“1:0. Нічога. Будзе 1:3”

75738967У чэмпіянаце раёна па футболе прайшлі чарговыя матчы.
Першымі ў вочным супрацьстаянні зышліся лідары – “Белавежскі” і “Ніва”. Прычым, як не дзіва, першымі ідуць белавежцы, якія і наведаліся ў госці да грозных апанентаў. Праўда, факт апярэджання ў турнірнай табліцы не даваў ім статусу фаварыта сустрэчы. Усё ж пазіцыі “Нівы” пакуль яшчэ непахісныя, хоць і крыху падмочаны неабавязковымі паражэннямі. Тым не менш, гаспадары мараць аб чарговым, дзясятым, юбілейным трафеі. І дзе, як не на сваім полі, даказваць перавагу над сапернікам. Не атрымалася. Гульня скончылася ўнічыю. І то добра. Пачатак, праўда, не прадказваў бяды. Каманда вый­шла наперад. А затым – пенальці. Яшчэ гол з гульні. І ўжо не ўсё так радужна ў перспектыве. А затым зноў 11-метровы. Статус-кво адноўлены. Ёсць жа яшчэ гульня ў запасе. Так што ёсць і магчымасць у “ніваўцаў” абысці няўступчывых белавежцаў. А, можа, менавіта “Белавежскі” перарве гегемонію “Нівы” на футболь­­-
ным алімпе раёна…
Нічыя 31 жніўня ў Доўбізне ў першую чаргу стала гаючым бальзамам на рану “пушчанцам”. У мінулым туры, як вядома, “Камянецкая пушча” з мінімальным лікам саступіла “Высокаму” і тым самым аддала першае месца “Белавежскаму”, які асечкі не дапусціў. Нічыя зноў давала ёй шанц узабрацца на вяршыню турнірнай табліцы. Трэба было толькі перамагаць “Ставы” ў баталіі 12 тура. Разборкі, праўда, прыйшлося адкласці на чац­вер, 5 верасня. Надвор’е ў гэты дзень пайшло насустрач футбалістам – толькі гуляй. А вось гэтага якраз і не хапала. Распачаўшы сустрэчу 11 супраць 9, “пушчанцы” амаль ніякай выгады з гэтай сітуацыі так і не займелі. Пенальці напрыканцы першага тайма, які вывеў каманду наперад, – хутчэй падарунак за патугі: гульня ў пас не ішла, удары па варотах – раз-два і аблічыўся. “Ставы” ж абараняліся самааддана і фактычна не далі шанцаў саперніку каля сваіх варот. І адзіны гол іх не надта расчараваў. Ну не дацярпелі крыху. А вось другі тайм глядзеўся па-іншаму. Не, у “Камянецкай пушчы” па-ранейшаму мала што атрымлівалася – не яе быў, відаць, дзень. Затое ў поўным сас-таве гулялі “Ставы”. Ды і гол не заставіў сябе доўга чакаць. Памылка флангавага абаронцы і парытэт адноўлены. А затым яшчэ пенальці. І ўжо ў ролі даганяючых “Камянецкая пушча”. А потым было сола ў выкананні галоўнага арбітра. Наколькі было ўсё па заслугах, цяжка казаць: статыстыка матча – чатыры пенальці (каб не бачыў, не паверыў бы), два выдаленні. Магчыма, усё ж, заняўшы такую жорсткую па­зіцыю, арбітр і загубіў матч. Але, на маю думку, перамогу “Ставы” заслужылі. У перапынку хтосьці са стану іх каманды, жартуючы, выказаўся: “1:0. Нічога. Будзе 1:3”. Пазітыўны настрой на перамогу відавочны. Хаця ігрок і сам, пэўна, не зусім верыў у такі расклад. Тым не менш, амаль не прагадаў.
У астатніх сустрэчах упэўненыя перамогі атрымалі “Аг­рапрадукт” і “Высокае”. Першыя ў сераду, 4 верасня, раз­-
грамілі “Доўбізна”, другія – 1 верасня нанеслі буйное паражэнне “Без праблем”.
ВЫНІКІ: “Ніва” – “Белавежскі” – 2:2, “Доўбізна” – “Аграпрадукт” – 1:5, “Без праблем” – “Высокае” – 0:5, “Камянецкая пушча” – “Ставы” – 2:4.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий