Каменная справа ў Абяроўшчыне

IMG_8293Сярод вытворчых пляцовак, на якія багата ўсходняя ўскраіна Абяроўшчыны, – прамысловая база філіяла ДБПМК-27 ААТ “Будтрэст №8” (Брэст). Адсюль дарожна-будаўнічая перасоўная мехкалона атрымлівае шчэбень патрэбных фракцый – ад 5 да 40 мм, а таксама – гравій сеяны і мыты. Апошні асабліва запатрабаваны. Як даведалася ад майстра Аляксандра Карпука, калі з гравію выдалены гліна і другія ўключэнні, бетонныя канструкцыі атрымліваюцца больш моцнымі. Таму ведаюць сюды дарогу і ў іншых будаўнічых арганізацыях, і прыватныя забудоўшчыкі.

Штат невялікі – да дзесяці чалавек. Працуюць у дзве змены. А зыходны матэрыял – гравійна-пясчаную сумесь – набываюць у радовішчах-кар’ерах “Унучкі” (райаграсэрвіс) і “Кашчэннікі” (ДСУ-15, Брэст). За месяц апрацоўваюць каля 12 тыс. тон сумесі. На шчэбень здрабняюцца і прынесеныя да нас старажытным ледніком са Скандынавіі валуны і каменныя глыбы – сведкі ледавіковай эпохі…

Для вывазу гатовай прадукцыі пры неабходнасці філіял задзейнічае і чыгуначны транспарт.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий