Курс выбран правильный

27 красавіка прайшлі адкрыты чэмпіянат і першынство Брэсцкай вобласці на прызы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Заслужанага трэнера СССР Яўгенія Шукевіча ў праграме XXVIII Рэспубліканскага турніру па лёгкаатлетычных кіданнях. Выступілі на спаборніцтвах і прадстаўнікі нашага раёна.
Найбольш важкія вынікі паказалі Алёна Мурына (ядро, 10,92 м) – трэцяе месца, Анастасія Селіванюк (кап’ё, 33,60 м) – другое, Мікалай Клімук (кап’ё, 56,86 м) і Валерый Галубковіч (дыск, 59,70 м) – першыя месцы. Таксама трэцяе месца ў Валерыя і ў штурханні ядра (16,12 м). Усе гэтыя месцы тычацца абласнога заліку. Між іншым, юнакі яшчэ трапілі ў прызёры рэспубліканскага заліку. Валерый зноў першы ў кіданні дыска, а Мікалай размяняў першае месца на трэцяе ў кіданні кап’я.
30 красавіка – 1 мая ў Брэсце стартавалі новыя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы – Алімпійскія дні моладзі сярод юнакоў і дзяўчат 1995-1996 г.н. Добры пачын кідальнікаў падтрымалі Вераніка Галоўчык з Белавежскай СШ (трэнер Сяргей Нізавец) – у яе першае месца ў сяміборстве. Разам з ёй на п’едэстал узнялася выхаванка СДЮШАР “Пушча” Анастасія Селіванюк (трэнер Вячаслаў Шаблінскі). Вучаніца Высокаўскай СШ паказала другі вынік. Героям жа спаборніцтваў стаў Андрэй Баярын з СШ №1 г.Каменец (трэнер Алег Кірылюк). Юнак узяў першае месца на дыстанцыі 200 м і другое – на 100 м.
Па выніках выступлення ў гэтых двух лёгкаатлетычных турнірах падводзіўся агульны вынік. І нельга не парадавацца. Каманда Камянецкага раёна заняла першае месца ў сваёй групе – сярод раёнаў вобласці, ды і ў агульным заліку саступіла толькі дружыне Брэста. Адзначу, што такі зыход не проста супадзенне. У алімпійскіх днях моладзі нашы землякі і ў мінулыя гады не білі лынды: былі трэцімі ў 2010-м, другімі – у 2011-м і, нарэшце, сталі першымі ў 2012-м. Як бачна, курс выбраны правільны, трэба толькі затрымацца на вышыні.

* * *
27 красавіка Баранавічы прымалі абласную спартакіяду школьнікаў па самба сярод юнакоў 1996-1997 г.н. Па выніках выступлення ёсць чым пахваліцца і выхаванцам СДЮШАР “Пушча”. Так, Павел Мартысюк (45 кг), Андрэй Міхальчук (+78 кг), Яўгеній Шальпук (59 кг) і Артур Гаўрылавец (73 кг) занялі трэція месцы. Лепшы ж вынік у Кірыла Мартысюка (63 кг) – другое месца.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ

Добавить комментарий