22 лістапада ў Белавежскім прайшоў адкрыты міжраённы дыялог “Моладзь і выбары: формула адказнасці”

22 лістапада ў Белавежскім прайшоў адкрыты міжраённы дыялог “Моладзь і выбары: формула адказнасці”. Яго тэмай стала правядзенне 25 лютага 2024 года адзінага дня галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Для дыялогу з моладдзю, якая працуе ў ААТ “Белавежскі” і гасцямі, што прыехалі з Маларыцкага раёна, былі запрошаны вопытныя эксперты. Сярод іх: старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Букач, першы сакратар Камянецкага райкама ГА “БРСМ” Лізавета Басалай, старшыня Маладзёжнага парламента пры Камянецкім раённым Савеце дэпутатаў Іван Агіевіч (дарэчы ёсць сярод супрацоўнікаў аграгіганта і іншыя юнакі і дзяўчаты, якія ўваходзяць у гэты парламент), начальнік вытворча-выпрабавальнай лабараторыі, старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат» Кацярына Паздзяйкіна і першы сакратар Маларыцкага райкама ГА «БРСМ» Марыя Горнік.

Накіроўваючы дыялог у патрэбным накірунку, яго вядучая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксана Высагроцкая, дала юнакам і дзяўчатам карысную параду, якая дапаможа не згубіцца падчас выбараў сярод вялікай колькасці кандыдатаў:

– Ніколі не галасуйце за чалавека, які не рэалізаваў сябе ў прафесійным плане, не пабудаваў уласную сям’ю, кар’еру. Нельга вучыць жыць іншых, калі сам не ўмееш гэтага рабіць. Дэпутат можа быць бізнесмэнам, навукоўцам, доктарам – словам, кім заўгодна. Але ён павінен нечага дасягнуць у сваёй сферы, мець канкрэтныя планы па яе паляпшэнні. Акрамя таго, не мае ніякай практычнай карысці бессэнсоўная крытыка. Крытыкуеш – прапануй. Няварта аддаваць свой голас за тых кандыдатаў, якія жывуць і прасоўваюць ідэі за кошт фінансавання звонку. Такія людзі выказваюць чужую волю. І вы, нашая моладзь, павінна гэта разумець.

Першай з экспертаў слова трымала Ірына Нігерыш, якая расказала ўдзельнікам дыялогу аб асаблівасцях арганізацыі і правядзення выбараў у Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў і мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама пра выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (4 красавіка 2024 года), акрэсліла асноўныя моманты паўсядзённай работы раённага Савета дэпутатаў, які ўзначальвае, асобна спынілася на дзейнасці Маладзёжнага парламента…

Таццяна Букач, у сваю чаргу, засяродзіла ўвагу слухачоў на арганізацыйных мерапрыемствах па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Савета дэпутатаў, пералічыла тое, што ўжо зроблена, і акрэсліла будучыя этапы перадвыбарнай кампаніі.

А Кацярына Паздзяйкіна расказала пра прафсаюзную арганізацыю, якую ўзначальвае (самую вялікую на Маларытчыне, дарэчы, а ў нашым раёне у плане колькасці лідзіруе пярвічка “Белавежскага”). Асобна госця спынілася на калектыўным дагаворы, што дзейнічае на камбінаце і ўключае ў сябе нямала льгот для маладых супрацоўнікаў.

Завяршылася сустрэча інтэлектуальнай гульнёй «PROВыбары», праведзенай Лізаветай Басалай. Падчас яе моладзь змагла праверыць свае веды (у тым ліку і атрыманыя падчас дыялогу) пра будучую электаральную кампанію. Пераможцы атрымалі прызы.

Для гасцей з Маларыты ў гэты дзень была праведзена невялікая экскурсія па ўтульным пасёлку Белавежскі.

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam