“Салодкі” бум

Усе дарогі вядуць… на буракапрыёмны пункт ст.Высока-Літоўск,” – менавіта такія словы прыйшлі першымі ў галаву, калі наведалася ў Абяроўшчыну. Чаму? Ды ўсё проста, калі бачыш перад сабой механічны транспартны сродак, які вязе цукровыя буракі, то 99%, што ён едзе менавіта туды. Не верыце, праверце…

Сваё існаванне буракапрыёмны пункт пачаў у 60-я гады мінулага стагоддзя. Можна толькі ўявіць, колькі транспартных сродкаў розных мадэляў і датаў выпуску сюды прыязджала за гэты час. У апошнія гады за “гарачы” сезон на вагі пункта заязджаюць каля шасці тысяч (!) машын і трактароў… Тут вырастаюць горы салодкіх караняплодаў. За некалькі месяцах іх агульная вага каля 60 тысяч тон…

Сёлетні “бураковы” сезон на станцыі Высока-Літоўск адкрыўся 31 жніўня, калі машыны прывезлі першы салодкі ўраджай гэтага года, які пачалі ўбіраць у раннія тэрміны (пра дзяржаўныя надбаўкі за такія буракі раёнка на сваіх старонках пісала неаднаразова). Масавы ж завоз распачаўся ў першых чыслах кастрычніка. Асноўныя пастаўшчыкі цукровых буракоў сёння – гэта “Агра-Ніва”, ААТ “Белавежскі”, “Каленкавічы”, “Агра-Зарэчча”, “Астрамечава” (апошняе, дарэчы, з Брэсцкага раёна). Чаму так мала гаспадарак вязуць іх сюды? Бо існуе сістэма, згодна з якой некаторыя арганізацыі дастаўляюць буракі адразу на Жабінкаўскі цукровы завод, адкуль назад прывозяць жамерын. Раней і ў Абяроўшчыну вагоны вярталіся, напоўненыя гэтым кормам, але зараз усё змянілася.

Паводле даных на чацвер, ужо нарыхтавалі 28 тысяч тон караняплодаў, прычым амаль палову (13 тысяч) прывезлі з “Астрамечава”. Нядрэнныя паказчыкі па пастаўках у “Белавежскага” (6200 тон) і ў “Агра-Нівы” (5800 тон).

Калі гаварыць аб цукрыстасці, то яна сёлета ў сярэднім складае 16,5% (базісная – 16%). У раннія тэрміны здачы яна была роўная 15%. Начальнік буракапрыёмнага пункта ст.Высока-Літоўск Яўгеній Ляшкевіч адзначыў, што ў буракоў, прывезеных з СВК “Агра-Ніва”, часта цукрыстасць бывае роўная 17,5%. Але Яўгеній Іванавіч упэўнены, што яна будзе вышэй не толькі ў названай гаспадарцы, але і ў іншых, бо гэтаму спрыяе надвор’е, якое песціць нас сонейкам…

У залежнасці ад распрацаванага графіку, штодзённа на Жабінкаўскі цукровы завод адпраўляюць 7-10 вагонаў з караняплодамі (дарэчы, у кожным з іх – 50 тон буракоў), а ў канцы сезона, калі трэба ачысціць тэрыторыю ад салодкіх каранёў, – 20-25 вагонаў.

Буракапрыёмны пункт працуе з 8 гадзін раніцы да 8 вечара. У штаце – 11 чалавек, а на “гарачы” сезон сюды наймаюцца на працу яшчэ чалавек трыццаць (у асноўным гэта вагаўшчыкі і рамонтнікі). Работы на пункце хапае на цэлы год.

Вось такія “салодкія” будні ў Абяроўшчыне.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий