Брэст і Брэсцкая вобласць былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Узнаўленне заходніх межаў патрабавала іх аховы і абароны. Па рашэнні Савецкага ўрада ва ўсходніх раёнах краіны пачынаюць фарміравацца пагранічныя атрады для адпраўкі на заходнюю дзяржаўную мяжу.
У сярэдзіне жніўня 1944 года ў Высокае прыбыў 12-ы пагранічны атрад. У яго састаў уваходзіла і пагранічная застава “Казімірава”.
Прыступаючы да выканання сваіх прамых абавязкаў, пагранічнікі сутыкнуліся з цяжкасцямі. Разам з аховай дзяржаўнай мяжы яны вялі будаўніцтва заставы, выконвалі вялікую працу па інжынерна-тэхнічным абсталяванні мяжы, рабілі тэлеграфна-тэлефонную сувязь. Абставіны ўскладняліся тым, што па лясах і балотах рыскалі бандыцкія групы, якія неаднаразова спрабавалі прарвацца праз дзяржаўную мяжу.
Адным з першых начальнікаў “Казімірава” ў пасляваенны перыяд быў капітан Аляксандр Чарапанаў, які камандаваў заставай з 1948 да 1950 года (яна ў тыя гады ўваходзіла ў састаў 12-га Высокаўскага пагранатрада).
У перыяд з 15 красавіка да 1 мая 1960 года адбылося пераафармленне Брэсцкага пагранічнага атрада па новаму штату. Ад 12-га пагранатрада прыняты дзевяць пагранічных застаў і КПП “Высока-Літоўск”. У састаў Брэсцкага атрада ўвайшла і застава “Казімірава”. Да 1970-га яна была пад нумарам 5.
Пагранічная застава па стане службы, вучобы і дысцыпліны неаднаразова заваёўвала і ўтрымлівала званне выдатнага падраздзялення.
У “Казіміраве” з лютага да красавіка 1976 года ў званні радавога праходзіў ваенную службу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Важная падзея ў жыцці заставы адбылася 30 мая 1998 года – ён наведаў “Казімірава”.
Шмат гадоў прайшло з часу заснавання заставы. Змянілася многае: і знешні выгляд аб’екта, і начальнікі. Зараз галоўным у “Казіміраве” з’яўляецца Дзмітрый Супрановіч. Як паведаміў начальнік, з 28 кастрычніка мінулага года, калі ён прыйшоў на заставу, адбылося тры парушэнні дзяржаўнай мяжы. 2 чачэнцы і 1 грамадзянін Расійскай Федэрацыі спрабавалі прайсці на тэрыторыю нашай краіны. Але іх затрымалі. “Акрамя таго, у раёне зарэгістраваны 30 парушэнняў правілаў знаходжання ў пагранічнай зоне”, – дадаў Дзмітрый Аляксеевіч. Часцей за ўсё “парушаюць” спакой асабістага саставу заставы дзікі, ваўкі. Непадалёку ад аб’екта завялася рысь. А ў раёне вёскі Бобінка ўсю зіму пасвіліся 12 зуброў, якія часценька не давалі пра сябе забыць…
Салдаты, якія праходзяць тэрміновую службу на заставе “Казімірава”, у асноўным з іншых абласцей. На тэрыторыі заставы пастаянна жывуць салдаты, начальнік, яго намеснік і сям’я старшыны. “У нас тут ёсць усё, каб жыць дастойна: бібліятэка, спартыўная пляцоўка… Нашы салдаты вядуць актыўны здаровы лад жыцця. Пасадзілі шмат дрэў, самі аформілі кветнікі…”, – не без гонару зазначыў начальнік.
На заставу часта прыязджаюць на планавыя экскурсіі дзеці з усяго раёна. Ёсць тут і салютная група, якая прымае ўдзел у святкаванні 9 Мая ля брацкіх магіл суседніх вёсак.
“Граница под замком” – так называецца адна з серый вядомага мультфільма “Маша и медведь”. Няхай жа гэты замок зрываецца як мага радзей! Са святам, вартавыя цішыні!
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.