“Жыву 100 год, бо мяне любяць…”

бабушкаРавесніца Першай сусветнай вайны – Кацярына Дзмітрыеўна Рамановіч – перажыла на сваім вяку столькі, што хапіла б на некалькі лёсаў. Ды і нарадзілася ў час бежанства, у Цюменскай вобласці.

А калі Расію скаланула рэвалюцыя, бежанцы кінуліся назад, на захад. Пакутная і галодная дарога дадому, у Голю (цяпер – Пагранічная), у многіх адабрала апошняе здароўе. З вялікай радні Кацярыны Дзмітрыеўны выжыла ці не яна адна, дзякуючы далёкім сваякам. Выжыла, каб перад Другой сусветнай нарадзіць трох сыноў, бацька якіх – Аляксандр Рамановіч, ваеннаслужачы Войска Польскага, – загінуў восенню 1939-га. Гадавала дзяцей з дапамогай мужавай радні. Вайна, разруха, стварэнне калгасаў – помніць усё да драбніц. А найбольш помніцца непасільная праца, мужчынская, якою, здаецца, дагэтуль набрынялыя рукі. Амаль паўвека працавала ў паляводстве. Выплат за мужа, які знік у полымі вайны на тэрыторыі Польшчы, ніколі не атрымлівала.

На жаль, няма ўжо сыноў Кацярыны Дзмітрыеўны: адзін з іх працаваў машыністам у Данецку, другі быў будаўніком, паспытаў і цаліннага хлеба, а малодшы атрымаў ваенную прафесію – выпрабоўваў новыя падводныя лодкі. Яго сына, які таксама стаў ваенным, днямі чакаюць у госці з Масквы. Дарогу ў Абяроўшчыну ён не забывае.

У юбіляркі сямёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў і чацвёра прапраўнукаў. Другі свой век яна сустракае ў вянку родных людзей. Дарэчы, амаль паўвека жыве разам з нявесткай Яўгенняй Іванаўнай, якой ужо 80. Даглядаць Кацярыну Дзмітрыеўну ёй дапамагаюць унукі і праўнукі, бо пяць год назад бабуля мела складаны пералом нагі і да гэтай пары хадзіць не можа. А тое, што малодшае пакаленне Рамановічаў ведае кожную старонку “кнігі” яе жыццёвай гісторыі, пра многае гаворыць. Яе ўнучка Галіна з удзячнасцю пайменна называе дзясяткі людзей, якія сто год назад ратавалі “бабу Катю” ў пекле войнаў. Пачутае ад бабулі пераказвае ўжо сваім дзецям.

Традыцыйнае пытанне “У чым сакрэт даўгалецця?” хутчэй рытарычнае, бо ўсе складаемыя “рэцэпта” самыя простыя: шмат звычайнай працы, звычайныя стравы і вада, звычайны клопат аб унуках і праўнуках, звычайная малітва, уменне радавацца малому. Заўсёды жыла ў сям’і, дзе яе паважалі і шанавалі. Атулена ўвагай і сёння. “Жыву доўга, бо мяне любяць. І я ўсіх люблю”, – кажа юбілярка.


У 100-ы дзень нараджэння 23 сакавіка (дакладнасць даты пацвярджае копія запісу ў архіўных дакументах сяла Зіміна Цюменскай вобласці) да Кацярыны Дзмітрыеўны Рамановіч у Абяроўшчыну з кветкамі і падарункамі наведаліся намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Іна Карасінская, дырэктар ААТ “АграНіва” Віктар Бобр, старшыня Раснянскага сельвыканкама Валерый Бядуля, старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Маеўская.

Адказам на шчырыя віншаванні – радасць на твары шаноўнай імянінніцы.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

 

На гэтым тыдні, 23 сакавіка, атрымалі падарункі і віншаванні з 90-годдзем ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія Іванаўна Папова (вёска Мікалаева) і Васіль Дзмітрыевіч Міхалюк (Мартынюкі).

На Камянеччыне сёння трое 100-гадовых жыхароў (усе – жанчыны); ва ўзросце ад 90 да 100 год – 33 мужчыны і 134 жанчыны.

Добавить комментарий