“Ніводны зварот не застанецца без увагі”

10 ліпеня Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі правёў асабісты прыём грамадзян у Камянецкім райвыканкаме.

Усяго на прыём да Уладзіміра Іванавіча запісалася 40 чалавек, а калі ўлічваць, што былі і калектыўныя звароты, то ўвогуле на прыёме пабывала каля 70-і жыхароў Камянецкага раёна. Зразумела, што і пытанні былі самай рознай тэматыкі: нехта прыйшоў са сваімі прыватнымі праблемамі, а нехта клапаціўся аб больш агульных. Традыцыйна значная частка пытанняў тычылася дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, таксама часта сустракаліся звароты наконт крэдытавання будаўніцтва жылля…

Жыхары Мінкавічаў і Доўбізна, напрыклад, звярнуліся па пытанні наконт газіфікацыі сваіх вёсак. Уладзімір Пузырэўскі ў адказ адзначыў, што такія пытанні не вырашаюцца ў адзін момант. У першую чаргу неабходна вызначыць мэтазгоднасць газіфікацыі, зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю, але галоўнае – эканамічная абгрунтаванасць такіх мерапрыемстваў. “Дзяржава не будзе ўкладваць грошы ў заведама неперспектыўныя праекты”, – падкрэсліў Памочнік Прэзідэнта. І дадаў: “Але гэта не значыць, што ваша пытанне, ваша праблема застанецца толькі вашай. Вы яе агучылі – гэта значыць, што пры распрацоўцы далейшых праграм па газіфікацыі яна абавязкова будзе ўлічана. І гэта датычыцца ўсіх сфер: дарожнага будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі…” Хваляваў жыхароў Мінкавічаў таксама лёс школы: ці не закрыюць яе? На гэтае пытанне адказаў старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык, які таксама прысутнічаў на прыёме грамадзян. Ён заверыў, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў школу ніхто не збіраецца закрываць. А вось дзіцячы садок прыйдзецца закрыць з-за таго, што надта мала там дзяцей. Але і хвалявацца залішне наконт гэтага не трэба – будзе арганізаваны падвоз дзетак у бліжэйшую дашкольную ўстанову.

Сярод калектыўных таксама варта вызначыць зварот жыхароў раёна, якім даводзіцца ездзіць на медыцынскія працэдуры ў Брэст. Аўтамабіль, што возіць іх, стары, і кожная такая паездка ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне. Адказ на пытанне вельмі просты: да канца гэтага года раённыя ўлады купяць для цэнтральнай раённай бальніцы новы аўтамабіль. Такім чынам, праблему можна лічыць вырашанай. Уладзімір Пузырэўскі падзякаваў заяўнікам за разуменне.

Яшчэ адзін калектыўны зварот быў ад жыхароў вуліцы Леванеўскага, якія заклапочаны тым, што пасля рамонту ліўневага канала вада будзе заліваць іх падвор’і. Старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык патлумачыў, што сітуацыя, наадварот, павінна палепшыцца: канал паглыблены, устаноўлены кольцы са значна большай прапускной здольнасцю… Памочнік Прэзідэнта таксама адзначыў, што дзеля замацавання грунту павінен прайсці, як мінімум, год. Тады і можна будзе рабіць нейкія высновы. “Я не схільны думаць, што праектанты недзе памыліліся. Ва ўсялякім выпадку ваша пытанне не застанецца без увагі і калі здарыцца так, што памылка ўсё ж такі ёсць, – будзем яе выпраўляць”, – сказаў Уладзімір Пузырэўскі.

Пытанні, што датычыліся льготнага крэдытавання жылля былі, у асноўным, аднатыпнымі: пачалі будавацца, пажадана прадоўжыць крэдытную лінію. Уладзімір Пузырэўскі асабліва ўважліва, з індывідуальным падыходам, разглядаў кожнае такое пытанне. Як вынік, практычна ўсе заяўнікі атрымалі станоўчыя адказы. Дарэчы, пра ўмовы крэдытавання не раз пісалі і ў нашай газеце, трэба толькі ўважліва чытаць адпаведныя артыкулы або кансультавацца непасрэдна ў банку.

Крыху больш складаная сітуацыя з будаўніцтвам індывідуальнага жылля, але падстаў для хваляванняў таксама няма. “Павялічыліся заработная плата, пенсіі, зараз ідуць выплаты, у тым ліку і адпускных настаўнікам, медыцынскім работнікам, культуры і сацыяльнай сферы. Зразумела, гэта выклікае пэўныя складанасці з наяўнасцю грошай. Аднак праз месяц-другі пачнецца назапашванне грашовай масы, і банкі працягнуць выдаваць крэдыты”, – патлумачыў сітуацыю Памочнік Прэзідэнта. Некалькі чалавек закранулі пытанні прыватызацыі, у прыватнасці, некаторыя лічаць, што ім завысілі памеры грашовых выплат. Па ўсіх такіх заявах будуць праведзены праверкі.

Што да пытанняў сферы ЖКГ, то яны таксама разнастайнасцю не вылучаліся: рамонты дахаў, камунікацый… Датычылася гэта не толькі жылля, што на балансе Камянецкай ЖКГ, але і таго, што належыць гаспадаркам, як, напрыклад, ААТ “Агра-Зарэчча”. У апошнім выпадку Уладзімір Пузырэўскі паабяцаў, што патрэбныя на рамонт даху матэрыялы, у прыватнасці, шыфер, будуць выдзелены гаспадарцы, а рамонтныя работы выканае гаспадарка за свой кошт. А вось замена вокнаў і сантэхнікі (гучала і такое пажаданне) – ужо за кошт жыльцоў, у адпаведнасці з заканадаўствам. Найбольш слушным у гэтай катэгорыі стала пытанне, з якім звярнуліся жыхары вуліцы Сяргея Вірко. Праблема іх вядома мясцовым уладам: падчас моцных дажджоў адбываецца значнае падтапленне падворкаў на гэтай і прылеглых да яе вуліцах. Вядома і прычына таго – няякаснае выкананне работ па асфальтаванні вуліцы. Вядомы таксама і шлях вырашэння праблемы: абсталяванне вуліцы “ліўнёўкай”, на што патрэбна прыкладна 200 млн. рублёў. “Грошы будуць!” – заверыў камянчан Памочнік Прэзідэнта.

Было таксама некалькі пытанняў, якія тычыліся дзейнасці праваахоўных органаў – па іх будуць праведзены праверкі – і судовай улады. Напрыклад, абскарджанне судовай пастановы. “Я не маю права адмяніць рашэнне суда. У нас прававая дзяржава і кожная ўлада выконвае свае функцыі” – зазначыў Уладзімір Іванавіч. Аднак ён звярнуў увагу на некаторыя нюансы ў гэтай справе, што можа стаць падставай для яе перагляду. Ва ўсялякім выпадку заява будзе разгледжана, і жанчына, якая, звярнулася, атрымае адказ у азначаны законам тэрмін.

Як звычайна, былі і пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў мясцовага самакіравання і павінны вырашацца менавіта імі, а не Памочнікам Прэзідэнта. Гэта часцей за ўсё непаразуменні між суседзямі або сваякамі: то дрэвы на чужы агарод “залазяць”, то граніцы ўчасткаў трэба ўдакладніць, то сам участак ці дом між сабой падзяліць не могуць… Разам з тым, былі і больш значныя, накшталт добраўпарадкавання аб’ектаў у вёсках.

Памочнік Прэзідэнта ўважліва ставіўся да кожнай заявы, кожнага пытання, унікаў у сутнасць праблемы і на кожнае пытанне даваў абгрунтаваны адказ. Вядома, не ўсе яны былі станоўчыя, некаторыя праблемы немагчыма вырашыць адразу, некаторыя пытанні цяжка назваць абгрунтаванымі і нават законнымі. Але ж, як зазначыў Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі, ніводны зварот, ніводная праблема не застануцца без увагі.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий