Дом с историей

Як часта здзіўляемся нечаканым пераменам: здаецца, яшчэ ўчора тут стаяла звычайная хатка пад дахам з заімшэлага шыферу, а ўжо сёння – прыгожы, урачысты дом. Хоць на справе і не так хутка ўсё робіцца, але тое, што з кожным годам усё больш немаладых хат набываюць “другое дыханне” і прэзентабельны выгляд, – факт. У доме, які мае гісторыю, у яе рамантычнай аўры жыць, пэўна, цікава. Пры ўмове, што яго гаспадары цяжкасцей не баяцца, валодаюць добрым густам, задуманае даводзяць да ладу.
Сям’я Араіка і Таццяны Дзермаян, у якіх двое дзяцей, купіла драўляную хату ў Каменцы пасля пераезду з Арменіі. “Пакупка”, набытая ў непаседлівых цыган, якія некалі таксама купілі гэтую хату ў колішніх гаспадароў, мела выгляд незайздросны. Але Дзермаянаў гэта не палохала, бо работы не баяцца ды і з будаўнічай справай Араік знаёмы не па чутках. Пазней на сямейным савеце вырашылі, што з часам зменяць стары шыфер на яркую металачарапіцу, а сцены “зашыюць” у цагляную абліцоўку: цэгла – матэрыял даўгавечны, што не патрабуе догляду і рамонту, у спалучэнні з драўлянай каркаснай канструкцыяй забяспечвае добрую цеплаізаляцыю.
Не адразу адбылося цудоўнае пераўтварэнне, бо то грошай не хапала на матэрыялы, то іншыя праблемы адцягвалі ўвагу і час, але паступова на вачах суседзяў “гадкий утёнок” набываў выгляд лебедзя. Вядучым дызайнерам была Таццяна. Ідэі шукала ў часопісах, у інтэрнэце. У час рэканструкцыі ў хаце былі пакінуты толькі нясучыя сцены – Таццяна прасіла мужа, каб было як мага больш прасторна. Каб стварыць адчуванне прасторы, адмовіліся ад некалькіх перагародак – прыхожая паступова “перацякае” ў кухню-сталовую, дзе спачатку быў пасцелены лінолеум, а цяпер пад нагамі нясумная, цёплых аранжавых адценняў, плітка ў грэчаскім стылі. Усё ў доме зроблена рукамі гаспадара, і гэта дадае жыллю ўтульнасці. А, галоўнае, – дало магчымасць сэканоміць нямала грошай. Араік адмыслова кладзе плітку (сёння ён займаецца гэтым як індывідуальны прадпрымальнік). Яго класічны “почырк” у той справе бачны адразу, ля веснічак, ад якой вядзе дарожка, выкладзеная пліткай, да прыбудовы-“патио” (Араік спраўдзіў задумку жонкі). Дах над прыбудовай трымаюць цагляныя калоны, а ўнутраная прастора – гэта адначасова і ганак, і летняя сталовая, і ўтульны дворык, абаронены ад дажджу і ветру. Здольнасць цэглы накопліваць і доўга аддаваць цяпло дае магчымасць адпачываць тут і халаднаватым вечарам.
Побач з домам – калодзеж, які ўзяў на сябе ролю ўласнага “водазабору”, бо з дапамогай электрапомпы дом сілкуецца вадой (абышліся без свідравіны). Акрамя таго, калодзеж стаў выдатным дадаткам да рамантычнай задумкі сядзібы ў стылі “кантры”. Не адзін год пасля таго, як вывезлі з двара гару “бытавых адходаў”, гаспадыня стварае тут кветкавую прыгажосць у суседстве з невялікім агародам.
Хто б ні зайшоў да Таццяны і Араіка, адразу ў двары “чытаюць” на мове зробленага аб працавітасці гаспадароў, іх адкрытасці і гасціннасці, уменні ствараць прыгожае. Сюды любяць прыязджаць іхнія дзеці, сваякі і знаёмыя, часта заходзяць суседзі – тут рады людзям, умеюць радавацца жыццю. І ніякі крызіс гэтаму не перашкода.

* * *
Для тых, хто добраўпарадкоўвае сваё жыллё, – падказкі ад гаспадара: танней можна купіць неабходнае ў Брэсце на будаўнічых рынках, што па вуліцы Гогаля і ў раёне завода “Цветотрон”, умераныя цэны мае прадукцыя фірмы “Забудова”. (На жаль, у Каменцы сціплы выбар не толькі абліцовачнай пліткі, але і другіх аддзелачных матэрыялаў, што вымушае многіх ехаць у Брэст). Як майстар-плітачнік рэкамендуе плітку беларускіх вытворцаў – Мінск – “Керамін”, Бяроза, – якая па якасці не саступае замежнай. Час ад часу знікае з паліц магазінаў плітачны клей, у такім разе варта зрабіць папярэдні заказ – прадавец-прыватнік прывязе тавар нават дадому…

Галіна НОВІК

Добавить комментарий