Хорошей вам погоды

23 сакавіка адзначаецца Сусветны метэаралагічны дзень.
Як вядома, надвор’е і клімат аказваюць вялікі ўплыў на падтрыманне жыцця на зямлі, на харчовую бяспеку, на здароўе чалавека і на яго адпачынак. Калі рэзка змяняецца надвор’е, у свеце часта назіраюцца стыхійныя з’явы. За кліматычнымі зменамі ў прыродзе кругласутачна вядуцца назіранні на метэастанцыі Высокае. На працягу трох хвілін мы павінны перадаць паведамленне аб небяспечнай з’яве ў рэспубліканскі метэацэнтр і апавясціць народнагаспадарчыя арганізацыі раёна. Акрамя таго, у штатным рэжыме кожныя тры гадзіны перадаюцца даныя аб надвор’і сіноптыкам рэспубліканскага гідраметэацэнтра, на падставе якіх складаюцца прагнозы. Іх верагоднасць дасягае 90%.
Штодзённа вядзем радыяцыйны кантроль за паветрам у горадзе, за забруджваннем атмасферных ападкаў. На палетках ААТ “Александрыя-Агра” назіраем, як уплываюць умовы надвор’я на развіццё і стан раслін і асяроддзе іх знаходжання.
І такую значную работу выконвае невялікі жаночы калектыў – вопытныя супрацоўнікі-ветэраны працы, як Людміла Мікалаеўна Шокала, і маладыя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. На метэастанцыі створаны добрыя ўмовы для працы: праведзены капітальны рамонт будынка, закуплены новыя прыборы і абсталяванне, ахоўная зона метэастанцыі ў належным парадку. Мы любім сваю работу і горад, у якім жывём. А ўсім жадаю добрага надвор’я.
Валянціна Патапенка,
начальнік метэастанцыі Высокае.
На здымку: старшы тэхнік-метэаролаг Наталля Патапенка здымае паказанні тэмпературы паветра, праводзіць замер атмасферных ападкаў. На метэастанцыі яна працуе сем год, закончыла Маскоўскі гідраметэаралагічны каледж.

Добавить комментарий