Ёсць добрая традыцыя, якую былыя навучэнцы Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа працягваюць: праз пэўны час зноў збіраюцца ў родных сценах і, перабіваючы адзін аднаго, успамінаюць шчаслівыя гады вучобы, якія, як пяецца ў адной вядомай песні, “ніколі не вяртаюцца…”
2012 год не стаў выключэннем. Сёлета ў маі сабраліся выпускнікі дзвюх груп. У суботу, 26 мая, сустрэліся былыя навучэнцы, якія закончылі ўстанову 30 гадоў назад. Яны вучыліся на трактарыстаў ў СПТВ-27 у групе №20. На сустрэчу прыехалі з розных куткоў Беларусі: Мінска, Брэста, Баранавіч, вёскі Карпешы Бярозаўскага раёна, вёсак Лінава і Роўбіцк Пружанскага, Ружан і іншых мясцін – усяго 18 чалавек. Каб пабачыцца з імі, сваімі былымі выхаванцамі, прыйшлі класны кіраўнік Віктар Сідаравіч Кондылеў і майстар вытворчага навучання Міхаіл Мікалаевіч Мамацюк, якія сёння на заслужаным адпачынку.
Спачатку выпускнікі сустрэліся ў канферэнц-зале каледжа. Іх сардэчна вітаў дырэктар Юрый Іванавіч Сахарчук. Падчас шчырай гутаркі былыя навучэнцы дзяліліся сваімі дасягненнямі. Так, Сяргей Казловіч сёння падпалкоўнік медыцынскай службы ў адстаўцы (урач-акуліст); Сяргей Станкевіч – інжынер-механік прыватнага прадпрыемства; Аляксандр Грыговіч (былы стараста) і Валерый Мілер – прадпрымальнікі; Міхаіл Параняк – трактарыст у лясніцтве, кіраўнік хору, які арганізаваў разам са сваёй жонкай; Сяргей Палхоўскі, Дзмітрый Каташэвіч, Уладзімір Крупскі і іншыя звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Дырэктар каледжа Юрый Іванавіч Сахарчук не мог не задаць былым выпускнікам такое пытанне: “Ці шкадуеце, што звязалі свой лёс з нашай навучальнай установай?” І як прыемна было пачуць у адказ: “Ні ў якім разе!” І нават больш: каледж для ўсіх стаў стартавай прыступкай, своеасаблівым трамплінам у жыцці. А хто хацеў працягваць вучобу далей, той дасягнуў сваёй мэты!
Шчырыя словы падзякі і найлепшыя пажаданні былі выказаны дырэктару каледжа, класнаму кіраўніку і майстру вытворчага навучання. Выпускнікі азнаёміліся з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа і былі прыемна ўражаны ўбачаным: 28 кабінетаў, 5 з іх абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, 7 майстэрняў. Створаны ўсе ўмовы для якаснага авалодвання прафесіямі. Ёсць 34 трактары, 35 аўтамабіляў розных марак, 5 зернеўборачных камбайнаў. Сапраўднае сельскагаспадарчае прадпрыемства, за якое можна парадавацца. І быў здымак на памяць.
* * *
Праз 15 год пасля заканчэння навучальнай установы ў Высокім сабраліся маладыя жанчыны. У свой час яны вучыліся ў групе №16 на гаспадынь сядзібы. Кранальнай і хвалюючай атрымалася сустрэча былых аднагрупніц. І была гутарка з дырэктарам Юрыем Іванавічам, майстрамі вытворчага навучання Святланай Вячаславаўнай Несялоўскай і Ірынай Мікалаеўнай Бірук, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Ірынай Пятроўнай Ткач, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзмітрыем Алімавічам Зайцавым, метадыстам Янінай Браніславаўнай Буднік.
Успамінае Ніна Лойка, былая навучэнка, актывістка, прыгажуня: “Вучоба застаецца ў памяці на доўгія гады. І ў нейкія хвіліны нашага хуткаплыннага жыцця мы, са шчаслівым сумам у душы, вяртаемся да цудоўных часоў юнацтва. У памяці ажываюць эпізоды: павучанні выкладчыкаў і майстроў, час заняткаў, розныя конкурсы, першае каханне… І шкада, што ўсяго гэтага ўжо не вярнуць”. Зараз Ніна жыве ў Драгічыне, працуе на заводзе.
Калі ўглядаешся ў твары выпускнікоў, адчуваеш, як шмат радасці, успамінаў падарыла ім гэтая сустрэча. Вось Іра Карповіч прыехала таксама з Драгічына, на яе руцэ – сярэбраны пярсцёнак, які заўжды з ёю, як абярэг, таму што падарыла яго самы дарагі і блізкі чалавек у час вучобы (Ірына – сірата) Святлана Вячаславаўна Несялоўская, майстар вытворчага навучання. Успаміналі дзяўчаты і хрышчэнне Ірыны ў Высокаўскай Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве. Дарэчы, хроснай была Ніна Лойка. Амаль усе стварылі сем’і, выхоўваюць дзяцей, працуюць. Наталля Рамашка скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, зараз працуе на Брэсцкай мытні; Алена Герасімук – у Расненскай сярэдняй школе намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы; Наталля Мышленнік – пекарам у Каменцы.
Былыя навучэнкі выказалі словы падзякі ўсім выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання, дырэкцыі каледжа. І кожная з дзяўчат сказала, што менавіта з нашай навучальнай установы пачалося іх самастойнае жыццё і што ніколі яны не пашкадавалі аб гэтым.
Сустрэчы з выпускнікамі завершаны, у гісторыі каледжа перагорнута яшчэ адна старонка. Наперадзе новыя сустрэчы, новыя выпускнікі і новыя святы. Альма-матар чакае…
Лілія АЎРАМЧУК,
выкладчыца беларускай мовы
і літаратуры каледжа
Фота Аляксандра КАРПІШУКА
і Жанны РЫСЬ
Это может быть интересно:
-
Як прайшла сустрэча з пісьменнікам і ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца