За мінулы год на Брэстчыне ўдалося знізіць колькасць зарэгістраваных
злачынстваў больш чым на 22%, у нашым раёне – амаль на 20%.
Не раскрыты кожны другі крадзеж
Упершыню за многія гады не адзначалася ў раёне асабліва цяжкіх злачынстваў (наўмысныя забойствы, згвалтаванні, разбойныя напады і інш.), знізілася іх колькасць з тых, што ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення і раней судзімымі асобамі. Аднак, адбыўся значны рост злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, а таксама групавых і ў грамадскіх месцах.
Найбольшы рост злачыннасці назіраўся на тэрыторыях Белавежскага, Раснянскага, Камянюцкага сельсаветаў. Вядзецца недастатковая прафілактычная работа па пераадоленні п’янства і алкагалізму, менш накіраванняў на прымусовае лячэнне, толькі на пяцярых падрыхтаваны дакументы ў суд для абмежавання ў дзеяздольнасці ў сувязі са злоўжываннем спіртным.
Непакоіць і той факт, што летась адзначалася невысокая раскрывальнасць злачынстваў, – за год яна знізілася з 67 да 61%. У структуры злачыннасці 80% – крадзяжы маёмасці. Але іх раскрывальнасць – усяго 55%, фактычна застаецца нераскрытым кожны другі крадзеж.
На абароне правоў і законных інтарэсаў дзяржавы
За 2012 год пракуратурай раёна ў інтарэсах дзяржавы, прадпрыемстваў і грамадзян падрыхтавана 65 іскавых заяў у суд, у тым ліку аб кампенсацыі ўрону на агульную суму 92 млн.138 тыс. рублёў, у тым ліку 85 млн.876 тысяч – аб спагнанні ўрону, нанесенага дзяржаве. Таксама падрыхтавана і накіравана ў суд 5 іскавых заяў аб пазбаўленні дзеяздольнасці грамадзян, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні, 4 іскавыя заявы аб абмежаванні дзеяздольнасці грамадзян, якія працяглы час злоўжываюць спіртным.
Усяго супрацоўнікі пракуратуры раёна летась прынялі ўдзел у разглядзе судом 162 грамадзянскіх спраў, падтрымалі дзяржаўнае абвінавачванне па 126 крымінальных справах, разгледжаных судом раёна.
Па зваротах грамадзян
Летась у пракуратуру раёна паступіла 155 пісьмовых зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, 97 з іх былі тут і разгледжаны. У асноўным гэтыя звароты датычацца парушэнняў па пытаннях следства і дазнання, заканадаўства аб працы, жыллёвага і зямельнага, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Пераважна прычынай скаргаў стаў неналежны разгляд зваротаў грамадзян упаўнаважанымі органамі. Так, шэраг зваротаў па пытаннях заканадаўства аб зямлі быў выкліканы ўпушчэннямі ў арганізацыі работы па разгляду зямельных спрэчак. Пракуратурай выяўлены грубыя парушэнні зямельнага заканадаўства як землеўпарадкавальнай службай райвыканкама, так і ў гарсельвыканкамах. Істотныя парушэнні дапушчаны камісіяй пры падрыхтоўцы матэрыялаў да разгляду зямельных спрэчак. У апошні час паступаюць скаргі грамадзян наконт парушэння іх правоў пры рэарганізацыі і акцыяніраванні сельгаспрадпрыемстваў. У прыватнасці, ад былых работнікаў ААТ “Агра-Зарэчча” і “Новы шлях”.
У ходзе праверак па зваротах грамадзян прыняты меры па ўхіленні парушэнняў, унесена 20 актаў пракурорскага рэагавання.
За бескантрольнасць – да адказнасці
У 2012 годзе пракуратурай раёна пры ажыццяўленні нагляду праведзена 33 праверкі, падрыхтавана 21 прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, унесена 19 прадпісанняў, 28 пратэстаў аб адмене незаконных актаў, 40 асоб афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў. Па патрабаванні пракурора да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 52 асобы, 10 – да адміністрацыйнай, а 567 работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый – да матэрыяльнай. У тым ліку 417 работнікаў сельгаспрадпрыемстваў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці на агульную суму больш за 130 млн. рублёў. У ходзе чатырох пазапланавых праверак у першым паўгоддзі было ўстаноўлена, што спецыялісты некаторых гаспадарак не прымаюць неабходныя меры па забеспячэнні захаванасці матэрыяльных рэсурсаў, буйной рагатай жывёлы, ухіленні прычын гібелі маладняку, адсутнічае належны кантроль кіраўнікоў гаспадарак за работай галоўных спецыялістаў. Па фактах выяўленых грубых парушэнняў былі ўнесены прадстаўленні ў ААТ “Каленкавічы”, “Камянецкая пушча”, “Агра-Турна”, СВК “АграНіва”; службовыя асобы названых сельгаспрадпрыемстваў прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці. Выяўленыя парушэнні назіраліся ў шэрагу гаспадарак і ў другім паўгоддзі, па патрабаванні пракурора раёна больш за 100 работнікаў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці за незабеспячэнне захаванасці жывёлы.
Бяспека на першым плане
Значная ўвага летась надавалася выкананню патрабаванняў Дырэктывы №1 Прэзідэнта РБ “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і Дэкрэта №29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканальванні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны”. Нягледзячы на прымаемыя меры, былі выпадкі траўматызму і гібелі людзей у ААТ “Агра-Турна” і НП “Белавежская пушча”. З 7 да 9 узрасла колькасць загінулых у дарожна-транспартных здарэннях, прычым, пяцёра вадзіцеляў, якія ўчынілі тыя ДТЗ, у нецвярозым стане кіравалі транспартнымі сродкамі.
Былі выяўлены парушэнні працоўнага заканадаўства, патрабаванняў па ахове працы і тэхніцы бяспекі, пажарнай бяспекі. Так, парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы і тэхніцы бяспекі ўказанага вышэй Дэкрэта №29 былі выяўлены пракуратурай раёна ў ААТ “Усход-Каменец”, “Агра-Турна”, “Новы шлях”, Камянецкай ПМК-14. У ходзе маніторынгу выканання заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў значныя парушэнні транспартнай бяспекі выяўлены ў раённым спажывецкім таварыстве.
* * *
Пракуратурай раёна прапанаваны меры па актывізацыі ведамаснага кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства, гэтыя прапановы выкладзены ў інфармацыйнай запісцы ў раённы выканаўчы камітэт.
Валерый КАРАЛЮК,
пракурор раёна.
Это может быть интересно:
-
Прямые телефонные линии. Октябрь
-
Поздравления жителей каменетчины с Днем пожилых людей
-
Заседание президиума районного Совета депутатов 29 созыва прошло на базе райотдела МЧС
-
Об изменении решения Каменецкого районного исполнительного комитета от 30 апреля 2019 г. №566
-
Гостем заседания Каменецкого райисполкома стал Александр Трухоня