І гэта ўсё побач…

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA15 гадоў мінула з таго часу, як недалёка ад Каменца, на месцы дыслакацыі савецкай вайсковай часці, пасля маштабнай рэканструкцыі і новага будаўніцтва, быў адкрыты рэспубліканскі санаторый для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ. Цяпер тут адначасова могуць прыняць 196 чалавек, а праз месяц – 250, бо ўводзіцца ў строй новы спальны корпус (перадапошні, трэці, корпус з нумарамі “люкс” і “паўлюкс”, абедзеннай залай і харчблокам быў здадзены ў 2011-м). Сёння тут працуюць 142 чалавекі, у бліжэйшы час колькасць рабочых месцаў павялічыцца да 180-і.

“Партрэт” установы

Насычанасць сучасным абсталяваннем, імкненне ісці ў нагу з часам, адпаведны персанал – складаемыя “партрэта” санаторыя. Пра яго ведаюць і за межамі Беларусі: клік у віртуальную прастору – і на маніторы ўся інфармацыя аб “Белай Вежы” ад пераліку працэдур да іх кошту. Медыцынскі профіль санаторыя – хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання і апорна-рухальнага апарата. Пасля таго, як атрымалі дазвол на аказанне платных паслуг, тут адпачывае нямала расіян. Нездарма галоўнаму ўрачу санаторыя Аляксандру Бобыраву (на здымку) быў уручаны ордэн “Сердце Данко”, заснаваны Саветам грамадскіх арганізацый Санкт-Пецярбурга і Масквы і некамерцыйным міжнародным цэнтрам духоўных аб’яднанняў. А на 3-м міжнародным конкурсе на званне “Лепшая ўстанова краін СНД па прафілактыцы хвароб, умацаванні здароўя і рэабілітацыі ветэранаў і ўдзельнікаў лакальных канфліктаў” калектыў санаторыя атрымаў Дыплом 1 ступені.

Зыходзячы з ведамаснай прыналежнасці ўстановы, колькасць пуцёвак, рэалізуемых на камерцыйнай аснове, строга абмежаваная – 56. Іх санаторый прадае самастойна або праз турфірмы. Платныя пуцёўкі набываюць і беларусы, а, бывае, адпачываюць за кошт арганізацый, дзе працуюць.

“Белая Вежа” – адзіны санаторый у Беларусі, дзе ёць пакоі, на 16 ложкаў, абсталяваныя спецыяльна для інвалідаў-калясачнікаў, для іх – усе ўмовы безбар’ернага руху і за межамі пакоя, у лячэбным корпусе і водалячэбніцы, нават у басейне – спецыяльны пад’ёмнік. Дарэчы, летась у санаторыі адбыўся міжнародны семінар па вывучэнні сацыяльнай адаптацыі да безбар”ернага асяроддзя інвалідаў, што ўпершыню селі ў каляску. У семінары, які доўжыўся два тыдні, бралі ўдзел валанцёры з Германіі, Украіны, Польшчы, Расіі.

У розніцу і ў зручны час

Гнуткая сістэма аказваемых паслуг, магчымасць купіць іх у розніцу і ў зручны час, набыць курсоўкі прыцягваюць у “Белую Вежу” нямала жыхароў Камянеччыны, якія прымаюць працэдуры без пражывання ў санаторыі. Найбольш папулярныя – масажы, працэдуры ў спа-абсталяванні, ванны, у т. л. сухія вуглякіслыя… А сёлета тут з’явілася магчымасць пнеўма-кампрэсійнай тэрапіі пры парушэнні аттоку крыві і лімфы, лячэння пятачнай шпоры, хвароб суставаў, пазваночніка, органаў мочапалавой сістэмы, у т. л. энурэзаў. У пераліку новых і апарат з мноствам насадак для карэкцыі фігуры і дэфектаў скуры… Працаваць на новай апаратуры спецыялісты санаторыя вучыліся ў Маскве.

Яшчэ колькі слоў аб так званай камерцыйнай дзейнасці. У значнай ступені за кошт заробленых пазабюджэтных сродкаў – а гэта да 1 млрд. рублёў у год – развіваецца база санаторыя, з гэтага ж “кашалька” па магчымасці выдаткоўваюцца сродкі на матэрыяльнае заахвочванне яго работнікаў. Акрамя таго, каля 600 млн. “санаторскіх” рублёў пералічваецца ў раённы бюджэт.

Адначасова з вышэй памянёным спальным корпусам уводзіцца ў строй і пральня, разлічаная на мыццё не толькі “сваёй” бялізны (дасюль яе вязуць у Жабінку – санаторый карыстаецца паслугамі быткамбіната), але і іншых закрытых устаноў раёна. Гэта яшчэ адна магчымасць для санаторыя мець дадатковы даход, а, значыць, і “дазволіць сабе” самае сучаснае абсталяванне працэдурных кабінетаў.

Народнае меркаванне

Работа з людзьмі, да таго ж сталага ўзросту, – гэта няпроста. Каб штодня мець усю “мазаіку” меркаванняў адпачываючых аб якасці паслуг, у цэнтральным фае – свабодны доступ да анкет, якія можна запоўніць і ананімна, выказаўшы “всё, что думаешь”. І выказваюць. У пераліку прэтэнзій найчасцей стан дарогі ад шашы Брэст – Каменец да санаторыя, а яшчэ тое, што на чыгуначным вакзале ў Брэсце едучых на адпачынак не чакае санаторскі аўтобус. Апошняе тлумачыць Аляксандр Бобыраў: ”Калі адразу пасля адкрыцця санаторыя кожны заезд ажыццяўляўся на працягу трох дзён запар, дык цяпер штодня прыязджаюць па двое – чацвёра чалавек, і, на жаль, не маем магчымасці пастаянна быць у чаканні на вакзале. На нашым сайце – даволі зручны расклад руху маршрутных таксі, якія кожны дзень робяць па чатыры рэйсы з Брэста і назад…”

У “Белай Вежы” не сумуюць аматары актыўнага адпачынку, бо ёсць і спартыўная зала, і адкрыты тэнісны корт, і валейбольная пляцоўка, наладжаны пракат веласіпедаў, лыжаў, ролікаў. Да паслуг тых, хто сябруе з Інтэрнэтам, – камп’ютарны пакой. А калі завіталі ў санаторый на ўласным аўто, – тут ёсць платная ахоўваемая стаянка…Зручнасцей для адпачываючых створана нямала.

Ёсць у санаторыі і малельны пакой, дзе можна не толькі адасобіцца для ўласнай малітвы, – сюды на службы прыязджае свя­шчэннік, айцец Аляксей Барзоў.

Зрэшты, не раз даводзілася чуць выказванні выпадковых спадарожнікаў у маршрутным таксі, якія не першы раз ехалі ў “Белую Вежу” ці, наадварот, трымалі накірунак на Брэст пасля адпачынку. Пад уплывам нядаўніх уражанняў немаладыя людзі заўсёды гаваркія: падлячылі, мноства працэдур, стравы на выбар, прапануюць экскурсіі, цікавыя вячэрнія праграмы…Такім чынам і складваецца народнае меркаванне. Ці не таму з прапануемых на выбар чатырох падобных санаторыяў Беларусі – “Ясельда”, “Вяжуці”, “Беразіно”, “Белая Вежа” – ветэраны і з Міншчыны ці Магілёўшчыны звычайна аддаюць перавагу апошняму.

 

* * *

Учора, 24 кастрычніка, у санаторыі адбылася ўрачыстасць з нагоды 15-годдзя з дня адкрыцця. Да калектыву і гасцей санаторыя найперш звярнуўся яго галоўны ўрач Аляксандр Бобыраў, які пераканаўча гаварыў пра маладосць і сталасць установы, пра агульную працу на адзіны вынік, у тым ліку і прэстыж нашай краіны. Асаблівай увагі ўдастоены тыя, хто працуе тут з дня адкрыцця санаторыя, іх, 18 чалавек, ушаноўвалі надзвычай цёпла.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий