“Тэракт” у ЖКГ…

З 19 да 23 лістапада на тэрыторыі раёна праводзіліся комплексныя вучэнні па праверцы падрыхтаванасці камянецкага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы па прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны (ДСНС і ГА).

У працэсе вучэнняў праводзілася праверка выканання заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый у выпадку аварый, катастроф, стыхійных бедстваў, звязаных з гідралагічнымі небяспечнымі з’явамі і пры пагрозе аварыі на АЭС памежных дзяржаў, арганізацыі мерапрыемстваў грамадзянскай абароны, аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ, а таксама – грамадзянскай абароны выканаўчых органаў улады, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Праверылі і падрыхтаванасць да ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

У рамках комплексных вучэнняў 20 і 21 лістапада праведзена праверка правільнасці дзеянняў аварыйных службаў раёна і грамадзянскіх фарміраванняў па грамадзянскай абароне пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ у ходзе выканання практычных дзеянняў.

Вучэнні паказалі падрыхтаванасць аператыўных службаў раёна да выканання сваіх функцый. Так, аварыйныя службы Каменецрайгаза, Камянецкай раённай ветэрынарнай станцыі, філіяла “Брэстэнерга” Брэсцкія электрасеткі паспяхова справіліся з заданнем па ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

У ходзе тактыка-спецыяльных вучэнняў на базе КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” службы райаддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС, “Каменецрайгаз”, філіяла РУП “Брэстэнерга” Брэсцкія электрасеткі, медыцынскай хуткай дапамогі, а таксама добраахвотнае пажарнае фарміраванне ЖКГ паказалі добрыя вынікі пры правядзенні аварыйна-выратавальных работ.

Такія вучэнні праходзяць адзін раз у пяць год, дазваляюць аптымізаваць работу службаў раёна і павысіць іх падрыхтаванасць падчас ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Андрэй ПІСЬМАН,

намеснік начальніка

райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Фота Наталлі ГРЫЦУК.

Добавить комментарий