5 км дзеля прафілактыкі

чумаЗ прычыны сітуацыі з захворваннем свіней, якая склалася на тэрыторыі Беларусі, з мэтай недапушчэння распаўсюджвання  хвароб 12 ліпеня райвыканкам прыняў рашэнне: рэкамендаваць жыхарам 5-кіламетровай зоны ад свінагадоўчага комплексу ААТ “Белавежскі” (вёскі Міневічы, Ясінаўка, Манчакі, Кашчэнікі, Шастакова, Мінкавічы, Мураўчыцы, Баршчэва, Забалацце, Чарнёва, Вярхі, Доўбнева, Чапялі, Лясок, аграгарадкі Расна, Белавежскі) да 15 жніўня 2013 года правесці забой свіней ва ўласных гаспадарках грамадзян.

У перыяд да 25 ліпеня ў Белавежскім, Ратайчыцкім, Вярховіцкім сельвыканкамах адбыліся сходы грамадзян, якія праводзілі старшыні сельскіх Саветаў сумесна са спецыялістамі райветстанцыі. Згодна з рашэннем райвыканкама, з 15 ліпеня (да асобага распараджэння) закрыты міні-палігон “Белавежскі” і зменена схема саначысткі населеных пунктаў раёна, якія абслугоўвае транспарт Камянецкай ЖКГ.

Ужо ў чэрвені, пасля маніторынгу свінагадоўчых фермаў у гаспадарках раёна, яны былі закрыты ў “Агра-Турне”, “Агра-Зарэччы”, “Каленкавічах”, “Александрыі-Агра”, “Стаўскім”, “Хадасах” з-за немагчымасці выканання адпаведных ветэрынарна-санітарных правілаў. На сённяшні дзень свіны статак ліквідаваны на ўсіх дробнатаварных фермах гаспадарак.

І яшчэ. Адна з экстранных мер прафілактыкі небяспечных хвароб свіней, паводле рашэння райвыканкама ад 18 ліпеня, – арганізацыя палявання на дзікіх жывёлін непажаданых відаў ружэйным спосабам (воўк, лісіца звычайная, сабака янотападобны, баклан вялікі, чапля шэрая, варона шэрая, сарока) на тэрыторыях ААТ “Белавежскі” і прылеглых. Выкананне гэтых прафілактычных мер даручана раённай аргструктуры Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Акрамя таго, сумесна з прыродаахоўнай установай “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” з 1 ліпеня арганізаваны максімальны адстрэл дзікага кабана ў паляўнічых угоддзях, прадастаўленых у арэнду ці ў бязвыплатнае карыстанне – па разавых дазволах на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічых пуцёўках да іх за мінімальны кошт гэтых разавых дазволаў. На рахунку НП “Белавежская пушча” ўжо 145 адстрэленых дзікоў, раённага таварыства паляўнічых – 46. Першачарговы адстрэл дзікоў праводзіцца ў паляўнічых угоддзях, што прылягаюць да тэрыторыі ААТ “Белавежскі”.

На тэрыторыі раёна ў цяперашні час няма выпадкаў захворвання свойскіх і свіней у дзікай прыродзе (пацверджана даследаваннямі Белветцэнтра), і раённы выканаўчы камітэт надзвычай удзячны жыхарам раёна за выкананне прынятых рашэнняў дзеля прафілактыкі і спадзяецца на далейшае ўзаемапаразуменне. Просім быць пільнымі: у выпадку хваробы ці падзяжу свіней у прыватным сектары, дзікіх – у лясным масіве ці ў полі, неабходна паведаміць аб тым у райветстанцыю (тэл. 2-37-37).

У раёне створаны штаб па прыняцці экстранных мер прафілактыкі захворванняў свіней.

Аляксандр ВАСІЛЮК,

галоўны ветурач раёна.

Добавить комментарий