Магчыма, нехта з камянчан, гуляючы па вуліцах райцэнтра ў дажджлівы дзень, заўважаў дзяўчыну, якая хаваецца ад халодных кропель пад яркім жоўтым парасонам, што прываблівае позіркі лагатыпам АНТ? Калі так, то ведайце: вы сустрэліся з Людмілай Алексяюк, якая летам 2020-га перамагла ў фотаконкурсе гэтага тэлеканала.
Як гэта было? Люда часта глядзела па АНТ перадачу “Метэагід”, захаплялася здымкамі тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе “Стоп-кадр”, і аднойчы вырашыла далучыцца да іх ліку. Дзяўчына сабрала лепшыя свае фатаграфіі (іх атрымалася каля 100 з нечым) і адправіла на названы па тэлевізары адрас. А падчас наступнай перадачы пачула з вуснаў вядучай Ірыны Рамбальскай імя чарговага пераможцы і не паверыла вушам: “Людміла Алексяюк з Каменца!” Фатаграфія, адзначаная падарункам, з’явілася на экране тэлевізара, а сёння на гэтай старонцы “НК” яна займае галоўнае месца. Прыгожа, ці не так? Вельмі!
Праз некаторы час у паштовай скрынцы Люды з’явілася паведамленне аб пасылцы, а ў ёй аказаўся (як вы, напэўна, ужо здагалаліся) “сонечны” парасон.
Увогуле, з Людмілай Алексяюк даўно і добра знаёмыя завочна ўсе падпісчыкі групы “НК” ВКонтакте, на сцяне якой перыядычна з’яўляюцца яе цікавыя кадры, зробленыя на камеру тэлефона. Самы яскравы з іх мы прапаноўваем вашай увазе…
* * *
– Якая сіла цягне цябе выпраўляцца на “фотапаляванне”? – цікаўлюся ў Люды.
– Не магу проста сядзець дома. Хочацца прагуляцца, тым больш, што Каменец – вельмі прыгожы горад. Варта толькі зірнуць уважлівей.
Напрыклад, аднойчы зрабіла цікавы кадр у двары свайго ж дома, паказала яго маме, а яна: “Ты дзе гэта сфатаграфавала?” Я растлумачыла. І ведаеце, што мама сказала? “Не веру!”
Лічу, што ў любым, самым звычайным, звыклым месцы можна знайсці нешта прыгожае.
Фатаграфую я паўсюдна, дзе бываю: у лесе (у перапынках падчас збору грыбоў), у манастыры, куды аднойчы ездзіла… Часта ў мой аб’ектыў трапляюць прыгожыя расліны, жывыя істоты (вавёркі, матылькі, птушачкі…)
Прыгажосць – побач з намі!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Людмілы АЛЕКСЯЮК.
Это может быть интересно:
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Стало известно, что изменится в Беларуси с октября
-
Гость нового выпуска программы “Марков. Ничего личного” — РОМАН ПРОТАСЕВИЧ
-
Чем будут вакцинировать белорусов против гриппа и COVID-19 этой осенью
-
Делегация Беларуси во главе с Рыженковым посетит Нью-Йорк для участия в мероприятиях Генассамблеи ООН