Site icon KAMENEC.BY инфопортал Каменецкого района

Вікторыя азначае “перамога”…

P7098275З Вікторыяй Дацкевіч з Мікалаева мяне звёў выпадак. Яна прыйшла ў рэдакцыю “Навін Камянеччыны” на практыку ў якасці карэктара і проста скарыла мяне цудоўным веданнем беларускай мовы, прыроджанай граматнасцю і адчуваннем слова. Пазнаёміліся. Вось і вам, па-

важаныя чытачы, прапаную зрабіць тое ж самае. Віка сама раскажа пра сябе, расшыфруючы апорныя словы…

Школа

– Спярша вучылася ў Мікалаеўскай базавай, а потым, у адзінаццатым класе, – у сярэдняй школе №1 у Каменцы. Нялёгка было, але старалася. Па-першае, любіла вучыцца на выдатна. Па-другое, выкладанне ў Мікалаеве вялося выключна на беларускай мове, якую люблю вельмі моцна. Таму, відаць, і звязала з ёй сваю будучую прафесію.

Не магу не згадаць выдатную настаўніцу, з якой мне так лёгка і цікава працавалася ў выпускным класе, – Таццяну Лявонцьеўну Франковіч. Яна падтрымала мой выбар, дапамагала.

ВНУ

– Адразу пасля школы, тры гады таму, паступіла на дзённае бюджэтнае навучанне ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Мая спецыяльнасць – беларуская філалогія. Вось толькі з адной акалічнасцю: наш набор эксперыментальны. У маім дыпломе будзе значыцца: “Філолаг. Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць.”

Ва ўніверсітэце адчуваю сябе, як рыба ў вадзе. Бывае цяжка, але не губляю аптымізму – веды спатрэбяцца ў жыцці.

Будучая прафесія

– Мару працаваць настаўнікам у адной з вясковых школ роднага раёна. Гарадскія мяне прывабліваюць менш, відаць, з-за таго, што сама з сельскай мясцовасці.

Родныя

– Мой тата – шафёр, мама – прадавец. Ёсць сястрычка Іра, якой хутка споўніцца 16. Заўсёды з радасцю вяртаюся дадому, ведаю: чакаюць. Дапамагаю па гаспадарцы, работы ў нас заўсёды хапае.

Сябры

– Мае лепшыя сяброўкі раз’ехаліся па Беларусі. Яны ўжо замужам, выхоўваюць дзетак, але такія шчаслівыя змены ў асабістым жыцці – не прычына разлучацца. Падтрымліваем сувязь. Вельмі рада, што ў мяне ёсць сяброўкі дзяцінства.

Захапленні

– Вельмі люблю кветкі. Некалі, у школьныя гады, захаплялася вышыўкай, цяпер увесь час адбірае вучоба.

Асабістае

– У хуткім часе выходжу замуж. Пяць гадоў таму пазнаёмілася са сваім будучым мужам Віктарам, і нашы пачуцці з гонарам прайшлі выпрабаванне часам. Сябры жартуюць: добра вы сустрэліся – Віктар і Вікторыя. Думаю, гэта наша агульнае імя.

Жанчына

– У наш час жанчынай быць няпроста. Яна больш перажывае, прымае больш блізка да сэрца, больш хвалюецца за ўсіх, каго любіць. Пра абавязкі, якіх безліч, я і не гавару! Шчасце, калі побач з жанчынай – сапраўдны мужчына, які можа частку цяжару перакласці на свае плечы.

Сям’я

– Увогуле, лічу, што ў сям’і важна кахаць, паважаць сваю палавінку, саступаць па неабходнасці, слухаць адзін аднаго і як мага больш размаўляць адзін з адным, раіцца. Тады ніякая бура сямейнаму шчасцю не страшная.

Удалага плавання “пераможнаму” караблю!

Запісала

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.