Адвечная праблема

гаі2Хто часцей вінаваты ў дарожна-транспартных здарэннях? Давайце паразважаем. Апошнім часам пешаходныя пераходы сталі, бадай, адным з самых небяспечных месцаў на вуліцах і дарогах. Таму невыпадкова прыняты папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, яны зрабілі больш жорсткімі пакаранні для вадзіцеляў, якія не саступаюць грамадзянам дарогу на пешаходным пераходзе. Меркавалася, што гэта дазволіць палепшыць адносіны паміж вадзіцелямі і пешаходамі. Але воз і цяпер там…

“Вайна” паміж вадзіцелямі і пешаходамі на нашых дарогах пачалася даўно. Яшчэ ў 19 стагоддзі па маставых і набярэжных ездзілі фурманы на карэтах. Яны таксама збівалі пешаходаў. Здараліся няшчасныя выпадкі, часам смяротныя. Чым не ДТЗ? А што, па сутнасці, змянілася сёння? Толькі форма, а не змест. Каляскі замянілі аўтамабілі, капыты – цяжкія бамперы. Людзі як гінулі, так і гінуць пад коламі. Праўда, з таго часу прыкметна пераўтварылася транспартная інфраструктура: на дарогах з’явілася разметка, абазначаны пешаходныя пераходы, устаноўлены святлафоры. Але праблема засталася. Паводле статыстыкі, колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў на дарогах вобласці застаецца высокай – кожнае другое здарэнне.

Асаблівы неспакой выклікае праблема абароненасці пешаходаў на саміх пераходах, якія закліканы быць “астраўкамі бяспекі” для гэтай катэгорыі ўдзельнікаў руху. ДАІ не першы год звяртае ўвагу на неабходнасць павышэння бяспекі пешаходаў, але лічбы сведчаць, што прымаемых мер недастаткова. Штогод наезды на пешаходаў складаюць трэць усіх ДТЗ.

Хто вінаваты? Вадзіцель або пешаход? Пытанне складанае. Галоўнае – быць уважлівым. Гэта адносіцца да ўсіх. Як сведчыць статыстыка, апошнім часам пешаходы самі грэбуюць Правіламі дарожнага руху. У 2013 годзе ў Брэсцкай вобласці па іх віне зарэгістравана 98 ДТЗ, у іх 34 чалавекі загінулі і 61 атрымаў раненне (у 51 выпадку пешаходы былі нецвярозымі). Асноўная прычына такіх ДТЗ у тым, што ў многіх людзей склалася меркаванне: перада мною “зебра”, значыць, я смела пераходжу дарогу і не гляджу па баках. Прапусціць мяне, маўляў, вадзіцель абавязаны. І ў выпадку наезду на чалавека ў грамадстве амаль заўсёды вінавацяць аўтамабіліста. Але гэтае меркаванне памылковае!

Пешаход, які перасякае дарогу, – такі ж удзельнік руху, як і вадзіцель. Таму, паважаныя пешаходы, будзьце асцярожнымі, не падвяргайце сваё жыццё небяспецы. Помніце, што калі перад вадзіцелем раптоўна ўзнікае перашкода, затармазіць адразу ён не паспее. Пры хуткасці 60 км у гадзіну на сухім асфальце тармазны шлях аўтамабіля – 37 метраў, на мокрым – каля 60-і. А на заледзянелых дарогах або на маршрутах у снежнай “кашы” – 155 метраў. Майце гэта на ўвазе! Не будзьце легкадумнымі: выходзячы на дарогу, пераканайцеся ў тым, што вас бачаць і прапускаюць.

Памятка пешаходу

Ён – паўнацэнны ўдзельнік дарожнага руху. Адпаведна ў яго ёсць свае абавязкі. Тым, хто рухаецца пешшу, прапанаваны тратуар, пешаходныя або веласіпедныя сцежкі, пры іх адсутнасці – абочына. Калі названых элементаў дарогі няма або па іх немагчымы рух пешаходаў, дапускаецца ісці па краі праезнай часткі насустрач руху транспартных сродкаў. Не забывайце: пешаход заўсёды рухаецца насустрач аўтамабілю. Гэтае правіла трэба ведаць з дзяцінства. А ў цёмны час сутак не забываць і пра святловяртальныя элементы.

Пешаходы таксама маюць права перасякаць праезную частку, калі няма пераходаў, на скрыжаваннях па лініі тратуараў або абочын.

Помніце: “Не са злосці збіваюць!” Не трэба забываць, што нават самы заўзяты аўтамабіліст – таксама… пешаход. Напрыклад, калі ідзе да машыны. Вось такія людзі, якія могуць ацаніць сітуацыю больш-менш аб’ектыўна, выпрацавалі парады як пешаходам, так і вадзіцелям:

1. Ноччу пешахода не відаць. Яго можна заўважыць, калі рухаецца на кантрасным фоне пры натуральным асвятленні.

2. З’яўленне пешахода, няхай і на пераходзе з “зебрай”, заўсёды нечаканасць для вадзіцеля. Ды і агрэсіўных кіроўцаў у нас дастаткова. Таму гарантыю дае толькі святлафор, ды і то не заўсёды.

3. Тое, што машынай можна кіраваць у любых умовах, – міф. Вы не можаце прадугледзець яе траекторыю. Гэта толькі здаецца, што машына едзе раўнамерна і прамалінейна.

4. Машына, як конь. Не трэба падыходзіць да яе ззаду. У вадзіцеля вельмі абмежаваны задні агляд. Не думайце, што калі ён здае задам, то вас бачыць. Ды і паняцце “мёртвая зона” існуе не дарэмна.

Пра штрафы

Адказнасць за парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаход нясе па арт.18.23 КоАП РБ у выглядзе штрафу: пераход дарогі ў неналежным месцы – ад 130 тыс. да 390 тыс. руб.; парушэнне Правілаў у нецвярозым стане – ад 390 тыс. да 650 тыс. руб.; парушэнне Правілаў пешаходам, у выніку чаго ўтварылася аварыйная абстаноўка, – ад 390 тыс. да 1040 тыс. руб.; парушэнне Правілаў, што прывяло да прычынення пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, альбо пашкоджанне транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця і інш., – ад 650 тыс. да 2600 тыс. руб.

У парушэннях Правілаў руху ўдзельнічаюць і непаўналетнія. Летась у вобласці зарэгістраваны 64 ДТЗ з удзелам дзяцей (з іх з удзелам дзяцей-пешаходаў – 40%), двое малых загінулі і 67 атрымалі раненні. Дарослыя самі падаюць негатыўныя прыклады парушэння Правілаў. А звычкі, як і свядомасць, змяніць вельмі складана. Помніце пра гэта!

Аналіз аварыйнасці сведчыць: дзеці не ўмеюць ацэньваць дарожныя абставіны, не ведаюць меры бяспекі дарожнага руху, грэбуюць правіламі, пераходзяць праезную частку не ў вызначаным месцы і інш. Усё гэта абавязвае нас, дарослых, звярнуць асаблівую ўвагу на навучанне малых дарожнай грамаце з ранняга ўзросту. Такая работа павінна весціся мэтанакіравана і паўсядзённа.

Слова да вадзіцеляў

Захоўвайце правілы перавозкі пасажыраў! Будзьце ўважлівымі, улічвайце змены надвор’я, кіруйцеся патрабаваннямі дарожных знакаў і зніжайце хуткасць пры праездзе ўчастка, на якім магчыма з’яўленне пешахода. Вадзіцель, які не прапусціў пешахода або веласіпедыста, можа быць аштрафаваны ад 130 тыс. да 650 тыс. рублёў. Беражыце сваё і чужыя жыцці!

Дзяржаўтаінспекцыя просіць аб усіх фактах парушэння Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі і пешаходамі, у тым ліку аб знаходжанні іх у нецвярозым стане на праезнай частцы, паведамляць па тэл. 102.

Па інтэрнет-сетцы “гуляе” карцінка: мужчына ў чорным пінжаку перабягае дарогу па “зебры”. Мабыць, некуды спяшаецца. У дзесяці сантыметрах ад яго – машына. Мяркуючы па тым, што карцінка крыху змазана, аўтамабіль едзе. Унізе белымі літарамі выведзена: ”Пешеход всегда прав. Пока живой…”

Перавагі і абавязкі

За стварэнне аварыйных сітуацый пешаходы і вадзіцелі імкнуцца перакладваць віну адзін на аднаго. Пешаходы сцвярджаюць, што вадзіцелі не саступаюць ім дарогу, апошнія – што пешыя ўдзельнікі руху, упэўненыя ў сваёй праваце, ступаючы на пераход, нават не глядзяць па баках. Па інфармацыі з тэлеграм аб ДТЗ, вадзіцелі пачалі ездзіць больш акуратна, сталі больш уважлівымі. Што таму прычынай: штрафы або ўсведамленне, да якіх трагічных вынікаў можа прывесці парушэнне правілаў, сказаць цяжка. А вось пешаходы, і статыстыка таму пацвярджэнне, часта не задумваюцца пра сваю бяспеку. У Правілах дакладна напісана, што пешаходы маюць перавагу пры перасячэнні праезнай часткі па нерэгулюемым пешаходным пераходзе. Гэтае права добра ўсвядомілі ўсе пешаходы. Але пешым удзельнікам не трэба забываць, што, акрамя правоў, у Правілах дарожнага руху ёсць яшчэ і абавязкі: пераходзіць праезную частку па пешаходных пераходах у тым выпадку, калі пераканаешся, што выхад на іх бяспечны.

Як спыніць гэтую “вайну”?

Знізіць аварыйнасць на дарогах і колькасць ахвяр ДТЗ магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўсе ўдзельнікі будуць захоўваць правілы. І, вядома ж, плюс увага, акуратнасць і ўзаемаветлівасць. Бо калі кожны ўдзельнік руху будзе праяўляць эгаізм, думаць толькі пра сябе і аб тым, што ён мае рацыю, пазбегнуць здарэнняў не ўдасца. Давайце разам зробім крок насустрач бяспецы!

Яўгеній ПІСАРЧУК, намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий