Менавіта на столькі адказала кіраўнік народнага ансамбля сучаснага танца “Тандэм”, што дзейнічае ў Камянецкім ГДК, Ларыса Табольчык. Ёй – слова…
Пра дарогу ў прафесію
Пачыналася ўсё з тагачаснага Гродзенскага культасветвучылішча, куды пасля заканчэння васьмі класаў у Відамлі мяне адвезла мама. Да іспытаў па рускай мове і літаратуры рыхтавалася самастойна (за кожны – “пяцёрка”), а вось урокі харэаграфіі брала ў спецыялістаў Камянецкага Дома культуры. Памятаю, як прыехала здаваць, развучыўшы загадзя “Весялуху”, а музыку, пад якую мелася танцаваць, прывезла запісанаю на аркушы з нотнага сшытка. Хвалявалася вельмі, здала на “чатыры”. Экзамен па харэаграфіі ў мяне прымаў выдатны педагог Валерый Міхайлавіч Жыльцоў, што працуе цяпер у Пінску. Да гэтай пары ўдзячна яму бязмежна.
Тры гады вучобы запомніліся запоўненым пад завязку графікам заняткаў. Штодзень мы танцавалі па восем гадзін (класічныя, народныя, гісторыка-бытавыя, бальныя), а акрамя таго вывучалі агульнаадукацыйныя прадметы (хімію, фізіку…) і свае спецыфічныя – гісторыю балета, мастацтва ўвогуле і іншыя. Мне пашчасціла вучыцца ў цудоўнага харэографа Тамары Цвятковай.
Пра работу, якая для душы
З дыпломам, у якім значылася спецыяльнасць “Культработнік. Кіраўнік харэаграфічнага калектыву”, прыйшла працаваць у Камянецкі гарадскі Дом культуры. Адразу ж давялося сутыкнуцца з праблемай: у вучылішчы нас вучылі танцаваць, але не вучылі ВУЧЫЦЬ танцаваць. Давялося ўсё спасцігаць самастойна, у чым дапамаглі калегі, з якімі мы сфарміравалі зладжаны, дружны калектыў. Тады ў Каменцы працавалі Сяргей і Жанна Сухамліны, пры іх утварылася студыя “Музычны падвал”. У дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, калі яны пакінулі горад, нам давялося пачынаць нанова. Работу тады шукалі цяжка: працавала ў СШ №1 Каменца, студыі “Версія” пры Дзмітровіцкім СДК, але ДК райцэнтра ўсё адно вабіў да сябе, як родны дом. Пасля вяртання сюды рыхтавала танцораў, што выступалі разам са спевакамі “Музычнага падвала”.
Пра “Тандэм”
Гэты ансамбль сучаснага танца ўзнік абсалютна спантанна. Падабраліся дзяўчаты і юнакі, якім хацелася праявіць сябе ў харэаграфіі. Гэта цяпер прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва не зацягнеш у танцавальны клас, а тады самі ішлі.
Летась наш калектыў, за плячыма ўдзельнікаў якога нямала перамог у разнастайных конкурсах, набыў званне народнага.
Сёння “Тандэм” складаецца з больш як 40 танцораў, падзеленых на чатыры групы: 5-6 гадоў (падрыхтоўчая группа); 9-10; 13-15 і дарослая група. Да кожнага чалавека стараюся знайсці падыход. З малечай працую нядаўна, але паспела ўжо ўсёй душой прыкіпець да яе. Вы б бачылі, як яны стараюцца! Хвалююцца перад выхадам на сцэну, а я хвалююся разам з імі.
Да 9-10-гадовых стаўлюся, як да дарослых, раюся з імі наконт касцюмаў, пастаноўкі танца – дзецям прыемна. Асабліва ж імкнуся зацікавіць тых дзяўчынак, што ўступілі ў так званы пераходны ўзрост. Няхай лепш яны танцуюць, чым гадзінамі сядзяць перад камп’ютарам.
Вялікую падтрымку адчуваю з боку бацькоў, нашы сходы больш нагадваюць сустрэчы сяброў. Яны ідуць насустрач, калі трэба самастойна набыць касцюмы. З гэтым дапамагае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, у прыватнасці, яго начальнік Мікалай Громік. Добра, калі тата з мамай не даюць дзіцяці магчымасці кінуць танцы, калі раптам з’явіцца такое жаданне. Харэаграфія – справа нялёгкая, трэба быць да гэтага гатовым. Затое, якая прыемная пасля яе стома!..
А дарослая група – аснова нашага калектыву. Дзяўчаты, што ўваходзяць у яе, ужо працуюць, маюць сем’і, але ўсё адно знаходзяць час для любімага занятку. Больш самаадданых людзей не сустракала! Адна дзяўчынка прыязджае на заняткі з Мінска, дзе вучыцца ва ўніверсітэце. Памятаю яшчэ адну, у якой не было ніякіх даных для харэаграфіі, але літаральна маніякальнае жаданне танцаваць і наведванне ўсіх-усіх заняткаў (ёй даводзілася ездзіць на іх здалёк) зрабілі сваю справу – цяпер дзяўчына выдатна танцуе.
Мы – адна вялікая сям’я. Разам святкуем дні нараджэння і вяселлі, дапамагаем адна адной вырашаць праблемы. Дзяўчаты – вялікія малайцы. Без іх я ніхто. “Тандэм” – гэта ў першую чаргу яны…
Люблю сваю работу! Праўду сказаў нехта мудры: знайдзі сабе справу па душы, і ты не будзеш працаваць ніводнага дня. Бываюць, безумоўна, і праблемы, але стараемся вырашаць іх.
Пра тое, як нараджаецца танец
Наша назва – “Тандэм” – прадугледжвае сумесную працу над ім. Звычайна спярша знаходжу цікавую музыку, нясу яе сваім выхаванцам і раюся, ці варта брацца за справу. Пачынаем фантазіраваць, узнікае вобраз, падбіраем рухі, аб’ядноўваем іх у нешта цэласнае. Ніколі не карыстаемся інтэрнэтам, дзе можна знайсці што заўгодна. Гэта не для нас. Для кожнага танца распрацоўваем сюжэт. Часам на занятках уключаю для самых малодшых музыку і прашу імправізаваць, як робяць у амерыканскіх харэаграфічных школах. Пасля знаходкі танцораў (проста выдатныя!) выкарыстоўваю ў пастаноўках танцавальных нумароў.
Пра пераемнасць пакаленняў
У маіх дачок імкненне танцаваць, відаць, закладзена генетычна. Старэйшая, 19-гадовая Ліля, вучыцца ў Оршы на стаматолага, але час ад часу прыязджае ў госці да “Тандэма” – сумуе па занятках і сябрах. Малодшая, першакласніца Анюта, не адстае ад сястры. Колькі разоў даводзілася папярэджваць: не зробіш урокаў – на рэпетыцыю не пойдзеш.
Пра азначэнне слова “танец”
Ён – само жыццё. Заўсёды гавару сваім дзяўчатам: жывіце ў танцы! Калі робіш гэта і разумееш, што перадаеш сваімі рухамі, атрымліваецца выдатна.
Часам я сама прыходжу ў клас і проста танцую свой настрой. Становіцца лягчэй. Паспрабуйце.
Пра танцавальныя праекты на тэлебачанні
Ахвотна гляджу і іх, і тыя, што звязаны з фігурным катаннем. Калі бачу прыгожы танец, магу нават расплакацца ад захаплення. Ды і дома, калі пяку бліны ці прасую бялізну, а па тэлевізары гучыць музыка, не магу не рухацца.
Нядаўна на адпачынку ў Севастопалі бачыла майстар-клас па сальсе бразільскай пары – не магла адвесці вачэй. Гэта нешта неверагоднае! Таямніцу танца немагчыма спасцігнуць да канца.
Пра іншыя захапленні
З задавальненнем вырошчваю кветкі ля дома. Увогуле, мяне захапляе ландшафтны дызайн. Люблю працаваць на зямлі, дакранацца да яе голымі рукамі, адчуваць цеплыню і сілу.
Пра мары
У мяне іх тры. Па-першае, мару набраць у калектыў хлопчыкаў і разам зрабіць нешта цікавае, незвычайнае. Па-другое, хацела б стварыць клуб лацінаамерыканскіх танцаў для жанчын і мужчын майго ўзросту і старэйшых. Такая практыка існуе ў іншых гарадах. Танец разнявольвае, дорыць крылы. Ні ўзрост, ні сацыяльны статус – нішто не перашкода для тых, хто хоча танцаваць. Проста для сябе, для здароўя, для жыццёвага стымулу. А па-трэцяе, мару, каб танцавала ўся планета! Хай лепш танцуе, чым вядзе войны.
Пра калег
З нагоды Дня работнікаў культуры жадаю здароўя ім і іх блізкім, дабрыні, творчасці, натхнення, маладосці душы і шчасця. Ведаеце, ёсць адзін закон. Мае калегі, людзі, што працуюць у сферы культуры, заўсёды застаюцца маладымі і прыгожымі, бо самі ствараюць прыгажосць…
Запісала
Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
Афиша мероприятий в Каменецком районе 7 – 11 декабря (+кинотеатр)
-
Александр Солодуха: «Жить без песен нельзя!»
-
КИНОТЕАТР «МИР» В КАМЕНЦЕ ПРЕДСТАВИТ ФИЛЬМ «ЗА ПАСТВУ И ОТЕЧЕСТВО»
-
Ушел из жизни заведующий Высоковским ГДК Олег Грипичук
-
Канцэрт, прысвечаны Тыдню бацькоўскай любові, адбыўся сёння ў Каменцы