100 гадоў – тысячы лёсаў чалавечых

15 снежня Відамлянскі СДК стаў пляцоўкай для святкавання надзвычай прыемнага юбілею – 100-годдзя аддзела загс рай­выканкама. Калі прымерыць гэтую лічбу да жыцця асобнага чалавека, адчуваеш: дасягненне! А для ўстановы, праз якую праходзяць тысячы жыццяў людскіх, – тым больш.

Менавіта тут канцэнтруецца ўся інфармацыя аб кожным жыхары раёна. Добрыя, ветлівыя, працавітыя супрацоўнікі занатоўваюць усе без выключэння змены, што адбываюцца з ім: радасныя і сумныя. Нялёгка работа… І псіхалагічна ў тым ліку. Але яны спраўляюцца з ёю на моцную “дзясятку”, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды, якія на сцэне актавай залы СДК уручалі лепшым.


З рук старшыні райвыканкама Валянціна Зайчука Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі Тамара Падлеская, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама, і Святлана Кунц, кі­раўнік спраў Воўчынскага сельвыканкама, а Падзячныя пісьмы – Ала Арсяновіч, кі­раўнік спраў Белавежскага сельвыканкама, і Святлана Галубковіч, кіраўнік спраў Пелі­шчанскага сельвыканкама.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш уручыла Ганаровыя граматы райсавета яшчэ двум кіраўнікам спраў: Анатолію Герасімуку (Вярховіцкі сельвыканкам) і Святлане Шахалевіч (Камянюцкі).
Прыемныя сувеніры атрымалі таксама і ветэраны галіны. Са словамі падзякі і цёплымі ўспамінамі аб гадах мінулых, але памятных, выступіла Марына Вячаславаўна Буркоўская. Як яна слушна заўважыла, многае ў арганізацыі работы аддзела загс змянілася з цягам часу, але галоўнае – павага да чалавека – зас­талося.
З падарункамі завіталі на святкаванне 100-годдзя старшыні абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Анатолій Кісялёў, раённага – Людміла Міхалачкіна, раённай пярвічкі Алена Курыловіч. «Сюрпрыз» ад супрацоўнікаў гарсельвыканкамаў Тамары Падлескай уручыў старшыня Навіцкавіцкага сельвыканкама Міхаіл Шабуня. А за музычнае аздабленне свята адказваў клуб творчай моладзі “Свой круг” Відамлянскага СДК, якім кіруе Ірына Вярэніч. Яго артысты, і маленькія, і дарослыя, падарылі гасцям нямала прыемных хві­лін. Гучалі таксама і музычныя інструменты: акардэон Аляксандра Шахалевіча і труба Алега Долмата.


Вельмі чула і душэўна віншавала сваіх калег са святам начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Тамара Падлеская. У сваім выступленні, падчас якога мала хто здолеў стрымаць слёзы, яна ўзгадала тых сваіх папярэднікаў, якіх сёння ўжо няма з намі. Гэта – Марыя Цішук, якой выпала працаваць у вельмі няпросты пасляваенны час (1950-1983 гг.), калі большасць людзей засталіся без дакументаў увогуле. Намаганнямі Марыі Паўлаўны былі адноўлены больш за 7000 актаў аб нараджэнні! Таксама Тамара Максімаўна назвала і былога сакратара Камянюцкага сельскага Савета Алену Іосіфаўну Мазгову…
Паслядоўнікам ёсць у каго вучыцца. Жаданне і здольнасці для гэтага ў іх ёсць – без сумненняў. Прычакаем з часам і чарговага юбілею…

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий