Медаль з Чэхіі

чехияСёлета ў Чэшскай рэспубліцы адзначаюць вызваленне сталіцы і ўсёй краіны ў цэлым ад фашызму. Як гэты факт звязаны з Камянеччынай? – спытаеце вы. Самым непасрэдным чынам!

Міністр абароны Чэшскай рэспублікі Марцін Страпніцкі вырашыў уручыць ветэранам 200 медалёў “70 гадоў заканчэння Другой сусветнай вайны”. Адна такая ўзнагарода знайшла свайго ўладальніка ў вёсцы Ваўковічы нашага раёна.

Міхаіл Каленікавіч Ляшчук і яго дачка з радасцю і хваляваннем сустракалі гасцей з Каменца: ваеннага камісара Камянецкага раёна Максіма Хвірысюка, загадчыцу сектара ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгу Змееву, старшыню Раснянскага сельскага Савета дэпутатаў Валерыя Бядулю і аўтара гэтых радкоў.

Медаль з няблізкай Чэхіі – не першы ў калекцыі паважанага ветэрана. На яго парадным пінжаку – ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За вызваленне Прагі” і шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

Пра свой слаўны баявы шлях Міхаіл Каленікавіч успамінае не так часта, відаць, трывожныя і балючыя гэтыя ўспаміны. У армію яго забралі ў жніўні 1944 го­да, служыў у Чэхаславакіі, Германіі, Румыніі, Аўстрыі, усяго – шэсць гадоў. У Празе, якую вызваляў, быў кантужаны.

– Памятаю: ачуняў тады і ўбачыў, што мяне выбухам на восем метраў ад дарогі адкінула, – распавядае дзядуля, а потым дадае: – Я Радзіме сваёй шмат аддаў, душой адчуваю. Гэ­та было неабходна. Гэта быў наш доўг.

Дадому Міхаіл Каленікавіч вярнуўся ў 1950-м, ажаніўся, працаваў на тагачасным камбінаце хлебапрадуктаў… Першага лістапада сёлета ветэран свят­каваў свой 90-гадовы юбілей, на які завіталі яго трое дзяцей, сямёра ўнукаў і дванаццаць пра­ўнукаў.

Госці яшчэ раз павіншавалі дзядулю з днём нараджэння, а Вольга Змеева перадала яму падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий