Шукаючы героя для матэрыяла пра чарнобыльскую трагедыю, тэлефаную камянчанцы Але Тарбенка. “Сёлета трыццаць шостая гадавіна тых падзей…” – тлумачу свой інтарэс, а яна, згаджаючыся, дадае: “Ведаю. Як не ведаць? Майму сыну таксама 36”. Усяго некалькі слоў, а сэнс іх прымушае ўнутрана сцяцца. Яны азначаюць, што з Нароўлі Ала Канстанцінаўна выязджала ў 1986-м… з 2-месячным дзіцем на руках…
Гутарым пра падзеі мінулага ў памяшканні шклопрыёмнага пункта на камянецкім рынку, дзе Ала Тарбенка працуе на пенсіі прыёмшчыцай тавараў. Яна нарадзілася і вырасла ў Калінкавіцкім раёне, скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут і ў 1982-м па размеркаванні прыехала ў Нароўлю, дзе ўзначаліла кантрольна-рэвізійны аддзел мясцовага райспажыўтаварыства. Выйшла тут замуж, у 1983-м нарадзілася дачка Алеся, а ў лютым 1986-га – сын Жэня. Сям’я атрымала кватэру ад прадпрыемства (муж Міхаіл працаваў там жа таваразнаўцам). Нішто не прадказвала бяды… Між тым, 26-ы дзень красавіка няўхільна набліжаўся – і Ала Канстанцінаўна помніць яго вельмі добра.
“Ён паабяцаў хутка вярнуцца”
Да мужа тады прыехаў сябар, супрацоўнік Чарнобыльскай АЭС, якога раптоўна выклікалі на работу з адпачынку, сказалі – аварыя. У Міхаіла быў “Запарожац”, і ён згадзіўся падвесці таварыша ў пасёлак Янаў (усяго 40 км ад Нароўлі) – сёння ён уваходзіць у склад зоны адчужэння ЧАЭС.
– Я адразу зразумела: нешта не тое, – успамінае Ала Канстанцінаўна. – Прасіла мужа не ехаць, але ён паабяцаў вярнуцца хутка. Сказала яму: будзь асцярожны, і адпусціла… Міша прыехаў толькі позна ноччу, сам на сябе не падобны, усё адзенне зняў на лесвічнай пляцоўцы і адразу – мыцца. Пазней расказаў, што іх з сябрам у 10 кіламетрах ад Янава спынілі ваенныя – дарога далей была закрыта. Таварыш развітаўся і пайшоў, работа ёсць работа. А Мішу павярнулі назад. У гэты самы час па дарозе несканчонай плынню ішлі людзі, відаць было, што збіраліся яны ў спешцы. Ля дарогі стаялі палявыя кухні. Муж гаварыў: уражанне складвалася такое, быццам пачалася вайна. У сваю маленькую машыну ён пасадзіў столькі людзей, колькі змясцілася, – недзе з 10. Не змог адмовіць. Прывёз іх у горад. А на наступны дзень быў Вялікдзень… Планавалі, як заведзена, ехаць да маіх бацькоў у Калінкавіцкі раён. Як быць цяпер? Параіліся і ўсё ж паехалі. А калі вярнуліся, у Нароўлю нас ужо не пусцілі… Помню, выйшла з машыны з маленькім Жэнем на руках, стаю перад чалавекам у форме, плачу, прашу: пусціце. Не пусцілі…
* * *
Пятага мая сям’я вярнулася ў Калінкавічы, а адтуль самалётам – у Маскву, дзе жыла сястра Алы Канстанцінаўны. Прабыла там з дзецьмі 1,5 месяца, а потым муж забраў усіх назад у Беларусь. Пасяліліся ў санаторыі “Волма” пад Мінскам і толькі восенню вярнуліся ў Нароўлю (тады яе яшчэ не высялялі). Мінула 5 гадоў. І зноў давялося збірацца ў дарогу…
– Алеся і Жэня часта хварэлі, – тлумачыць Ала Канстанцінаўна, – нават стаялі на ўліку.
Першай атрымалі прапанову перабрацца ў Брэст, дзе давалі двухпакаёвую кватэру, але сям’я выбрала Каменец, у якім жыллё павінна было быць большым. 23 сакавіка 1991 года адбыўся пераезд.
– Многае давялося перажыць, але тое перасяленне было надзвычай балючым. Гэта не забудзецца. Гэта на ўсё жыццё. Мы ехалі ў невядомасць. Помню, плакала ў дарозе. Але выбару не было. Мы баяліся за дзяцей.
Знайшла работу
На новым месцы пачалі шукаць работу – з гэтым было складана. Ала Канстанцінаўна ўспамінае, як прыйшла ў мясцовае райспажыўтаварыства, згодная на літаральна любое месца. Прапанавалі падмяніць на час адпачынку прадаўшчыцу магазіна сельгастэхнікі, і яна, ніколі не стаяўшы за прылаўкам, згадзілася. Прычым, за тыя 3 месяцы праявіла сябе добра і засталася ў арганізацыі. Працавала загадчыкам вытворчасці ў грамадскім харчаванні, рэвізорам рэвізійнай камісіі, начальнікам кантрольна-рэвізійнага аддзела, а потым – галоўным бухгалтарам. У цэлым атрымалася 44 гады ў спажывецкай кааперацыі.
– Было складана, бо прывыкла падыходзіць да работы адказна. Шчыра дзякую ўсім тым, што падтрымліваў мяне на новым месцы, дзе першы час адчувала сябе такой чужой: кіраўніку раённага спажывецкага таварыства Мікалаю Аляксеевічу Мартысюку (на жаль, яго няма ўжо з намі), Лідзіі Сцяпанаўне Балюк, Васілію Мікалаевічу Міхалюку, Юліі Мікалаеўне Ляўчук і Антаніне Аляксандраўне Абрамчук. Вельмі ім удзячна! І гэта не проста словы. Гэта ад чыстага сэрца! Дзякую за тое, што працую і цяпер, на пенсіі.
“Там ужо іншыя людзі жывуць”
Сёння ў Алы Канстанцінаўны і яе мужа ўжо два ўнукі і ўнучка. Дачка жыве ў Брэсце, сын – у Мінску. Два гады таму з дома №85 па Брэсцкай, дзе тры кватэры былі выдзелены першым перасяленцам з чарнобыльскай зоны, Тарбенкі перабраліся ў свой дом, бліжэй да прыроды. І ўсё адно, колькі б гадоў ні мінула, кліча і прыцягвае маю суразмоўцу малая Радзіма.
– Кожны год купляю білеты і, як на крылах, лячу ў родны Калінкавіцкі раён! Дамоў! – са слязамі на вачах і ў голасе расказвае Ала Канстанцінаўна. – Нехта мудры недарэмна сказаў, што няма нічога даражэйшага за Радзіму. Дзеці пытаюцца ў мяне: “Мам, ну чаго ты туды рвешся?” А гэта не растлумачыць. Магчыма, я занадта сентыментальная, але інакш не магу. Пахаджу па сваёй зямлі – і на цэлы год зараджаюся. Усім навакольным жадаю міру, здароўя і ніколі не зведаць, што такое разлука з родным кутком, дзе нарадзіўся!
Пытаюся пра Нароўлю…
– Аднойчы ехалі з мужам на машыне на мора, праязджалі міма. Я ўгаварыла заехаць. Падышлі, помню, да дома, дзе наша кватэра. А там ужо іншыя людзі жывуць. Не зойдзеш туды больш. Пастаяла, паплакала. Паехалі далей.
Выбіраецца на сваю малую Радзіму, у Узду, дзе пахаваны бацькі, і муж Алы Канстанцінаўны. Яна прыгадвае, як у Каменцы даглядалі хворага свёкра, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны – Івана Фёдаравіча.
– Ён быў паранены пад Ржэвам. І заўсёды гаварыў: Радзіма ёсць Радзіма. Так і я сваім дзецям паўтараю.
Цесна сябруе мая суразмоўца з сёстрамі. Яны нават спяваюць разам, на тры галасы, калі сустракаюцца. З гонарам і радасцю Ала Канстанцінаўна расказвае пра Таню, якая летась перамагла ў абласным вакальным конкурсе, пра Машу, што сёлета едзе на рэспубліканскі. Мы разам глядзім у невялічкім пакойчыку шклопрыёмнага пункта запісы выступленняў абедзьвюх, і немагчыма паверыць, што няма ў іх ніякай музычнай адукацыі. Проста талент. Мая суразмоўца падпявае сёстрам на экране мабільнага. І гэта вельмі прыгожа.
А фатаграфію па просьбе Алы Тарбенка мы робім на фоне царквы…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
На территории области проходит специальная программа «Детство без насилия»
-
Акция МЧС «За безопасность вместе» стартовала на Каменетчине
-
Банан, баньян и…кукуруза: что между ними общего?
-
В сельской местности можно снять деньги с карты. Но есть одно «но»
-
Не оставайся равнодушным – помоги одиноким людям Каменетчины