Автомат, пистолет, карабин…

З 26 сакавіка да 15 красавіка ў вобласці і раёне праведзены асноўны этап аператыўна-прафілактычнага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Арсенал”.
Што выяўлена? Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і КДБ канфіскавалі 21 адзінку незарэгістраванай агнястрэльнай зброі, у тым ліку 2 – з наразным стволом, адну з якіх – у жыхара Высокага. Па заключэнні эксперта, знойдзены ў ходзе вобыску прадмет з’яўляецца абрэзам, вырабленым шляхам самаробнага ўкарочвання ствала з магазіннай вінтоўкі канструкцыі Мосіна ўзору 1891-1930 гг., калібра 7,62 мм заводскага вырабу. У вобласці за незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі ў перыяд правядзення мерапрыемстваў узбуджаны тры крымінальныя справы.
За час “Арсеналу” добраахвотна здадзены 53 адзінкі агнястрэльнай зброі, у тым ліку 6 – з наразным ствалом. Так, жыхар нашага раёна пасля праведзенай супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі агітацыйнай работы прынёс аўтамат Калашнікава, укарочаны, а да яго 11 ражкоў і 400 патронаў да наразной зброі, абрэз паляўнічага ружжа, 13 розных складаных частак да агнястрэльнай зброі. Брастаўчанін здаў у міліцыю пісталет польскай вытворчасці, калібра 9 мм, 1938 года выпуску, а жыхар Лунінецкага раёна – спраўны карабін сістэмы Мосіна. А яшчэ жыхары вобласці добраахвотна здалі 4759 патронаў, 931 выбуховую прыладу і 250 грамаў выбуховага рэчыва. Заўважу, што пры добраахвотнай здачы зброі і боепрыпасаў грамадзяне вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці.
Вам вядомы факты незаконнага захоўвання зброі? А можа, хочаце здаць добраахвотна наяўную? Звяртайцеся: г. Каменец, вул. 8 Сакавіка, 1. Тэл. 102, 21-2-02, 22-1-55 – РАУС; г. Каменец, вул. 40 год БССР, 1. Тэл. 2-15-98 – РАУКДБ.

Эдуард АСАПРЫЛКА,
ст. інспектар па дазваляльнай рабоце РАУС

Добавить комментарий