Кто привозит хлеб в деревню?

Што мы робім, калі ў нас дома нечакана заканчваецца хлеб, мука (а пірага так хочацца!), алей ці яшчэ што з прадуктаў? “Дзіўнае пытанне, – адкажаце вы. – Іду ў магазін, зразумела.” А як жа даводзіцца тым, хто жыве ў аддаленай вёсцы раёна, тым, каму да бліжэйшай гандлёвай кропкі некалькі кіламетраў? Нялёгка. Але тут на дапамогу людзям (звычайна – пажылым) пры­ходзіць філіял “Розніцагандаль” райспажыўтаварыства, а дакладней – прыязджае аўтамагазін. У народзе яго называюць аўталаўкай, але сэнс ад гэтага не мяняецца.
Сёння 5 аўтамагазінаў філіяла абслугоўваюць каля 130 вёсак. Звычайна тыя, дзе няма стацыянарных гандлёвых кропак, але бываюць і выключэнні. Часам здараецца так, што населены пункт мае свой магазін, але жыхарам цяжка дабірацца да яго з той прычыны, што вёска “раскіданая”. У такія населеныя пункты (у нашым раёне гэта Пелішча, Хадасы, Русілы, Навіцкавічы, Амелянец, Доўбізна і Мартынюкі) таксама едзе аўтамагазін.
Па правілах ён павінен рабіць толькі 2-3 прыпынкі ў адной вёсцы, але супрацоўнікі “Розніцагандлю” ахвотна ідуць насустрач пажылым людзям, якім цяжка дайсці да вызначанага прыпынку аўтамабіля з прадуктамі, і пад’язджаюць проста да хат сваіх пакупнікоў. Кожны аўтамагазін, дарэчы, мае свае маршрут і графік, выязджае двойчы на тыдзень і наведвае за адзін дзень 14-18 вёсак. Нядзеля – выхадны дзень у вадзіцеляў і прадаўцоў. Па аўторках і пятніцах прадавец знаходзіцца на базе, а калі дакладней, – на складзе (у кожнай машыны склад свой). Атрымаўшы тавар, ён фасуе яго па 400-500 грамаў, каб пасля на месцы зручней і хутчэй было працаваць. Дарэчы, возяць з сабой кантрольныя вагі, каб любы пакупнік, калі пажадае, мог пераважыць купленае і ўпэўніцца ў тым, што яго не падманваюць. Акрамя вагаў, ёсць касавы апарат, халадзільнік, без якога не абысціся, перавозячы мясныя і малочныя прадукты. Прадаўцы выдатна ведаюць, што карыстаецца попытам, бяруць заяўкі на тавары прамысловай групы.
Пазнаёмімся ж непасрэдна з імі, а таксама з іх надзейнымі памочнікамі – вадзіцелямі. Аўтамагазін №1 – гэта зла­джаная каманда ў складзе прадаўца Марыі Хамутоўскай і вадзіцеля Віктара Якаўлева, аўтамагазін №2 – прадавец Таццяна Нігерыш і вадзіцель Аляксандр Мацюхевіч, аўтамагазін №3 – Святлана Севянюк і Павел Андраюк, №4 – Святлана Дзік і Аляксандр Амельянюк, №5 – Наталля Сцепанюк і Аляксандр Мурын. Працаваць “дуэтам” прадаўцы і вадзіцелі ўжо прызвычаіліся. Колькі кіламетраў дарог пакінулі яны за сабой, колькі дзясяткаў людзей чакаюць іх двойчы на тыдзень як лепшых гасцей! Давялося ўпэўніцца ў тым на канкрэтным прыкладзе. Якраз у той дзень, калі завітала на базу “Розніцагандлю”, дырэктар філіяла Наталля Мацюхевіч праводзіла сход прадаўцоў аўтамагазінаў. На ім яна зачытала пісьмо жыхароў вёсак Воля, Мельнікі, Ганцы, Дымнікі, Гурыны, Баяры, Кукальчыцы, Дварцы (Рэчыцкі сельсавет), накіраванае на імя старшыні райспажыўтаварыства Лідзіі Балюк. У гэтым звароце выказвалася шчырая падзяка “экіпажу” аўтамагазіна пад нумарам 2. Як можна было ўпусціць шанец пагаварыць з яго прадаўцом Таццянай Нігерыш?
– Таццяна Фёдараўна, як даўно працуеце прадаўцом?
– У гандлі я з 1985 года. Прыйшла вучаніцай, авалодала прафесіяй. А ў аўтамагазіне №2 – з 2006-га.
– Якія вашы асноўныя маршруты?
– Па аўторках і чацвяргах рухаемся ў Рэчыцкім накірунку, па серадах і суботах наша дарога вядзе ў Ратайчыцкі і Свішчоўскі сельсаветы. Заязджаем таксама і ў Бучамлянскую школу-інтэрнат.
– Ці здаралася ў вас так, што тавару не хапала?
– Практычна не. Загадзя ведаем, вопыт досыць вялікі, колькі чаго браць. Часам застаюцца лішкі. Ды ўвогуле, асноўныя нашы пакупнікі – пажылыя людзі. Яны вельмі эканомныя, купляюць толькі самае неабходнае. Але калі раптам завітаюць у госці ці на лета ўнукі, не ўтрымаюцца – частуюць малечу цукеркай ці булачкай, якія таксама можна набыць у нас.
– Прымаеце заяўкі ад пакупнікоў?
– Безумоўна! Можам смачны торт прывезці да юбілею, напрыклад. Вяду спецыяльны журнал, у які запісваю пажаданні. Здаралася, што, акрамя прадуктаў, яшчэ і рэчы прывозілі: халадзільнікі, веласіпеды, вёдры… Усё, што ў гаспадарцы спатрэбіцца.
– Скажыце, ці шмат у вёсках, якія наведваеце, адзінокіх пажылых людзей?
– Ведаеце, амаль няма. І гэта вельмі радуе. Бабулі і дзядулі не застаюцца адны: дзеці іх альбо да сябе забіраюць, альбо самі пераязджаюць у вёску. Клапоцяцца…
– Сустракаюцца на шляху вашага аўтамагазіна выміраючыя вёскі?
– Ёсць такія. У Грудовіках, напрыклад, мы заязджаем усяго толькі да адной пажылой жанчыны, а ў Перасеках чакаюць нас чатыры чалавекі. Сумна гэта…
– Засмучае, напэўна, і стан дарог, па якіх даводзіцца ездзіць?
– Як жа без таго? “Франтавыя” дарогі! Мой вадзіцель Аляксандр Мацюхевіч напакутаваўся, прабіраючыся па іх. Напрыклад, праз вёску Крыўляны праехаць практычна немагчыма. Звярнулі б на гэта ўвагу нарэшце. Так, як зрабілі тут, у Чамярах.
– Ці здаралася, што ўзімку з-за снежных заносаў людзі заставаліся без хлеба?
– Не! Калі і захраснем, бывала, звязваемся з мясцовым сельскім Саветам, высылаюць трактар, каб выцягнуць. Усе разумеюць, што аўтамагазін для маленькай вёсачкі – адзіны шанец набыць прадукты. Акрамя таго, калі замятае асабліва моцна, мясцовыя органы ўлады арганізоўваюць падвоз людзей да месца прыпынку на кані.
– Калі пачынаецца ваш працоўны дзень?
– У 6.30 прыходзім да свайго склада, загружаем тавар, едзем па свежы хлеб і кандытарскія вырабы, а потым пачынаецца звыклая дарога, часам асфальтаваная, часам прасёлачная. У чатыры гадзіны дня рабочы дзень заканчваецца. Час наш абмежаваны, таму ў вёсках не можам спыняцца надоўга, памятаем – чакаюць іншыя людзі.
– Атрымліваецца пагаманіць з пакупнікамі аб жыцці-быцці?
– Хіба толькі крышку. Пытаюцца, што чуваць па свеце. Але галоўнае, думаецца мне, нават не гэта. Важна, што пажылыя людзі маюць магчымасць сустрэцца адзін з адным, пабыць разам у чаканні аўтамагазіна. Аднаму ў хаце сумна.
– Напэўна, ведаеце сваіх пакупнікоў на імёнах?
– Хутчэй па прозвішчах. Ведаю і тое, хто з пакупнікоў які хлеб любіць, што звычайна ў нас купляюць. Я сама з Дымнікаў родам. Мясціны і людзі мне знаёмыя.
– А як паводзяць сябе дачнікі?
– Яны розныя бываюць, часцей прос­тыя, добрыя людзі. Але часам здараецца і так, што немагчыма ім нічым дагадзіць. Яно і зразумела: прызвычаіліся дома, у гарадах, да вялізнага выбару тавараў, вось і ад нас хочуць нечага асаблівага. Стараюся знаходзіць з імі агульную мову.
– Напэўна, прадаўцу аўтамагазіна трэба быць крыху псіхолагам?
– Рознае здараецца. З пажылымі людзьмі без чуласці, адкрытасці і дабрыні ніяк.
Вось такая атрымалася размова, але тэорыя, як кажуць, тэорыяй, нам бы… практыкі. З мэтаю паназіраць за работай аўтамагазіна №2 у, так бы мовіць, “палявых умовах”, 17 мая выправілася ў Чамяры 2, куды ён павінен быў прыехаць. Першы прыпынак экіпаж у складзе Таццяны Нігерыш і Аляксандра Мацюхевіча зрабіў ля дома Яўлампіі Арцёмаўны Дзмітрук. Ён незапланаваны, але чаго не зробіш для чалавека проста ад таго, што імкнешся яму дапамагчы. Бабулька, відаць, ужо чакала прыезду аўтамагазіна. Хлеб, малако, яшчэ сёе-тое з прадуктаў… Ці многа трэба? Але і па гэта нямногае Яўлампія Арцёмаўна з цяжкасцю дайшла б да вызначанага прыпынку аўтамагазіна…
Спрытна спакаваўшы купленае, Таццяна Фёдараўна цікавіцца, як жыве бабулька, ці здаровая. А на маё пытанне наконт таго, ці добрая прадаўшчыца прыязджае ў Чамяры 2, Яўлампія Арцёмаўна адказвае адназначна: “Добрая!” і не можа стрымаць слёз. “Калі б не аўталаўка, памерла б я,” – зазначае яна. Нялёгкі для спрацаваных рук пакет вадзіцель ахвотна адносіць у дом, туды ж праводзяць і бабульку. Зачыняюцца дзверы машыны, прадавец садзіцца ў кабіну. Паездка працягваецца.
Да наступнага прыпынку ў той жа вёсцы прыходзяць ужо дзве бабулі-суседкі. Таццяна Шосцік і Марыя Каралінская падрыхтаваліся да пакупак загадзя, у адной з іх ёсць нават адмыслова складзены спіс. Усё неабходнае знаходзіцца ў аўтамагазіне, пакупніцы застаюцца задаволенымі. На тое ж пытанне пра прадаўца жанчыны хорам адказваюць: “Добра людына!” Што тут дадаць?
І толькі потым, калі мой фотаапарат хаваецца ў сумку, з’яўляецца яшчэ адзін пакупнік, якому патрэбна, відавочна, нешта асаблівае, “для лячэння”. Што ж… Кожнаму сваё.
Дарэчы, у гэты дзень у продажы былі: хлеб (ад 3430 да 4370 рублёў), батон (4440 і 4380 руб.), малако (3,2% тлустасці, 3000 руб.), мука (пінская, 2 кг, 6280 руб.), цукар (7500 руб.), соль (2440 руб.), рыс (0,9 кг, 9350 руб.), грэчка (0,9 кг, 16190 руб.), алей (15440 руб.), воцат (7400 руб.), гарэлка (27300 руб.), запалкі (200 руб.) і інш. Выбар багаты. З-за тэрмінаў прыдатнасці непакоіцца няварта…
Вось і ўсё. Пакупкі зроблены. Аўтамагазін спяшаецца далей. А як жа вёска? А вёска жыве, пакуль прывозяць сюды хлеб. Бо без хлеба якое жыццё?

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий