Калі вам даводзілася звяртацца па медыцынскую дапамогу да ўрачоў Камянецкай раённай паліклінікі і праходзіць курс лячэння тут ці ў розных аддзяленнях бальніцы, Вам абавязкова прапісвалі працэдуры ў фізіятэрапеўтычным кабінеце. І вось з назначэннем ад лечачага ўрача прыходзіце сюды…
З ветлівай усмешкай сустракаюць сваіх пацыентаў Лідзія Афанасьеўна Шклянік, Ларыса Іванаўна Казача і Наталля Мікалаеўна Шпак. Кожная з іх адказвае за свой участак работы, яны мяняюцца штомесяц выкананнем працэдур. А тыя ў фізкабінеце самыя розныя: электрафарэз, магніта-, лазера-, электра-, святлотэрапія, дарсанвалізацыя (фізіятэрапеўтычнае ўздзеянне на паверхневыя тканкі і слізістыя абалонкі арганізма імпульсіўнымі токамі высокай частаты), ультрагук, інгаляцыя і шмат іншых. Усімі апаратамі і прыборамі медсёстры па фізіятэрапіі валодаюць у дасканаласці, раз у пяць гадоў праходзяць спецыялізацыю на курсах удасканалення ў Брэсце і Баранавічах. Ды і самі асвойваюць новыя методыкі, чытаюць шмат літаратуры па прымяненні набытых у фізкабінет сучасных апаратаў.
Давялося быць сведкай, як медсястра ўгаворвала маленькага хлопчыка зрабіць інгаляцыю, яна і спявала яму, і вершы чытала, каб заняць вызначаны для працэдуры час. Да кожнага пацыента – свой падыход. А пасля лячэбных працэдур медсёстры робяць пазнакі ў картах хворых, указваюць методыку і параметры ўздзеяння, іх працягласць. Калі пацыент прыйшоў упершыню, кожная з медсясцёр праінструктуе аб правілах паводзін у час працэдуры, паведаміць аб магчымых адчуваннях у працэсе лячэння, дапаможа прыняць неабходнае палажэнне цела, забяспечыць, калі патрэбна, ахову вачэй або іншых участкаў цела, што не падлягаюць уздзеянню.
Акрамя працэдур, медсёстры фізкабінета рыхтуюць фітачаі, выкарыстоўваючы для гэтага аптэчныя зборы: сардэчны, страўнікавы, седатыўны, грудны… Па прызначэнні ўрача такія чаі з задавальненнем п’юць хворыя, якія лечацца ў аддзяленнях бальніцы, у дзённым стацыянары.
25 гадоў працуе ў фізкабінеце Лідзія Шклянік. Валодае ўсімі прыборамі, навучае нялёгкай рабоце маладых. Ларыса Казача разам з Наталляй Шпак пераймалі яе вопыт, вось ужо пяць гадоў яны заняты разам. Цяпер Ларыса – старшая медсястра фізкабінета, акрамя працэдур, – рыхтуе справаздачы аб зробленым, у адказе за спраўнасць апаратуры, своечасовасць атрымання дэзінфіцыруючых сродкаў, за парадак і чысціню, якія забяспечвае ў кабінеце санітарка Людміла Ліцвінава.
Для кожнага хворага ў гэтых медсясцёр хапае ўмення, цярпення і дабрыні. Яны ўкладваюць у сваю справу душу. Каб аблегчыць боль і пакуты чалавека. Безумоўна, яны заслугоўваюць слоў павагі і ўдзячнасці. Са святам вас, сястрычкі!
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
На здымку (злева направа): Ларыса Казача, Лідзія Шклянік, Наталля Шпак.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF: Green – ФК «Высокое»
-
Профессий много, а надо сделать выбор в пользу одной
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF. Первый матч. Агро-Пелище — Мясокомбинат
-
МОШЕННИКИ ИСПОЛЬЗУЮТ ИМЯ КОМПАНИИ «БЕЛТЕЛЕКОМ» ДЛЯ РАСПРОСТРАНЕНИЯ ФЕЙКОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
-
«Эрудиты» из Пелищ заняли 3 место в интеллектуально-развлекательной игре от БРСМ