Аптовыя цэны ў розніцу

Прадуктовы магазін-дыскаўнтар “Высока-Літоўскі” ўжо месяц працуе пасля завяршэння рамонту. Зойдзеш сюды – і адразу вока чапляецца за такія прыемныя для кожнага пакупніка надпісы “Акцыя!” – 10%, – 15%, – 20%.

Тавары размяшчаюцца тут не толькі на прылаўках, як усе мы прызвычаіліся, але і ў палетах. Гэта вельмі зручна для наведвальнікаў, бо не прыходзіцца нават нахіляцца, каб узяць муку ці алей: працуе правіла “працягнутай рукі”. Калі ж пра цэны, то яны тут радуюць з той прычыны, што гандлёвая надбаўка на тавар складае толькі 10% (для параўнання – у іншых магазінах яна даходзіць ажно да 50%).

Прадавец Людміла Шаш ахвотна дэманструе мне пералік прадуктаў, на якія пастаянна робяцца скідкі, і гэты спіс займае некалькі аркушаў. Двухлітровы пакет  соку ў “Высока-Літоўскім” каштуе 14500 рублёў, напітак “Родниковая вода” (1,5 л) – 7000 (замест 8300), алей – 13530 (замест 15610), кілаграм пшанічнай мукі вышэйшага гатунку – 4100 (замест 4710)… Аптовыя цэны ў розніцу.

“Заўсёды іду менавіта ў гэты магазін, – дзеліцца пакупніца Настасся Грысевіч. – Ад дома недалёка, цэны невысокія. Што яшчэ трэба?”

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий