Надзея Канановіч 15 гадоў аддала бальніцы, працуючы санітаркай, але вось ужо другі год яна пенсіянерка. Калі вам давядзецца сустрэцца з гэтай энергічнай, ініцыятыўнай, творчай жанчынай, вы ніколі не скажаце, што яна ўжо на пенсіі, – проста, няма калі старэць. Уся справа ў захапленні – Надзея Іванаўна, зарэгістраваная ў падатковай як рамеснік, калісьці і падумаць не магла, што так будзе.
Праязджаючы праз вёску Пелішча, вы абавязкова зразумееце, дзе яе дом. На прысядзібным участку «жывуць» воўк і лебедзі, бычок ды павучок, малпачка і птушкі, вожыкі, жырафа і страус. Ёсць сажалка і кветнік, круглы год «расце» шыкоўная пальма, проста дзіва для нашых шырот!
Спачатку жанчына займалася рамяством выключна для сябе, потым зразумела, што зацікаўленасць людзей і попыт на яе вырабы ёсць, ды і сям’я выказала здагадку, што хобі можа прыносіць які-ніякі даход.
Першымі вырабамі сталі вожык і заяц. «Ідэі нараджаюцца ў галаве, мне дастаткова ўбачыць нешта прывабнае і маляўнічае, як тут жа хочацца гэта паўтарыць», – дзеліцца Надзея Іванаўна.
Асноўным матэрыялам для работ служыць фанера, якая, трапляючы ў рукі майстрыхі, пераўтвараецца ў цудоўнага звярка. «Я прыдумляю, каго буду рабіць, малодшы сын дапамагае распілаваць фанеру, на якой загадзя малюю макет. Затым неабходна расчарціць, апрацаваць краі, потым пачынаецца работа з фарбамі, дзе пласт за пластом наносіцца свой тон. На некаторыя вырабы даводзіцца выкарыстоўваць і па дзесяць розных колераў, і кожны накладваецца мінімум два разы. Аднойчы паспяшалася, дрэнна прасушыла фарбы, дык яны пачалі налазіць адна на адну. Наступны крок – гэта прымайстраваць загадзя падрыхтаваныя элементы арматуры. Праца займае досыць шмат часу. Працэс залежыць ад памеру і колькасці адценняў фарбаў,» – распавядае майстрыха.
Але не толькі фанера выкарыстоўваецца для вырабаў, у ход ідзе і другасная сыравіна – пустыя пластыкавыя бутэлькі, старыя накрыўкі. Плюс крыху крэатыву – і адбываецца цуд. Менавіта з бутэлек і коркаў «вырастае» пальма, а адразу і не скажаш, з якога матэрыялу зроблена, выглядае як жывая. Аднак, дома сабраць дастатковую колькасць бутэлек не атрымліваецца, вось і прыходзіцца шукаць. На адну пальму ідзе каля 300: зялёных і карычневых, патрэбны і коркі. У бліжэйшы час плануе жанчына пачаць працу з пенапластам. Ідэй шмат.
«Для мяне рамяство – адпачынак. Калі працую над чарговым вырабам, адчуваю сапраўдную радасць. Калі б было больш вольнага часу … Вядома, хапае работы і дома, ўсё павінна быць прыбрана і памыта, прыгатавана ежа,» – гаворыць гаспадыня. Зараз пачынаюцца халады, і майстрыха-рукадзельніца дастае пруткі і пачынае вязаць: сукенкі, кофты, капялюшыкі і нават цацку для ўнука – толькі б попыт на яе талент быў.
Сям’я, безумоўна, падтрымала пачынанні Надзеі Іванаўны, а сыны, Дзмітрый і Андрэй, перанялі мамчына рамяство. Малодшы, Дзіма, жыве і працуе ў Жабінцы і майструе вырабы з бетону. На ўчастку красуюцца яго вазы-кветніцы і розныя грыбочкі (калі самаробныя баравікі і мухаморы можна сустрэць шмат дзе, то лісічкі бачыла ўпершыню). А старэйшы сын, які жыве ў Смаленску, займаецца вырабамі з металу. Дзякуючы яго намаганням, у доме з’явілася нямала “гадаванцаў”. Ён змайстраваў павука, сабачку, які ветліва сустракае гасцей на парозе і ківае галавой, сябры-каты, як і заведзена, «жывуць» у доме, іграюць ролю падставак пад кветкі. А які цудоўны флігель! Вось і ўнучак, якому пайшоў шосты год, падае вялікія надзеі – любіць маляваць, і ў яго гэта добра атрымліваецца.
Цікава тое, што Надзея Іванаўна ляўша, малодшы сын і ўнук таксама. Усё яны робяць левай рукой. І схемы для вязання даводзіцца перарабляць пад сябе, толькі гэта не спыняе.
Попыт на вырабы высокі. Пакупнікі прыязджаюць з усяго раёна, а таксама з Кобрынскага, Жабінкаўскага, Брэсцкага, Лідскага. Майстрыху папрасілі аформіць садок у Брэсце, з чым яна паспяхова справілася. Аднойчы старэйшы сын сфатаграфаваў вырабы маці і паказаў у Смаленску, і там знайшліся тыя, хто захацеў набыць прыгажосць з Пелішча.
Можа, хтосьці і палічыць, што ўзяць і размаляваць кавалак фанеры проста, але не кожны возьме і зробіць! Мы знаходзім мільёны адгаворак, а галоўная, што няма часу, але час на ляжанне ля тэлевізара заўсёды ёсць. А як было б выдатна, каб кожны зрабіў свой маленькі ўклад у прыгажосць хоць бы на сваім участку каля дома. Жыццё так хутка імчыцца, што дні зліваюцца ў адзін, мы мала ўсміхаемся і дзівімся… А як прыемна, праязджаючы праз Пелішча, паглядзець на рознакаляровых дзівакоў-звяркоў. Усмешка сама з’яўляецца на твары. Чаму б не пачаць простае рабіць выдатным?
Дар’я Дзямянка.
Это может быть интересно:
-
Волонтеры и афганцы: сегодня в Каменецком райисполкоме прошло мероприятие-встреча
-
СЕГОДНЯ ИСПОЛНИЛОСЬ 70 ЛЕТ ДИРЕКТОРУ ОАО «ВИДОМЛЯНСКОЕ» МИХАИЛУ СТРАПКО
-
Прямые телефонные линии.Февраль
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Когда-то здесь кипела жизнь: история деревни Мельники