Без мітусні

На гэтым тыдні завітала ў СВК “Хадасы”.

Сустрэлася з аграномам гаспадаркі Галінай Пракапчук. Яна сочыць за якасцю ўнясення і разлікам неабходнай колькасці ядахімікатаў на пасевы азімых зерневых культур. Паведаміла, што плануецца “прапалоць” 1150 гектараў азімых. 300 гектараў рапсу ўжо дачакаліся сваёй хімпраполкі, паралельна з якой уносіліся мікраўгнаенні і рэгулятары росту. На рапсавыя палеткі плануецца ўнесці арганічны фосфар.

Ужо не першы год на ўнясенні ядахімікатаў шчыруе механізатар Андрэй Міцковіч (гл. фота). Яго МТЗ-82 аснашчаны сучасным навігатарам, таму якасць работы не выклікае сумненняў – праходзіць на вышэйшым узроўні. Шырыня захопу апырсквальнага агрэгата – 18 метраў. Цяпер мне зразумела, чаму тэмпы ўнясення ядахімікатаў у гаспадарцы такія высокія: у сярэднім у дзень трактар праходзіць каля 100 гектараў (безумоўна, усё залежыць ад умоў надвор’я). Разам з Андрэем Андрэевічам таксама шмат гадоў запар на падвозе вады працуе Аляксандр Міленькі.

Акрамя таго, на хадасоўскіх землях на мінулым тыдні пачалі капаць цукровыя буракі, якія пасеяны на 150-і гектарах. 40 гектараў ужо ўбралі. Цукрыстасць – 15,4%, пры ўраджайнасці 400 ц/га. Накапалі 1,6 тысячы тон салодкіх каранёў, а на Жабінкаўскі цукровы завод здалі 1,5 тысячы, пры плане 5220. Ужо другі год на цукровых палетках шчыруе ўборачны камбайн нямецкай вытворчасці “Klein”, які на полі да позняй ночы.

Безумоўна, у гэтую пару года з ранку да самага вечара не выязджае сельгастэхніка з кукурузных палеткаў. У “Хадасах” на сілас убралі 578 гектараў “каралевы палёў” (план складае 623). Вал – 19700 тон пры ўраджайнасці 340 ц/га. Закладзена на захоўванне кукурузнага сіласу 17400 тон (план – 17 тысяч).

Кукурузу на зерне ўбіраць яшчэ не пачалі – чакаюць, пакуль яна даспее. Плануецца ўбраць яе на гэтыя мэты на 40 гектарах.

У сераду ў гаспадарцы пачалі закладку жамерын на захоўванне ў “рукавах”. На сённяшні дзень на адну ўмоўную галаву жавёлы нарыхтавалі 28,7 кармавых адзінак. Калі параўнаць з адпаведным перыядам мінулага года, то плюс 5,7.

Работы працягваюцца…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий