякай жаніцьбы не будзе. Ды і не было на той час побач любімай, якая так запала ў ду­шу… Пасля таго, як дом на­рэшце быў узведзены, гаспадыня, у якой здымалі пакой, прапанавала ажаніцца з яе дачкой, ды яна выйшла замуж за іншага. Але Максім Лукіч не засму­ціўся, бо недзе была тая, дзеля якой ён зрабіў бы ўсё, вось толькі невядома, ці жывая яна (у той жа час Кацярыне сказалі, што Максіма забілі, таму і на­дзей на шчаслівае будучае ра­зам не было). Тады Максім вырашыў напісаць пісьмо. Даведаўся, што Каця выжыла, дастаў яе адрас і напісаў. Аднак пісьмы да любімай не даходзілі, бо ішлі праз сельскі Савет, а яго старшыня быў нераўнадушны да прыгожай дзяўчыны. Та­му і пуставала паштовая скрынка… Толькі сёмае пісьмо трапіла да Каці. Сталі перапісвацца. Так дамовіліся аб сустрэчы, на якой малады мужчына прасіў ру­ку і сэрца ў любімай. Але яна на той час не магла паехаць, бо дома заставаўся хворы бацька. Так працягвалася некалькі месяцаў, але ў самы апошні прыезд Максім Лукіч быў настроены вельмі сур’ёзна: ці едзь са мною, ці не. А Кацярына на той час працавала ў дзіцячым доме сястрой-гаспадыняй. Сяб­роўкі пачалі выгаворваць дзяў­чыне: як ты магла адпусціць такога хлопца? Падумала Каця, сабрала чамадан і паехала. Па­знаёмілася з усёй сям’ёй Мак­сіма, і гэта было падобна хутчэй на вяселле, чым на проста “агледзіны”. А потым 8 кастрычніка 1948 года маладыя пабраліся. Праз некаторы час з’явіўся першынец.

Затым сям’я пераехала на Камянеччыну, дзе з’явіліся яшчэ двое дзетак. Тут, у Караліне, збудавалі сваё гняздзечка, адпрацавалі ўсё жыццё і пайшлі на заслужаны адпачынак. Кацярына Цімафееўна з самага пачатку і да пенсіі працавала поварам у мясцовай сталоўцы, ні­воднага разочку не пашкадавала аб тым, што лёс прывёў яе менавіта сюды…

За 65-гадовае сумеснае жыц­цё ў сям’і Русакевічаў нарадзіліся трое дзяцей, 6 унукаў і 11 праўнукаў. На маё пытанне, ці ёсць нейкі сакрэт сямейнага шчасця, Кацярына Цімафееўна адказала, што ў іх жыцці ўсяго было – і добрага, і дрэннага, але ўсё ж такі добрага больш. “Галоўнае, ніколі не затойваць крыўду на сваю другую пала­вінку”, – зазначыла Кацярына Русакевіч. А Максім Лукіч на гэ­та пытанне адказаў вельмі шчыра і проста: “Я лічу, што дабрабыт любой сям’і трымаецца на плячах жонкі. Мая справілася з усімі нягодамі, якія сустракаліся на нашым шляху. Яна – выдатная жонка і маці…”

65 гадоў разам… Жалезнае вяселле. Як і брыльянт, жалеза вылучаецца сваёй трываласцю. Юбілей, 65 гадоў сумеснага жыц­ця, гаворыць сам за сябе – столькі гадоў пражыць разам без пэўнай загартоўкі вельмі складана. Таму да 65-й гадавіны вяселля саюз дваіх людзей становіцца літаральна жалезным… Дзеці павінны браць прыклад са сваіх бацькоў, якія пражылі ў доўгім шлюбе ў атмасферы кахання і ўзаемаразумення, пераадолеўшы ўсе нягоды і перашкоды. Калі вы перажылі 65 гадоў узлётаў і падзенняў, радасці і бядот разам, то вас можна назваць сапраўды шчаслівымі людзьмі.

Кацярына Цімафееўна і Максім Лукіч, доўгіх вам гадоў жыцця разам. Каб наступная наша сустрэча адбылася, калі ваша вялікая сям’я будзе адзна­чаць наступны юбілей сумеснага жыцця!

Наталля ГРЫЦУК.

Добавить комментарий