“Добра побач з дзядулем і бабуляй”

Так называлася літаратурна-музычная імпрэза, якая ўпершыню прайшла 2 кастрычніка ў Камянецкай дзіцячай бібліятэцы для пажылых камянчан і іх унукаў.

Дзядулі і бабулі прымалі шчырыя віншаванні і музычныя падарункі, прыгадвалі вясёлыя гісторыі з жыцця сваіх унукаў, распавядалі, кім марылі стаць у юнацтве, чым займаюцца цяпер. Падчас конкурсаў прадстаўнікі двух пакаленняў ахвотна гаварылі адзін аднаму кампліменты, успаміналі прыказкі, прымаўкі, казачных герояў, адгадвалі загадкі, спявалі прыпеўкі. Даспадобы былі гасцям і салодкія пачастункі.

Напрыканцы цёплай святочнай сустрэчы ўсім пажылым людзям уручылі медалі “Любімай бабулі” і “Любімаму дзядулю” з пажаданнямі. Вядучай мерапрыемства была бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Ганна Грышкоўская, самымі актыўнымі ўнукамі – Ваня Ермаловіч, Віялета Задарожная, Вераніка Пляшко, Даша Ваўчок. Сярод пажылых людзей самымі вясёлымі і актыўнымі былі Вольга Пяркоўская, Ганна Царук, Вера Волкава, Яніна Цыбуля, Вера і Уладзімір Карпіевічы, Яўгенія і Міхаіл Семенюкі.

Раіса ПАЎЛЮЧУК,

намеснік дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Добавить комментарий