“Аграпрадукт” згубіўся ў Пушчы

Напрыканцы мінулага тыдня адбыліся матчы восьмага тура чэмпіянату раёна па футболе.

Першая сустрэча прайшла яшчэ 26 ліпеня. У ёй, як паведамлялася ў мінулым нумары “НК”, перамогу над “Каленкавічамі” атрымала “Агра-Зарэчча”.

Наступны матч тура прайшоў у суботу. У ім “Высокае” ўпэўнена разабралася з суседам па турнірнай табліцы, “Апошнім рубяжом” са Ставаў. Лік у гульні адкрыў “гараджанін” Максім Мазур. Сяргей Андраюк яшчэ да перапынку падвоіў лік. А ў другім тайме ўжо Андрэй Каралюк двойчы паслаў мяч у сетку. “Сухая” перамога каманды Высокага. “Апошняму рубяжу” трэба нешта рабіць у абароне. Статыстыка проста жудасная – 11 галоў за дзве гульні, ды і агульная колькасць прапушчаных мячоў засмучае, 36 – гэта горшы паказчык сярод усіх каманд.

Не пашанцавала гасцям і ў Белавежскім. Мясцовая дружына без асаблівых праблем набрала тры ачкі. Нейкая інтрыга, праўда, існавала пасля першай паловы гульні. “Стаўскі” пасля прапушчанага ад Віктара Герасіміка гола змог аднавіць парытэт. Трапна прабіў Вадзім Шпак. Але ўжо ў другім тайме на галы таго ж Віктара Герасіміка і Мікіты Залачэўскага контраргументаў не знайшлося.

Нечакана на выездзе саступіў “Аграпрадукт”. І ніяк, як казусам, гэтае паражэнне не назавеш. Госці відавочна бы­лі мацней за гаспадароў – каманду “Камянецкая Пушча”, але нейкая празмерная пантовасць сыграла з імі злы жарт. Пры наяўнасці галявых момантаў не на адну гульню “Аграпрадукт” выйграў першы тайм “на то­ненькага”, 3:2 (у “алейнікаў” выз­на­чыліся Сяргей Асійчук (дубль) і Раман Астапаў, у “пушчанцаў” – Андрэй Салей і Аляксандр Якаўлеў). У другім – высакаўчане і зусім не змаглі давесці мяч да трапнага ўдара. Гаспадары ж свайго шанца не ўпусцілі. Спачатку Андрэй Салей зраўняў лік, а затым Ігар Басакаў прынёс “Камянецкай Пу­шчы” першую перамогу ў чэмпіянаце.

ВЫНІКІ 8 ТУРА: ФК “Высокае” – “Апошні рубеж” – 4:0, ФК “Ніва” – ФК “Каменец” – перанесены, “Камянецкая Пушча” – “Аграпрадукт” – 4:3, “Каленкавічы” – “Агра-Зарэчча” – 0:2, “Белавежскі” – “Стаўскі” – 3:1.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

табліца чэмпіянату раёна

па футболе-2012 пасля 8 тураў

Каманды Г В Н П Мячы Ачкі
«Агра-Зарэчча» 8 7 0 1 24-7 21
ФК «Ніва» 7 5 2 0 23-11 17
«Белавежскі» 8 5 1 2 25-11 16
ФК «Каменец» 6 4 1 1 19-7 13
«Аграпрадукт» 7 3 1 3 18-12 10
ФК «Высокае» 8 3 1 4 19-20 10
«Каленкавічы» 8 2 1 5 13-25 7
«Апошні рубеж» 8 2 1 5 14-36 7
«Камянецкая Пушча» 8 1 2 5 16-29 5
«Стаўскі» 8 1 0 7 17-30 3

Добавить комментарий