125 гадоў з поштай

Калі складаць генеалагічнае дрэва працоўнай дынастыі Пацейчукоў, прадстаўнікі якой аддалі рабоце на пошце ні многа ні мала 125 гадоў, галінак у яго будзе шмат. І ўсе – моцныя.

Пачынальніцай своеасаблівага “сямейнага падраду” стала Вольга Дзям’янаўна Пацяйчук, якая ў няблізкім 1957-м прыйшла працаваць паштальёнам у тагачасны Камянецкі вузел сувязі. За 39 гадоў стажу яна была яшчэ і аператарам сувязі на падмене, і інструктарам у аддзеле падпіскі. За плённую, самаадданую работу жанчына атрымала не адну ганаровую грамату, мела званне “Ветэран працы”. А галоўнай узнагародай для Вольгі Дзям’янаўны стала тое, што па яе жыццёвай “паштовай” сцяжынцы і сёння ідуць нашчадкі.

Ольга Демьяновна Потейчук
Ольга Демьяновна Потейчук

Наступная у дынастыі – старэйшая пляменніца. Вольга Несцераўна Краўцова прыйшла ў Камянецкі РУС у 1976-м – і на 36 гадоў яе жыццём стала пошта. Жанчына працавала паштальёнам па суправаджэнні, аператарам на страхавым участку ў Каменцы, а з 1986-га паспяхова выконвала абавязкі начальніка АПС Войская. Цяпер – на заслужаным адпачынку.

Вторая слева - Ольга Нестеровна Кравцова
Вторая слева – Ольга Нестеровна Кравцова

У Вольгі Несцераўны таксама нямала ганаровых грамат. Яна – уладальніца звання “Ветэран працы” і, акрамя таго, пераможца міжгаліновых спаборніцтваў за званне “Лепшае аддзяленне сувязі”.

Наступнымі ў працоўную дынастыю Пацейчукоў уліліся стрыечныя сёстры Святлана Пархоцік (дачка Вольгі Краўцовай) і Ірына Кучарэнка. Апошняя на працягу 4 гадоў працавала на пошце – была аператарам па падмене. А Святлана Мікалаеўна сёння з’яўляецца начальнікам аддзялення сувязі Каменец 1. Працаваць на гэтай адказнай пасадзе ёй дапамагае багаты вопыт, назапашваць які пачала ў 1993-м.
Няма ў аддзяленні такой работы, якой бы ў свой час не займалася Святлана Пархоцік. Яна – нявызвалены начальнік, які, калі патрэбна, можа нават месца аператара на нейкі час заняць, асабліва ў “гарачую пару” аплаты камунальных паслуг.

Светлана Михайловна Пархотик
Светлана Михайловна Пархотик

– Калі была маленькай, гадкоў 4 ці 5, часта бывала на пошце, – узгадвае жанчына. – Помню вялікі будынак, машыны ў пастаянным руху. У Каменцы тады сарціравалі газеты. Мне падабалася назіраць за тым, як штэмпялююць пісьмы, але блізка мяне не падпускалі – адказная работа вялася навокал.

Ужо 8 гадоў Святлана Мікалаеўна ўзначальвае пярвічку прафсаюза Камянецкага РУПС, у 2013 годзе атрымала званне “Ветэран працы” Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта”.

Ёсць у Святланы Пархоцік і цесна звязанае з работай хобі – філатэлія. Два пульхныя альбомы з маркамі розных краін, разсарціраванымі па тэмах, акуратна захоўваюцца дома і не пыляц-ца на паліцы. Пераглядаць іх ды паказваць гасцям – вялікае задавальненне. Магчыма, калінебудзь дойдуць рукі і да такога моднага сёння посткросінгу…

У аддзяленні паштовай сувязі Святлана Мікалаеўна пазнаёмілася і са сваім мужам. Мікалай Мікалаевіч працуе тут вадзіцелем.

Дочкі Пархоцікаў выбралі для сябе педагагічную сцежку. Кацярына будзе настаўніцай англійскай і нямецкай моў, Святлана – педагогам па псіхалогіі. Але гэта зусім не азначае, што дынастыя завяршаецца. Магчыма, некаму “паштовы ген” перадасца праз пакаленне…

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА і з архіваў.

Добавить комментарий