“Маё імя – Марта”

марта19 гадоў таму ў трэці дзень сакавіка ў Каменцы з’явілася на свет прыгожая дзяўчынка. Шчаслівая мама зірнула тады на сваю дачушку, шчодры вясновы падарунак, і вырашыла, што лепшага імені для яе, чым Марта, прыдумаць немагчыма…

Дзяўчынка вучылася ў сярэдняй школе №1 у райцэнтры, а вольны час бавіла ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе не было ніводнага гуртка, заняткі якога яна не наведвала б. Аднак самым галоўным, лёсавызначальным нават, захапленнем сталі танцы. 13 гадоў Марта прысвяціла ім, а дакладней – узорнаму ансамблю эстраднага танца “Капрыз” пад кіраўніцтвам Валянціны Крывец.

Сёння дзяўчына вучыцца на трэцім курсе Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, асвойваючы спецыяльнасць “Народная творчасць. Танцы”.

– Збіраешся атрымліваць і вышэйшую адукацыю таксама?

– Буду паступаць ва ўніверсітэт культуры ў Мінск.

– Падтрымліваеш сувязь з “Капрызам”?

– Безумоўна! Калі запрашаюць выступіць, не адмаўляю. Нядаўна, напрыклад, мы зноў танцавалі разам у Брэсце. А яшчэ літаральна некалькі дзён таму скончылася мая практыка, якую праходзіла ў “Капрызе”, паспрабавала сябе ў ролі педагога – вяла рэпетыцыі.

– Складана было?

– Ды не. Дзеці паслухмяныя. Акрамя таго, усе яны мяне добра ведаюць.

– Як табе жывецца з рэдкім, незвычайным імем?

– Яно вельмі творчае. Вось я і імкнуся адпавядаць. Дарэчы, імя Марта не такое і рэдкае. У мяне ў каледжы, напрыклад, ёсць цёзка.

– Ведаю, што ў цябе два браты і дзве сястры. У іх таксама асаблівыя імёны?

– Адну сястрычку клічуць Сюзаннай, другую – Евай.

– Як цябе называюць дома?

– Мартай. А вось сябры любяць фантазіраваць, прыдумваюць варыянты. Для іх я і Мартка, і Мартусік… (Усміхаецца.)

– Як у вас дома адзначаюць Міжнародны жаночы дзень?

– Усе збіраемся разам. Мы з мамай накрываем стол, а тата, браты і мужы сясцёр дораць цюльпаны. Атрымліваецца цэлы абярэмак!

– Што для цябе лепшы падарунак на 8 Сакавіка?

– Цюльпаны! Абавязкова чырвоныя!

І я чамусьці не сумняваюся, што і сёлета Марта прычакае сваіх любімых кветак… Са святамі!

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий