“Міс Вясна 2016”

Конкурс прыгажосці і талентаў пад назвай, вынесенай у загаловак, нагадваў незвычайны невялікі спектакль, пра які і расказваць патрэбна незвычайна, “па-тэатральнаму”. Згодны? Тады заслона паднімаецца…
Месца дзеяння: актавая зала Камянецкага ГДК.
Час дзеяння: 8 красавіка 2016 года, 15.00.

АСОБЫ
Вольга НАЗАРУК, мастацкі кіраўнік Раснянскага СДК.
Яна ГЕРАСІМІК, вучаніца Камянецкай гімназіі.
Аляксандра ЛЯЎЧУК, псіхолаг Высокаўскага ДСПТК.
Аляксандра ДЗІКЛОВА, вучаніца Турнянскай СШ.
Маргарыта КАВАЛЕНКА, вучаніца Раснянскай СШ.

ПРАЛОГ
Перад пачаткам конкурсу да пяці прэтэндэнтак на тытул і карону звярнулася мінулагодняя “Міс Вясна” Святлана Казлова.
– Удачы вам усім! – пажадала яна, а потым адкрыла сакрэт:
– Помніце: галоўная ўмова поспеху ў любым конкурсе – людзі, якія побач з вамі, група падтрымкі.
Пасля гэтых слоў імгненна ажывіліся родныя і сябры дзяўчат у зале. Яны падрыхтавалі “крычалкі” і плакаты, што не толькі ўзнімалі настрой і “баявы дух” удзельніц, але і маглі дапамагчы завалодаць спецыяльным прызам, падрыхтаваным для лепшай групы падтрымкі.

З’ЯВА ПЕРШАЯ. ВІЗІТОЎКА
Няма людзей не таленавітых. Не верыце? А дарма. Апавядаючы пра сябе, удзельніцы конкурсу зноў вярнулі мяне да гэтай слушнай думкі. У кожнай з іх была свая “разыначка”: Оля, напрыклад, іграе на фартэпіяна, 12 гадоў танцуе ў знакамітым калектыве “Непаседы”; Яна добра малюе і з дзіцячых гадоў марыць стаць чараўніцай; Саша Ляўчук любіць цікавыя кнігі і жывёл, Саша Дзіклова – фатаграфавацца і весці актыўны лад жыцця, а Рыта Каваленка танцуе і імкнецца стаць… ваеннаслужачай.
Пра ўсё гэта і не толькі дзяўчаты расказалі з дапамогай вершаў, відэа- і фотаматэрыялаў.
А мне асабіста запомніліся словы адной з удзельніц аб тым, што ў конкурсе “Міс Вясна 2016” павінна перамагчы тая дзяўчына, што “светит миру внутренней красой”. Няхай так і станецца!

З’ЯВА ДРУГАЯ. ТАЛЕНТЫ
Словы словамі, але прыйшоў час на справе паказаць свае таленты і ўменні. У выкананні трох удзельніц – Вольгі Назарук, Аляксандры Ляўчук і Маргарыты Каваленка – гледачы ўбачылі танцавальныя нумары (прычым, другая яшчэ і спявала). Свае вакальныя здольнасці паказала Аляксандра Дзіклова, а Яна Герасімік падрыхтавала цэлы спектакль, прысвечаны дзецям-сіротам, у якім спалучаліся і вершы, і танец, і маляванне.

З’ЯВА ТРЭЦЯЯ. Я І БРСМ
Усе дзяўчаты з’яўляюцца актывісткамі БРСМ і ахвотна расказалі аб тым, што ў іх жыцці азначае гэтае грамадскае аб’­яднанне. “Саюз моладзі – мая будучыня”, – падзялілася Вольга, “БРСМ – гэта сябры, актыўнасць і дабро”, – зазначыла Маргарыта. Аляксандра Ляўчук падрыхтавала з сябрамі сцэнку па матывах твора Маякоўскага “Что такое хорошо и что такое плохо”, яе цёзка зачытала верш на тэму “ Калі б я была першым сакратаром БРСМ”, а Яна Герасімік проста на вачах у гледачоў пагутарыла з.. самой сабой з будучыні (цікава было даведацца, чым жыве моладзь Камянеччыны ў 2026 годзе: яна актыўная і пазітыўная, свой вольны час бавіць у гарадскім парку, дзе безліч атракцыёнаў, а сярод іх – кола агляду!).

З’ЯВА ЧАЦВЁРТАЯ. ЛЮБІМАЯ СТРАВА
Кулінарны конкурс парадаваў і смачнымі пахамі, і крэатыўным афармленнем страў, і арыгінальным іх прадстаўленнем. Піца, бутэрброды, торт, аздоблены масцікай… Прынамсі, што тут гаварыць, патрэбна частавацца!

З’ЯВА ПЯТАЯ. ДЭФІЛЕ
Вячэрнія сукенкі… Музыка… Грацыя і пластыка… Усмешкі, ад якіх станавілася святлей… На імгненне ўсім гледачам падалося, што гэта – сапраўдны паказ мод.

РЭМАРКА
У перапынках паміж конкурсамі сваім танцавальным майстэрствам парадавалі Кацярына Мальчэўская і  “Тандэм”, а песенным – Вольга Самасюк, Ілья Дутаў, Ганна Краўчук і Яўгеній Ільютчык.

IMG_0278З’ЯВА ШОСТАЯ. ХВАЛЮЮЧЫ МОМАНТ
Журы вяло падлік балаў, і на працягу ўсяго свята ўпэўнена лідзіравала адна з удзельніц. Якая? Не спяшайцеся! Пачнем з іншых намінацый. “Міс Талент” сёлета стала Вольга Назарук, “Міс Арыгінальнасць” – Аляксандра Дзіклова, “Міс БРСМ” – Аляксандра Ляўчук, “Віцэ-міс Вясна” – Маргарыта Каваленка. А пачэсны тытул і карону з рук Святланы Казловай атрымала Яна Герасімік. Усіх удзельніц чакалі падарункі, а пераможцу – яшчэ і кветкі ад дырэктара роднай гімназіі.
Уручыўшы стужку “Міс Вясна 2016”, намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак зазначыў, што для таго, каб у камянецкім гарадскім парку з’явілася кола агляду, варта ўвесці яшчэ адну стаўку першага сакратара БРСМ для Яны.
Віншаванні, усмешкі і слёзы шчасця, фатаграфаванне з групай падтрымкі (дарэчы, лепшымі сталі балельшчыкі Яны і Маргарыты)…

ЗАСЛОНА.
Спектакль скончаны, як спявала Вольга Самасюк, але прыгажосць, што ўратуе свет, працягвае асвятляць наш шлях сваёй чысцінёй.

 

весна1

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.

СПОНСАРЫ: раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» (Людміла Жураўлёва) і райкам ГА “БРСМ” (Марына Слуцкая), раённыя аб’яднанні арганізацый прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ (Аксана Высагроцкая), прафсаюзы работнікаў АПК (Ірына Дуднікава) і культуры (Надзея Постнікава), раённыя аддзелы ўнутраных спраў (Сяргей Панасюк) і Следчага камітэта (Максім Басак), пагранічная застава “Казімірава” (Дзмітрый Гатоўка), Камянецкае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС РБ (Аляксандр Гарус), манікюрны кабінет «Жемчуг» (Лілія Казлюк), касметычны кабінет «Миледи» (Людміла Кірэева), кампанія «Орифлейм» (Вера Будкевіч і Алеся Мартысюк). Пры інфармацыйнай падтрымцы “Навін Камянеччыны”.

Добавить комментарий