Як кажуць, многа падарункаў не бывае. Асабліва, калі яны цікавыя і разнастайныя. Так, чароўных наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Камянецкага ТЦСАН імі сёлета літаральна асыпалі, як залатым дажджом.
10 сакавіка, напрыклад, у актавай зале тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва адбылося арыгінальнае свята, падчас якога шаноўныя жанчыны спярша слухалі канцэрт артыстаў Мартынюкоўскага сельскага Дома культуры, а потым удзельнічалі ў конкурсе.
Спевакі Юрый Лук, Міхаіл Стасевіч, Наталля Герасімук і Вольга Зарэцкая падрыхтавалі самыя разнастайныя нумары, выступалі дуэтам, трыа і па адным. А іх рэпертуар складаўся як з эстрадных, так і з народных песень, прычым некаторыя выконваліся на дыялекце.
За цудоўны музычны падарунак загадчык аддзялення Наталля Цэкала ўручыла гасцям прыгожы казачны домік, выкананы з папяровых трубачак рукамі таленавітых бабуль.
Працягам свята стаў конкурс, падчас якога ўсе без выключэння жанчыны падзяліліся на чатыры каманды, што атрымалі назвы “Вясна”, “Незабудка”, “Любоў” і “Мара”. А ў журы ўвайшлі двое мужчын (Георгій Данілюк і Міхаіл Карпішчук), індывідуальны прадпрымальнік Валянціна Карпінчык і аўтар гэтых радкоў. Адразу скажу, што ставіць адзнакі было надзвычай няпроста, бо імпэту, арыгінальнасці, весялосці ўдзельніцам пазычаць не было неабходнасці.
Падчас першага конкурсу бабулі складалі вершаваныя прывітальныя словы ад сваіх каманд, падчас другога пералічвалі стравы для святочнага стала на пэўную літару. Трэці конкурс на некаторы час пераўтварыў удзельніц у мадэльераў. Са звычайных пакетаў і з дапамогаю скотчу яны майстравалі прама на сваёй “мадэлі” адмысловы строй для выхаду ў людзі. І выхад атрымаўся – можаце паверыць!
Пасля кожная каманда выдзеліла адну канкурсантку для танцавальнага спаборніцтва, а жанчыны не прамінулі запрасіць на імправізаваную дыскатэку сваіх каляжанак і, зразумела ж, мужчын. Не стаміўшыся ані каліва, удзельніцы ахвотна ўключыліся ў наступны конкурс, падчас якога практыкаваліся ў “аўтатрэнінгу” перад люстэркам, апісваючы сябе самымі прыгожымі словамі (і ўсіх гэтых пералічаных эпітэтаў яны, безумоўна, заслугоўвалі).
Далей надышоў час бліснуць сваім інтэлектам, што бабулі і зрабілі, лёгка адказаўшы на няпростыя пытанні, што тычыліся жанчын і іх “прафесійнага” свята. А апошні конкурс “Зорка эстрады” запатрабаваў ад удзельніц сапраўдныя канцэртныя нумары. І ўсе яны былі таленавітыя, шчырыя, гумарныя.
У перапынку паміж конкурсамі, каб у журы быў час аддыхацца, было наладжана дэфіле жанчын залатога ўзросту з моднымі сумкамі, большасць якіх выкананы імі падчас заняткаў рукадзельнага гуртка Зінаіды Мікуліч (прычым большасць твораў нарадзіліся ў руках Валянціны Маскалёвай, чый талент да ручной працы не мае межаў).
Усе сумачкі былі выкананы ў незвычайных тэхніках і з незвычайных матэрыялаў: старога шаліка, накрывак для слоікаў і іншага. Нішто ў доме сапраўднай гаспадынькі не прападзе, усё ў справу пойдзе!
Між тым, неабходна было падводзіць вынікі конкурсу. Перамагло ў ім… сяброўства! Кожная жанчына-ўдзельніца атрымала адмысловы імянны медаль з рук Наталлі Цэкала і падарунак ад Faberlik (уручала Валянціна Карпінчык). Арганізатары свята дзякуюць за падтрымку яшчэ і дырэктару ПГУП “Авангард” Галіне Мартынюк, якая ўнесла свой уклад у “салодкі стол”, за якім так прыемна чаявалася.
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
Брестчанин попал в ДТП на мотоцикле в Каменце
-
В КАМЕНЦЕ ЧЕСТВОВАЛИ ВЕТЕРАНОВ ОРГАНОВ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ И ВНУТРЕННИХ ВОЙСК МВД
-
Многодетная мама Елена Мартысюк – о семейном укладе, любимом деле и о том, за что благодарна мужу
-
Проект “Здоровые города и поселки” шагает по Каменетчине