Не паспелі адгучаць фанфары з нагоды першай тысячы тон зерня, намалочанай сямейным экіпажам Кухтаў з “Белавежскага”, як прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК і раёнкі, а таксама генеральны дырэктар гаспадаркі ўжо спяшаюцца да іх на поле зноў. З якой прычыны? Бо, па даных на 12 жніўня, Валерый Уладзіміравіч і Таццяна Сямёнаўна першымі ў вобласці (ацаніце гэты момант!) пераадолелі мяжу ў дзве тысячы!
Акрамя аўтара гэтых радкоў, былі ў полі і іншыя прадстаўнікі СМІ, калі дакладней – Брэсцкага тэлебачання. А пазней віншаваць двухтысячнікаў прыехаў сам старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс.
Падчас планавага прыпынку камбайна для падзапраўкі прадстаўнікі сямейнага экіпажа ў чарговы раз апынуліся перад аб’ектывам рэдакцыйнага фотаапарата. Мне ўдалося “захаваць” з яго дапамогай самыя прыемныя моманты: уручэнне грашовых прэмій генеральным дырэктарам ААТ “Белавежскі” Юрыем Марозам і каштоўных падарункаў ды стужак “Пераможца жніва” старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірынай Дуднікавай. Цёплыя словы, безумоўна, надоўга застануцца ў сэрцах Валерыя і Таццяны Кухтаў.
– Што дапамагае вам вытрымліваць такі тэмп у рабоце? – цікаўлюся ў іх.
– Жаданне як мага хутчэй сабраць ураджай, – распавядае старшы камбайнер. – Шкада, калі ён загіне з-за капрызаў надвор’я.
– А яшчэ, безумоўна, дапамагае тое, што мы – сям’я, – дадае Таццяна Сямёнаўна. – З паўслова разумеем адно аднаго.
– Хто ж з вас галоўны? – задаю каверзнае пытанне.
– Дома жонка верхаводзіць, а на жніве я – гаспадар, – з усмешкай адзначае Валерый Уладзіміравіч.
– Якую параду далі б навічку, што выбірае: удзельнічаць у жніве ў якасці камбайнера ці не?
– Удзельнічаць! – без роздумаў адказваюць мае суразмоўцы. – Гэта цікава. Спярша будзе і страшна, і цяжка. І перажыванняў – мора. Але перамогі натхняюць!
Каму, як не сямейнаму экіпажу Кухтаў, дакладна ведаць гэта?..
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Мошенники рассылают вирусы под видом фото в Telegram
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика