Таццяна Ятчук. Гэтыя імя і прозвішча чытачам “НК” пададуцца знаёмымі – і не без падстаў! Таленавітая дзяўчына неаднаразова станавілася гераіняй матэрыялаў раёнкі, яшчэ калі была вучаніцай Дзмітровіцкай СШ. Сёння яна – 4-курсніца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, будучы фізік-праграміст з душой паэта. Як гэта сумяшчаецца ў адным чалавеку? Мяркуйце самі, а я тым часам распытаю Таццяну пра самае галоўнае…
– Падзяліся: што для цябе азначаюць родныя Дзмітровічы?
– Хоць дома бываю не так часта, як хацелася б, але ўсё роўна яны займаюць асаблівае месца ў маім жыцці. Вельмі добра, што ёсць родны куток, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні і шматлікіх спраў, пабыць аднаму, памарыць. У Дзмітровічах нават дыхаецца лягчэй! Там прайшло маё дзяцінства, там шмат сяброў і знаёмых, а самае галоўнае – там заўсёды любяць і чакаюць.
Пра сям’ю
– Раскажы, калі ласка, пра сваіх родных…
– Як бы банальна гэта ні гучала, але ў мяне самыя лепшыя бацькі! Яны заўсёды падтрымаюць у цяжкую хвіліну, дапамогуць словам і справай, радуюцца маім поспехам і дасягненням, падзяляюць горыч няўдач. Гэта так патрэбна – ведаць, што ты не адзін. Я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны навучылі мяне любіць, клапаціцца пра блізкіх, дараваць крыўды, паважаць старэйшых.
Мая мама, Надзея Мікалаеўна, – медыцынскі работнік. Калі была маленькай, заўсёды глядзела на яе і марыла стаць доктарам, каб дапамагаць людзям. З дзіцячых гадоў мела ўяўленне, якія таблеткі для чаго патрэбныя. Помню таксама, як мама вучыла мяне калоць уколы, – было страшна!
Мой тата, Аляксандр Іванавіч, – інжынер. Вельмі добры і пазітыўны, любіць жартаваць. Калі была малой, любіла слухаць яго аповеды пра розныя “мужчынскія” інструменты: што для чаго патрэбнае…
Люблю бавіць час з бацькамі. Паездкі з татам на рыбалку і размовы з мамай заўсёды вельмі атмасферныя і душэўныя.
– А твае сястра і брат? Якія яны?
– Брат Андрэй малодшы за мяне на 4 гады. Мы заўсёды былі дружнымі і амаль не сварыліся. Хаця прыгадваю, як мяне пакідалі за няньку пры ім, і міжволі думалася, што мне дастаўся самы непаслухмяны, самы гарэзлівы малодшы брат на свеце! Але час прайшоў, мы пасталелі, ніхто нікога не крыўдзіць, а толькі дапамагае і падтрымлівае. Андрэй вельмі крута грае на гітары, ды і па характары ён добры.
А Ганначка нарадзілася, калі мне было 11, і бацькі смела маглі давяраць мне малую. Я вельмі хацела сястрычку, каб заплятаць ёй коскі, перадаваць лялек “у спадчыну”… Цяпер сястра ўжо школьніца і просіць не пагуляць з ёй, а дапамагчы з хатнім заданнем. І калі толькі яна паспела так вырасці?!
– Якая ты старэйшая сястра: строгая ці цярплівая?
– Шчыра сказаць, нават не ведаю. Гэта лепш у брата з сястрой спытаць. Хачу, каб, у першую чаргу, яны выраслі добрымі людзьмі з правільнымі жыццёвымі каштоўнасцямі і прынцыпамі. Таму ў нейкіх момантах магу быць строгай, але толькі з выхаваўчай мэтай. А так заўсёды прывожу ім нешта смачненькае з Брэста, выслухаю, дапамагу і нават, калі трэба, прыкрыю перад бацькамі.
Пра школьныя гады
– Чым запомніліся табе гады вучобы ў Дзмітровіцкай школе? Дзе, на тваю думку, вучыцца лепш: у гарадской ці ў сельскай?
– У сельскай. Яна як маленькая сям’я. Там усе адно аднаго ведаюць і дапамагаюць. Вельмі камфортныя ўмовы для вучобы і самарэалізацыі. За ўсе 11 гадоў я ніводнага разу не адчувала сябе ў школе чужой.
– Колькі вучняў было ў тваім класе? Ці сябруеце вы сёння?
– Калі ішлі ў першы клас, нас было 8, калі выпускаліся – 15. Сёння ўжо ў кожнага свае клопаты – армія, сям’я, дзеці, вучоба, але мы ўсё роўна падтрымліваем зносіны.
– Ці была ў цябе лепшая сяброўка? Ці застаецца яна такой цяпер?
– Вядома! Як жа без яе? З Веранікай мы сябруем з дзіцячага сада. Цяпер у кожнай свае інтарэсы і не так шмат часу для сустрэч, але нашы размовы застаюцца па-ранейшаму шчырымі. У школьныя гады доўга сядзелі за адной партай і, так бы мовіць, “дапаўнялі” адна адну: сяброўка была моцная ў адных прадметах, я – у іншых. Аб’яднаўшы намаганні, мы атрымлівалі добры вынік. Вось нас і рассадзілі наўмысна ў старэйшых класах, каб кожная вучылася самастойна. І самае цікавае тое, што ў школе я добра ўяўляла, разважала, пісала, а Вераніка лічыла. А ў выніку яна пайшла ў гуманітарныя навукі, а я – у дакладныя.
– Ты – будучы фізік-праграміст?
– Не магла нават уявіць, што буду атрымліваць такую прафесію! Заўсёды хацела ў медыцыну – марыла быць хірургам. Але ўсе родныя былі супраць і адгаварылі мяне.
– Ці дапамог табе твой залаты медаль падчас паступлення у БрДУ?
– Ён стаў для мяне прыемным бонусам за ўсе гады старанняў у школе. Калі б хацела быць настаўнікам, медаль дапамог бы паступіць без ЦТ.
– А шматлікія дасягненні школьных гадоў?
– Усе яны карысныя. Удзельнічала ў школьных, раённых, абласных і міжнародных конкурсах. Але самая значная для мяне перамога – у конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі” (пра яе раёнка расказвала ў 2017-м. – Н.Н.). Прымала ўдзел у ім некалькі гадоў запар, займала прызавыя месцы ў вобласці і… такая перамога! Рэспубліканская! Доўга не верыла, што гэта адбылося са мной, звычайнай дзяўчынкай з сельскай школы.
Школа дала мне многа. Падчас вучобы я і спявала, і танцавала, і малявала, і пісала вершы. Ездзіла на спаборніцтвы па стральбе, шашках і валейболе. Была капітанам зборнай каманды школы ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і сакратаром школьнай пярвічкі БРСМ. На месцы я дакладна не сядзела! Скончыла на выдатна музычную школу па класе баяна.
А як ва ўніверсітэце?
– Што ўяўляе сабой камп’ютарная фізіка? Якія прадметы ёсць у тваім раскладзе?
– З першага па трэці курс у нас быў моцны ўпор на асноўныя раздзелы фізікі і вышэйшую матэматыку. На чацвёртым і пятым будзе суцэльнае праграмаванне. Ужо вывучана нямала дысцыплін: фізіка атама і атамных з’яў, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, электрычнасць і магнетызм, аналітычная геаметрыя і лінейная алгебра, розныя мовы праграмавання (Pithon, Fortran) і многае іншае. Гучыць страшна, пагадзіцеся! J Напачатку кожнага сяместра мяне саму палохалі пералічаныя вышэй словы, але, разабраўшыся, скажу: гэта не так і складана. Мая спецыяльнасць новая, сучасная, ёсць перспектыва пайсці пасля ўніверсітэта ў навуку альбо ў IT-сферу.
– Ці шмат дзяўчат на тваім фізіка-матэматычным факультэце?
– У маёй групе ўсяго 5 – з 19 чалавек. Наш факультэт самы дружны, усе адно аднаму дапамагаюць, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці універсітэта. З трэцяга курса з’яўляюся намеснікам старшыні прафкама студэнтаў факультэта. Мне вельмі падабаецца месца, у якім я знаходжуся, і людзі, якія мяне атачаюць.
– Ты жывеш у інтэрнаце?
– Так! Гэта цудоўны вопыт як зносін з людзьмі, так і арганізацыі паўсядзённага побыту. Штодзень тут адбываецца нешта цікавае.
– Чым займаешся ў вольны ад вучобы час?
– Спортам, слухаю музыку, гуляю. Ужо некалькі гадоў захапляюся фота- і відэаздымкай. Мая любімая справа! (Таццяна наведвала заняткі фотаклуба, што дзейнічаў пры рэдакцыі раёнкі. – Н. Н.)
Акрамя таго, мне вельмі імпануюць падарожжы! Люблю працяглыя паездкі на машыне, калі сядзіш ля акна, слухаеш музыку і сузіраеш маляўнічыя краявіды. Была ў свой час у Польшчы, Украіне, Расіі. Мару пра… Верону! Яшчэ ў школе, прачытаўшы п’есу “Рамэа і Джульета”, загарэлася жаданнем пабываць у гэтым горадзе, убачыць той самы дом з балконам.
Люблю чытаць папяровыя кнігі, мару сабраць сваю маленькую бібліятэку. Мне цікавыя дэтэктывы і фантастыка. Вельмі падабаюцца кнігі Дэна Браўна, асабліва – “Анёлы і дэманы”. Апошнім часам стала больш захапляцца кнігамі па псіхалогіі, матывацыі і самаразвіцці. Зараз чытаю “Думай і багацей” Напалеона Хіла.
Калі гаварыць пра гаджаты, то мушу прызнацца, што баўлю шмат часу ў тэлефоне і сацыяльных сетках. Я заўсёды на сувязі. Мой тэлефон захоўвае вельмі шмат важнай інфармацыі, што аблягчае жыццё. Але калі б давялося адмовіцца ад яго на тыдзень, думаю, справілася б. Знайшла б у гэтым плюсы.
Пра мары
– Твая самая запаветная мара?
– Шчасце – вось мара ўсіх людзей, у тым ліку і мая. А каб адчуваць шчасце, чалавеку патрэбна любіць і быць любімым, каб родныя і блізкія былі здаровыя і каб над галавой было мірнае неба.
– І пытанне, якога ну ніяк не магу не задаць. Пра твае колішнія проста шыкоўныя валасы! Якой максімальнай даўжыні яны былі? Ці лёгка было абразаць?
– О, каса сапраўды была! Даўжынёй прыкладна 100 сантыметраў ад каранёў да кончыкаў. Абразаць было нялёгка, але мне надакучыў абмежаваны шэраг прычосак, якія магла сабе дазволіць, хацела чагосьці новага. Адразала паступова – па некалькі дзясяткаў сантыметраў. Цяпер мае валасы – да лапатак. Як раней хадзіла з доўгай касой, ужо і не ўяўляю…
Распытвала Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
Что изменится с 1 ноября для физических лиц при работе в такси
-
В Каменце 10 ребят получили молодежные билеты БРСМ
-
Как не допустить вовлечения ребенка в половую жизнь, разбиралась журналист «НК»
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону
-
Напоминаем о мерах предотвращения вируса АЧС у животных