У познюю восень стомленая вёска прычакала спачыну. Плён нялёгкай працы схаваны ў склепах, павецях, слоіках і кадушках. З “прозай” восеньскага жыцця адчайна спрачаюцца ўсё яшчэ яркія хрызантэмы ў агародчыках і багатыя на крамяныя яблыкі верхавіны яблынь, жывымі белымі кветнікамі на шэрым фоне здалёк здаюцца чародкі гусей і курэй…
Харчовая бяспека асобна ўзятай сям’і і краіны ў цэлым ствараецца ў вёсцы. Нямала сялян шчыруюць і ў таварыстве, і на ўласным падвор’і. Як, напрыклад, Мікалай і Святлана Шкурдай. Абое працуюць у гаспадарцы – ён механізатар, яна – аператар машыннага даення, а дома таксама нямала работы, звыклай з дзяцінства.
Калі пабраліся (Святлана з Дварцоў), атрымалі ў Падбеле, у адным доме з бацькамі Мікалая, двухпакаёвую кватэру, але такое “збліжэнне горада і вёскі” ніяк не радавала – хацелі мець уласны падворак. Тым больш, што і карову бацькі Святланы ім ці не адразу падарылі. Іншай жыўнасцю маладыя абзавяліся таксама, хоць і жылі ў кватэры. А дванаццаць гадоў назад, калі ў сям’і падрасталі ўжо двое дзяцей, справілі наваселле ў новым “прэзідэнцкім” доме. Мара Мікалая і Святланы пра свой двор збылася. Не адзін год мелі на падвор’і дзве каровы. Цяпер рагуля ў хляве таксама ёсць і адмаўляцца ад яе не збіраюцца. Акрамя іншага, і дзеці ва ўмовах сядзібы гультаямі не стануць. Не сталі. Дачка ўжо старшакласніца, а сын вучыцца ў сельгаскаледжы. Калі патрэбна дапамога бацькам, працуюць поруч з імі.
Дзякуючы тату, сын вызначыўся з прафесіяй вельмі рана – цэнтрам сусвету з дзяцінства стаў трактар. Ведае яго дасканала. Будучы тэхнік-механік, ён праходзіў вытворчую практыку ў гаспадарцы. Папрасіўся на МТЗ-82. І парадаваў усіх выдатнай работай – бацькава школа. У сакавіку Руслан завяршае вучобу ў Пружанах. Яго вельмі чакаюць у Падбеле.
Мікалай і Святлана ўжо дваццаць гадоў разам. Ніколі не шукалі няўлоўнага жураўля ў небе – моцна трымаюць у руках сваю сініцу, надзейны сямейны здабытак.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Что изменится с 1 ноября для физических лиц при работе в такси
-
В Каменце 10 ребят получили молодежные билеты БРСМ
-
Как не допустить вовлечения ребенка в половую жизнь, разбиралась журналист «НК»
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону
-
Напоминаем о мерах предотвращения вируса АЧС у животных