Цёплаю ночкай купальскаю…

Надвячоркам дзясятага ліпеня старажытны парк у Высокім гудзеў, як вулей. Сюды спяшаліся, пакідаўшы ўсе справы, выскаўчане і госці горада, каб паўдзельнічаць у святкаванні Купалля.

Купалье в Высоком

Рознакаляровы старт шматлікім мерапрыемствам гэтага дня дало шоў фарбаў “Холі”, арганізаванае аўтарскім цэнтрам “АРТ-Піпер”. Моладзь літаральна жменямі чэрпала настрой усіх адценняў вясёлкі – і хутка не засталося ніводнага юнака і дзяўчыны без чырвона-сіня-зялёных разводаў на адзенні, тварах, руках.

Купалье в Высоком

Працэс размалёўвання весялей ішоў пад індыйскія матывы, за якія адказвалі два дыджэі з Брэста. Яны арганізавалі таксама і забаўляльную праграму. За ўсім гэтым з лавачак назіралі людзі больш сталага веку (з бяспечнай адлегласці, так бы мовіць) і, напэўна, вагаліся: далучыцца ці не?

Купалье в Высоком

Пасля ўсіх гасцей свята паклікала да сябе сцэна летняга амфітэатра, дзе распачынаўся канцэрт фальклорнага калектыву “Палаўчанка” з Пагранічнай. А на змену яму да гледачоў выйшлі спевакі з Польшчы – калектыў “Цаглінкі” са Старога Ляўкова (гміна Нараўка). Пры чым, іх выступленне ўключала ў сябе не толькі песні, але і гумарэскі.

Купалье в Высоком

Працягам фальклорнай часткі свята сталі госці з раённага цэнтра – народны аматарскі калектыў “Камянецкая скарбонка”. Слухаючы, як спяваюць іншыя, немагчыма было стрымаць і ўласнага імкнення хоць раз у жыцці выйсці на сцэну.

Купалье в Высоком

Такая магчымасць з’явілася ў высакаўчан падчас арыгінальнага караоке-шоу, і многія скарысталі яе. Кожны мог апрануць касцюм той ці іншай зоркі эстрады, уключалася фанаграма песні, і – прастора для імправізацыі адкрыта. У выніку гледачы шоу ўбачылі выступленні Элвіса Прэслі, П’ера Нарцыса (таго самага, які “шакаладны заяц”) і Машы Распуцінай. Карыстаўся папулярнасцю таксама вобраз героя Джыма Кэры з кінафільма “Маска”.

Купалье в Высоком

Касцюмы для караоке-шоу прадаставіў адзін з тэатраў Данецка, актрыса якога Святлана Трафіменка сама пераўвасобілася ў адну знакамітую спявачку. Якую? Няхай захаваецца інтрыга…

Пасля самога Элвіса на сцэну выходзіць было крыху боязна, але артысты здалі гэты “экзамен” на дзясятачку. Вялікі эстрадны канцэрт паказалі спевакі з Брэста, Каменца і Высокага. Не абышлося, безумоўна, і без Ангеліны Піпер, вернай і даўняй сяброўкі Высокага. У кампаніі дыджэяў, што ўзгадваліся вышэй, яна паказала некалькі нумароў.

А потым… Якое ж Купалле без вогнішча вышынёй да неба? Яго запалілі пад песню. І прыродны агонь цудоўна дапаўняўся штучным – адначасова над Высокім зіхацеў і пераліваўся феерверк.

Кажуць, на Івана ночка мала. Але як жа шмат яна можа змясціць!

P. S. Дырэктар Высокаўскага ГДК Алег Грыпічук гаворыць шчыры дзякуй за цудоўнае свята ўсім тым, хто спрычыніўся да яго!

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Сняжаны КУРБАНАВАЙ.

Добавить комментарий