Збудаваў дом, пасадзіў сад, а ці не забыў узаконіць усё гэта? – тое пытанне землеўпарадкавальнікі амаль штодня задаюць не ад залішняй цікаўнасці.
Землеўпарадкавальная служба нашага раёна – сямёра спецыялістаў (трое з іх працуюць у Высокім) на чале з Мікалаем Юшкевічам, яго намеснік – Марыя Якімовіч.
Кожны з населеных пунктаў пад апекай канкрэтнага супрацоўніка. Больш за тое, кожную нядзелю, па пятніцах, у Дзмітровіцкім сельскім Савеце прымае грамадзян Валянціна Кавалёва з Высокага (Дзмітровічы з 2013 года ў высокаўскай зоне абслугоўвання).
– На працягу дня людзі прыходзяць, каб атрымаць кансультацыю, здаць пакет дакументаў, удакладніць дэталі задуманага…
Калі толькі пачалі практыкаваць штотыднёвы выезд у Дзмітровічы, прыходзіла многа вяскоўцаў. З часам чаргі ля дзвярэй не стала, – гаворыць Валянціна Уладзіміраўна, – але некалькі чалавек у вызначаны дзень абавязкова не прамінуць скарыстаць такую зручнасць, як выязны прыём. На тэрыторыі сельсавета ж амаль дзве тысячы жыхароў.
Аб’яўлялі і аўкцыёны па продажы сфарміраваных зямельных участкаў у Макавішчы пасля зносу старых хат. Усе былі раскуплены. Цяпер рыхтуем да таргоў яшчэ тры ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. Увогуле вёску ўжо не пазнаць.
Воўчынскі і Вярховіцкі сельсаветы таксама “мае”. Іх жыхарам да Высокага бліжэй. А каб на свае зямельныя пытанні трацілі як найменш часу, просім кліентаў прыязджаць па гатовыя дакументы сюды па пятніцах, бо ў гэты дзень у будынку гарсавета працуе і “выязны” прадстаўнік раённага бюро Брэсцкага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, ды і натарыус побач. Атрымаўшы ў нас сваю зямельную справу, чалавек нясе яе на рэгістрацыю ў суседні кабінет. Зручна.
Зямельны Кодэкс са змяненнямі і дапаўненнямі 2008 года ўвабраў у сябе нямала пытанняў, якія часам мелі двайны сэнс – цяпер стала больш проста кіравацца імі, тлумачыць іх грамадзянам.
Галіна Беланогая працуе ў Высокім амаль 20 гадоў. Пад яе апекай Раснянскі, Белавежскі, Агародніцкі сельсаветы.
– Калі ў адносінах нерухомасці не ўзнікае пытанняў,калі яна зарэгістраваная, для ўзаконьвання зямельнага ўчастка часцей за ўсё дастаткова напісаць толькі заяву. Больш грамадзян да нас звяртаецца вясной і летам, у тым ліку і з мэтай афармлення ўчасткаў для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. Юрыдычныя асобы актыўна супрацоўнічаюць з намі і зімой, звычайна з нагоды ўнутрыгаспадарчага будаўніцтва, а таксама – новага, у населеных пунктах. Землеўпарадкавальная служба бярэ ўдзел у падборы месца размяшчэння будучай новабудоўлі, аналізуе “прывязку” яе да існуючай інфраструктуры. Цесна супрацоўнічаем з сельскімі Саветамі, у тым ліку пры перадачы земляў у севазварот. Пасля зносу старых хат у Чарнёве амаль паўтара гектара зямлі перададзена для “Белавежскага”. А вось у Чапялях больш ахвотна ўступаюць у спадчыну нашчадкі, купляюць хаты дачнікі, чаго не скажаш пра Бардзёўку, хоць і да Высокага адтуль блізка.
Пад увагай Сяргея Васілюка – Высокае і Ратайчыцкі сельсавет.
– Апошнім часам асноўны клопат – выраб дакументацыі на зямельныя ўчасткі для новай забудовы. У 2012 годзе быў вызначаны новы квартал для індывідуальнага будаўніцтва ў раёне Кавалікаў. Больш як 80 новых забудоўшчыкаў ужо аформілі тут свае ўчасткі, а шасцёра гаспадароў летась завяршылі будоўлю. У новым квартале “прабіта” яшчэ адна вуліца, і неўзабаве тут будуць прапанаваны каля 40 участкаў.
У перспектыве ў Высокім могуць быць прадастаўлены яшчэ да 400 зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, а таксама – для юрыдычных асоб і ІП пад будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў. Не трэба забываць, што любы грамадзянін РБ, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылых умоў, можа ўзяць участак для будаўніцтва не абавязкова па месцы свайго жыхарства. У Высокім аформілі ўчасткі пад забудову некалькі сем’яў з суседніх сельсаветаў, з Брэста.
Калі да 2012 года ў чарзе на атрыманне ўчасткаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома было больш за 140 заяўнікоў, дык цяпер чаргі няма. Патэнцыяльных забудоўшчыкаў стрымліваюць і адсутнасць прапановы крэдытавання, і абмежаваныя тэрміны будаўніцтва.Згодна з Указам №667, прыступіць да будоўлі неабходна на першым годзе з даты рэгістрацыі зямельнага ўчастка, а на працягу трох гадоў будаўніцтва павінна быць завершана. Праўда, ёсць варыянты, калі райвыканкам падаўжае яго тэрміны ці дазваляе кансервацыю недабудаванага, паводле Указа 87.
Тым часам рыхтуем дакументацыю для прадастаўлення зямельнага ўчастка пад будаўніцтва 99-кватэрнага жылога дома па вуліцы Сацыялістычнай; яго будзе будаваць у Высокім кобрынскае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Рамсантэхбуд”.
Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага
-
Тренинг для руководящего состава участковых избирательных комиссий прошел сегодня в Каменецком районе
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика