Не хадзіце, дзеці, вечарам гуляць?!

Гэта гісторыя адбылася 7 красавіка бягучага года ў Высокім. Аляксандр К., яго сястра, Андрэй К. і Максім Х. вырашылі прагуляцца па родным горадзе. Нішто не прадказвала бяды…

Сустрэўшыся ў раней запланаваным месцы, маладыя людзі накіраваліся на карусель, што знаходзіцца на ўскрайку горада. Іх шлях пралягаў праз палацава-паркавы ансамбль. Праходзячы непадалёк ад стадыёна, кампанія сустрэла дваіх сябрукоў – Аляксандра Х. і Віктара С., якія на цэментаваным стале распівалі спіртныя напоі. Таварышы паклікалі да сябе спачатку Максіма Х., які аказаўся знаёмым абодвум сябрам, а потым – усіх астатніх. Пасля размовы Максіма Х. з Аляксандрам Х. стала вядома, што першаму не падабаецца Аляксандр К. (1996 года нараджэння), а таксама дадаў, што той гаворыць аб сваёй сястры розныя дрэнныя рэчы. Аляксандр Х. пачаў задаваць пытанні, на якія юнак адказваў. Пасля гэтага загадаў папрасіць прабачэння ў сястры, што і зрабіў непаўналетні. Для падвыпітай кампаніі патрэбны быў толькі штуршок для таго, каб “пачасаць” свае кулакі…

І пачалося. Былы сусед Аляксандра К., Віктар С., знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, з хуліганскімі намерамі, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы непавагу да грамадства, наўмысна тройчы пхнуў рукамі непаўналетняга Аляксандра К., а потым ударыў. Пасля да біцця далучыўся Максім Х. Ад удараў апошняга юнак упаў на цэментаваны стол. Але на гэтым здзекі не скончыліся. Максім Х. сцягнуў за куртку ні ў чым не вінаватага хлопца на зямлю, і тут ужо разам з Аляксандрам Х. пачалі біць яго нагамі. А потым Максім Х., становячыся адной нагой на правы бок галавы юнака, не менш за чатыры разы падскочыў. А далей сцэнарый разгортваўся, як у кіно: пацярпелага паставілі на калені і Аляксандр Х. ударыў яго ў твар і жывот, а таксама з выключным цынізмам, дэманструючы пагардлівыя адносіны да маральных каштоўнасцяў грамадства і патрабаванняў добрых паводзінаў, здзекваючыся з  непаўналетняга, плюнуў апошняму ў твар. І толькі пасля гэтага несвятая тройца адпусціла скрываўленага юнака дадому.

За ўсім, што адбывалася ў той злашчасны дзень у палацава-паркавым ансамблі, назіралі сястра і сябар пацярпелага, але ім забаранілі пад пагрозай расправы званіць каму-небудзь ці клікаць на дапамогу.

Прычыны агрэсіі за ўвесь час здзекаў і пабояў мяняліся некалькі разоў. Адна з іх – Аляксандра К. “заказалі”. Чым не трылер?

Пераходзячы да юрыдычнай ацэнкі, суд пераканаўся ў тым, што абвінавачваемыя Максім Х. і Віктар С. вінаватыя ў наўмысных дзеяннях, яны парушалі грамадскі парадак і выказвалі непавагу, якая суправаджалася прымяненнем насілля, здзейсненага групай асоб, а Аляксандр Х. рабіў усё гэта з выключным цынізмам.

Дзеянні падсудных кваліфікаваны па ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае хуліганства).

Пасля судовага разбору 19 лістапада суд вынес прыгавор – прызнаць падсудных вінаватымі.

Аляксандру Х. прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады; Максіму Х. і Віктару С. – без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінамі на два і адзін год адпаведна.

Акрамя гэтага, з асуджаных павінны спагнаць на карысць пацярпелага Аляксандра К. 15 мільёнаў рублёў за прычыненне маральнай шкоды.

Гэта гісторыя яшчэ раз паказвае, што пасля ўжывання спіртнога чалавек нярэдка становіцца падобным на драпежніка і ў яго праяўляюцца звярыныя інстынкты. Думайце аб выніках загадзя, каб не кусаць локці потым, на лаве падсудных…

Галіна ПРЫХОЖКА, старшыня суда раёна.

Наталля ГРЫЦУК.

Ад рэдакцыі. Хацелася б дадаць яшчэ і такі факт: на момант учынення злачынства Максім Х. і Віктар С. з’яўляліся навучэнцамі Высокаўскага сельскагаспадарчага каледжа.

Дагэтуль застаецца незразумела, чаму многія, хто бачыў, што адбываецца ў высокаўскім парку 7 красавіка, не паклікалі на дапамогу? Няўжо менавіта такімі сталі маральныя прынцыпы нашых 14-16-гадовых падлеткаў? Відаць, столькі зараз каштуе сяброўства?

Добавить комментарий