“Гарачы” ліпень

Сёлета за паўгоддзе ў нашым раёне зарэгістравана 30 пажараў, у іх загінула пяць чалавек. “Гарачым” для работнікаў МНС раёна аказаўся і ліпень.У жылым сектары ў ліпені ўжо адбылося 6 пажараў, 3 – за перадапошні тыдзень.

19 ліпеня каля 17 гадзін ратаўнікі пасля паведамлення з вёскі Вугляны тушылі там пажар у жылым доме. Агнём знішчаны дах, пашкоджаны сцены, маёмасць, усяго ўрон склаў каля 5 млн. рублёў (на 16 млн. рублёў маёмасць выратавана). А самае сумнае – у агні пацярпела жанчына, 1962 г.н., яна атрымала апёкі твару, шыі, рук і ног і знаходзіцца на лячэнні ў аддзяленні рэанімацыі бальніцы. Гаспадар дома, які ў той час знаходзіўся ў суседнім пакоі, не пацярпеў.

21 ліпеня ў нежылым доме ў вёсцы Падбела пасля двух гадзін ночы адбылося загаранне, агнём знішчаны дах і частка маёмасці. Урон склаў каля 10 млн. рублёў (выратавана маёмасці на 7 млн. рублёў).

22 ліпеня вечарам а палове дзявятай загарэўся жылы дом у вёсцы Зарачаны Войскага сельсавета. На той момант людзей у доме не было, гаспадар яго – пенсіянер 1936 г.н. Знішчаны дах і пашкоджана маёмасць дома (урон – на суму каля 8 млн. рублёў, выратавана яе – на 4 млн. рублёў).

Ва ўсіх трох выпадках прычыны пажараў у дзень іх ліквідацыі ўстаноўлены не былі. Аднак, вядома, што ў летні перыяд, калі печы, награвальныя прыборы не выкарыстоўваюцца, найбольш часта загаранні адбываюцца з-за курэння ў пасцелі нецвярозых асоб, няспраўнасці электраправодкі, ад невыключаных і пакінутых без нагляду газавых пліт. Калі ў вясковым доме знаходзяцца дзеці, да бяды нярэдка прыводзіць іх свавольства з запалкамі. Будзьце пільнымі, агонь памылак не даруе.

Генадзь КОХНЕНКА,

інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела МНС.

Добавить комментарий