“Сумерки” Саны Салімавай

Дзень белай палкі. Штогод ён адзначаецца 15 кастрычніка. А з кастрычніка 2010 года ў Расіі стаў праводзіцца Міжнародны фестываль “Белая палка” пад эгідай дабрачыннага фонду “Па закліку сэрца”, арганізаванага Дзіянай Гурцкой з мэтай дапамогі дзецям са слабым зрокам ці зусім яго страціўшым.

За мінулы час гэты ўнікальны праект стаў прыметнай падзеяй у грамадскім і культурным жыцці людзей са слабым зрокам. Ён аб’яднаў вялікую колькасць аднадумцаў – таленавітых, душэўна шчодрых, чулых да чужой бяды людзей, падарыў цікавыя сустрэчы і адкрыцці, дапамог творчаму станаўленню юных талентаў.

Сёлета 16 кастрычніка ў Маскве на сцэне Тэатра Мюзіклу адбыўся III Міжнародны дабрачынны фестываль “Белая палка”, арганізаваны фондам Дзіяны Гурцкой. Сааўтарамі і вядучымі фестывалю выступілі Сяргей і Ірына Бязрукавы. Фестываль праходзіў пад дэвізам “Рэальная казка – гэта жыццё!” і аб’яднаў творчасць артыстаў эстрады і тэатра.

У гала-канцэрце прынялі ўдзел папулярныя і любімыя акцёры і спевакі: група “А-студыа”, Дзіма Білан, Буранаўскія бабулі, Зара, Юлія Кавальчук, Марк Цішман, Аляксандр Алешка, тэатр “Домісолька” і другія. Яны прадставілі сумесныя ўнікальныя нумары з невідушчымі і са слабым зрокам дзецьмі і маладымі людзьмі з Расіі, Чачні, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны і інш. Сярод непрафесійных спевакоў на вялікую сцэну Тэатра Мюзіклу выйшла і Сана Салімава з вёскі Паніквы. Яна прадстаўляла нашу краіну і спявала з Маркам Цішманам песню “Сумерки” з рэпертуару Ганны Герман. Дзяўчына прывезла з Масквы Дыплом фонду Дзіяны Гурцкой, дыск з фільмам “Рэальная казка” з тыфлаперакладам (перадачай словам таго, што паказана), падарункі, а ў памяці – кветкі і цёплыя апладысменты публікі.

Валянціна Бачай.

На здымку: Сана Салімава і Марк Цішман.

Добавить комментарий