А вы змаглі б аднойчы сабраць самае неабходнае ў рукзак, пакінуць свой дом і выправіцца ў падарожжа? Куды вочы глядзяць… А ён змог! І вось ужо нямала год вандруе па свеце пешшу і… басанож. Так-так, не здзіўляйцеся. Ён такі – Уладзімір Несін, Грамадзянін Зямлі.
А пачыналася ўсё ў даволі далёкім ужо 1996 годзе. У гэты час “жалезны занавес” ужо не перашкаджаў падарожнічаць літаральна па ўсёй планеце – была б віза. Цяпер Уладзіміру Несіну 62 гады, а за спінай яго больш за 150 тысяч пройдзеных пешшу кіламетраў і 117 краін свету (акрамя таго, нямала дарог, пераадоленых аўтастопам). Асабісты рэкорд басаногага вандроўніка – 54 кіламетры па перасечанай мясцовасці за дзень, а дзённая норма для яго складае 25-30 км. За месяц атрымліваецца да 900. Падарожнічаючы першы год, Уладзімір Несін прынцыпова не пад’язджаў ні на чым, але потым пачаў карыстацца прапановамі падвезці ад шматлікіх спагадлівых вадзіцеляў, асабліва, калі віза заканчвалася ці на шляху сустракалася мала пешаходных участкаў.
“У Беларусі, дарэчы, калі параўноўваць з Расіяй, вельмі чулыя, неабыякавыя людзі, – расказвае вандроўнік. – Незлічоную колькасць разоў яны спыняліся, пабачыўшы мяне, босага, каб спытаць: “Вам не холадна? Можна падвезці?”
Неаднаразова Уладзіміру Несіну прапаноўвалі тапачкі. “Калі б браў, то ўжо сёння мог бы адкрываць музей абутку свету і нідзе не было б такой багатай калекцыі!” – усміхаецца ён.
За дзесяць месяцаў 1996-1997 гадоў з групай вандроўнікаў Уладзімір Несін прайшоў сем краін: Манголію, Кітай, Вьетнам, Лаос, Тайланд, Малайзію і Інданэзію. У тым жа 97-ым здзейсніў ужо самастойнае падарожжа ў Паўднёвую Карэю і на Філіпіны, праз два гады – у Аўстралію і Новую Зеландыю. Потым былі Індыя, Паўночная Амерыка…
Летась Уладзімір Несін пабываў у Цьера Дэльфіега на Вогненнай зямлі (спрэчная тэрыторыя паміж Чылі і Аргенцінай, за якую заўсёды ваявалі). Пачалося гэта падарожжа ў Ванкуверы, аўтастопам праехаў Штаты, потым Мексіку. Адтуль – пералёт да Эквадора, пасля пешшу прайшоў Перу, Бразілію, Аргенціну, Чылі. З Вогненнай зямлі вяртаўся па ўсходнім узбярэжжы, заходзіў ва Урагвай. Пасля было падарожжа па “шаўковым шляху” наадварот: Егіпет, Іярданія, Турцыя, Грузія, Азербайджан, Казахстан, Кітай. (Дарэчы, з людзьмі, што сустракаюцца на шляху, Уладзімір Несін гаворыць ці на ломанай англійскай мове, ці проста жэстамі.)
Сёлета, пачынаючы з мая, Уладзімір Несін ішоў праз Японію, Сахалін, Чукотку, 800 км – па тундры, на судне праплыў па Паўночным марскім шляху да Архангельска, пешшу і аўтастопам дабраўся да Санкт-Пецярбурга, пасля – да Мінска і нарэшце завітаў у Каменец. Далей вандроўнік накіроўваецца ў бок Тыбета, дакладна пакуль не вызначыўся куды.
У падарожжа Уладзімір Несін бярэ няшмат рэчаў, тое, што змяшчаецца ў рукзак, а з прыбораў карыстаецца толькі GPS. Начуе ў палатцы, нідзе не затрымліваецца больш чым на двое сутак і за дзень траціць толькі адзін долар. Калі патрэбны грошы, часова прыпыняе сваю вандроўку і шукае, дзе б падзарабіць. За час падарожжаў кім толькі ні быў Уладзімір Несін! Зборшчыкам фруктаў і кавы ў Бразіліі, металалому ў Канадзе, вадзіцелем у Нью-Ёрку, рознарабочым у яўрэйскай абшчыне ў Парагваі. З роднымі, сябрамі і знаёмымі падтрымлівае сувязь праз інтэрнэт.
Дарэчы, сын Уладзіміра Несіна Мікіта таксама захапляецца падарожжамі (з 16 гадоў). Школу ён скончыў у Новай Зеландыі, жыў у Партугаліі, дзе здзяйсняў паездкі па Еўропе, з 19 да 20 гадоў – у Венесуэле, наведаў Нікарагуа. Зараз яму 27. Атрымаў канадскае грамадзянства, скончыў курсы “Падарожжы і турызм” па праграме фонду “Дзікая прырода”. Можа працаваць гідам і ў офісе турыстычнай фірмы…
У 1999-ым Уладзімір Несін стаў грамадзянінам свету, што засведвае пашпарт асаблівага ўзору, які выдала яму Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Людзей, якія маюць аналагічны, у свеце ўсяго крыху больш за трыста. Уражвае? Ды і хіба можна было не назваць грамадзянінам свету чалавека, які ідзе, як ён сам гаворыць, “с миром по всему миру”?
У дарозе Уладзімір Несін вядзе віэа- і фотаздымку, занатоўвае самае цікавае. Сёння кожны жадаючы можа пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі ў інтэрнэце (vnesin.com) ці кнізе. Сусветная павуціна прапаноўвае незлічоную колькасць гадзін відэа, мноства фатаграфій. А з падарожных нататак вандроўніка склалася першая яго кніга “Босиком за тридевять земель” (два выданні яе выйшлі ў 2007 і 2008 гг.). Летась пабачыла свет яшчэ адна кніга – “Босиком по 100 странам пяти континентов”.
Калі запытаць, з якою мэтай Уладзімір Несін вандруе па свеце і перадае людзям тое, што пабачыў, то ён адкажа проста: “Спадзяюся такім чынам разбудзіць у іншых інтарэс да прыгод. Каб людзі прачыталі мае кнігі, паглядзелі відэаматэрыялы і самі пажадалі на свае вочы пабачыць экзатычныя краіны, дзе я пабываў. Так, як я калісьці захапіўся падарожжамі, начытаўшыся Джэка Лондана, Жуля Верна і Фенімора Купера.”
Так што, калі збіраецеся ў падарожжа і не ведаеце, чаго чакаць ад абранага маршруту, звяртайцеся да Уладзіміра Несіна. На асабістым вопыце ён раскажа вам аб тым, што…
Самыя складаныя для вандровак афрыканскія краіны. Асабліва Заір.
Самыя дарагія – еўрапейскія краіны.
Самую небяспечную краіну ў цэлым назваць цяжка, а вось самыя небяспечныя дарогі ў Балівіі, самыя небяспечныя кварталы ў гарадах – бедныя негрыцянскія ў ЗША.
Самыя бедныя краіны: у Цэнтральнай Амерыцы – Нікарагуа, у Паўднёвай Амерыцы – Балівія, у Паўднёва-Усходняй Азіі – Лаос, у Афрыцы – Чад…
А лепш за ўсё не райцеся з басаногім падарожнікам, а… скідайце абутак і выпраўляйцеся ў дарогу поруч з ім. Такога цікавага субяседніка вы нідзе больш не знойдзеце. Далучайцеся. Уладзімір Несін запрашае! Зрабіце планету Зямля сваім домам у самым прамым сэнсе гэтага слова!
Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце
-
Что изменится с 1 ноября для физических лиц при работе в такси
-
В Каменце 10 ребят получили молодежные билеты БРСМ
-
Как не допустить вовлечения ребенка в половую жизнь, разбиралась журналист «НК»
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону