Інтэрнацыянальная сям’я ў Чапялях

Шмидт 1Вядомы Ісык-Куль, дзе можна адпачыць і паправіць сваё здароўе, пляжы недалёка ад Пржэвальска, горныя крыніцы, ад вады з якіх ломіць зубы нават у саракаградусную спёку… Усё гэта – Кіргізія. Менавіта там пачыналася гісторыя сям’і, пра якую хачу расказаць. Аляксандр Чакаеў і Эльза Фушанло доўга ішлі насустрач адно аднаму, каб сустрэцца і зразумець: вось ён – лёс.

Бацькі Эльзы – Фрыдрых Якаўлевіч і Марыя Іванаўна – працавалі ў калгасе “Чалдавар”. Падрасталі васьмёра дзяцей. З маленства яны прывучаліся да працы, асабліва ж цяжка стала тады, калі пайшоў з жыцця галава сям’і. Старэйшага сына прызвалі ў армію, і на плечы Эльзы лёг клопат аб маленькіх братах і сёстрах. Хапала спраў і па гаспадарцы. Акрамя таго, дзяўчынка ахвотна пераймала матулін вопыт, дапамагала даглядаць і даіць кароў. Пасля 8-і класаў ёй, сямнаццацігадовай, даручылі групу рагуль, за якіх зусім па-даросламу давялося адказваць самой. І Эльза не падвяла сваю маці…

Неўзабаве выйшла замуж, але сямейнае жыццё, на жаль, прынесла мала шчасця. Эльза Фрыдрыхаўна засталася адна ў вялікім доме з трыма дзецьмі на руках. Працягвала працаваць даяркай, мела на падвор’і жывёлу і ўсюды заўсёды паспявала. Гэта заўважалі людзі навокал. У тым ліку Аляксандр Чакаеў, што працаваў у тым жа калгасе. Неаднаразова будучыя муж і жонка сустракаліся на рабоце. Аляксандр зацікавіўся руплівай жанчынай і пачаў час ад часу завітваць у яе дом. Бачыў, што тут, як і на рабоце, пануе лад, дзеці Роза, Тахір і Віктар дагледжаны. Эльза Фрыдрыхаўна як толькі ні адваджвала свайго кавалера: і ўгаворвала, і праганяла – дарэмна.

(На той час Аляксандр Чакаеў быў жанаты, меў траіх дзяцей, але з жонкаю жыццё ніяк не ладзілася. Пабраліся зусім маладымі, бо ён імкнуўся аддзяліцца ад вялікай бацькоўскай сям’і, дзе было яшчэ шасцёра дзяцей, хацеў пайсці на свой хлеб).

Дапамог разабрацца ў няпростай жыццёвай сітуацыі шчаслівы выпадак. Кіргізы – вельмі гасцінны народ і прывіваюць гэтую рысу характару сваім дзецям. Аднойчы Аляксандр у чарговы раз прыйшоў да Эльзы, і малая Роза, што была тады ў доме адна, пачаставала госця чаем.

У жніўні 1990-га нарадзілася новая сям’я (хутка справяць сярэбранае вяселле). Па падказцы надзейных людзей вырашылі пераехаць на Алтай, і задуманае ажыццявілі (але і пра сваіх дзяцей ад першага шлюбу Аляксандр Чакаеў ніколі не забываў). Змена месца жыхарства прынесла толькі клопат, бо давялося сутыкнуцца з прыкрай асаблівасцю: усю маёмасць, асабліва жывёлу, тут даводзілася пільнаваць дзень і ноч ад вынаходлівых злодзеяў. Каму такое спадабаецца?

Аляксандр і Эльза вырашылі з’ехаць і абралі пунктам прызначэння Беларусь, дзе, па словах знаёмых, было значна спакайней. Вось толькі перабірацца давялося не ўсёй сям’ёй, бо Тахір у той час служыў у арміі. Вяртацца пасля службы трэба туды, адкуль пайшоў у армію. Для таго, каб сын змог далучыцца да родных у нашай краіне, давялося прыкласці нямала сіл. Сям’я ўз’ядналася.

Адзінаццаць гадоў таму Беларусь гасцінна сустрэла Аляксандра, Эльзу і іх дзяцей. Пасяліліся ў ціхіх Чапялях, у новай хаце, працу атрымалі ў калгасе “Савецкая Беларусія”: яна – на ферме, ён – шафёр. Трымаюць вялікую гаспадарку: авечкі, гусі, індыкі, а свайго бычка руплівыя гаспадары выгадавалі на дзіва – вагою ў тону з хвосцікам. Набылі машыну, самазвал, мотаблок і бетонамяшалку. Ажыўлена цяпер у двары гасціннага дома Аляксандра і Эльзы: выкладваюць каменем двор і ўезд у яго. У хуткім часе плануюць дабудаваць дом, і не сумняваюся, што ўсе задумкі ўвасобяцца ў жыццё. Дарэчы, Аляксандр Джумабекавіч цяпер малады пенсіянер, а Эльза Фрыдрыхаўна працуе вартаўніком у дзіцячым садзе “Зубраня” ў Белавежскім.

Дачка Роза і сын Тахір з сем’ямі жывуць у Расне, адкуль часта і ахвотна прыязджаюць у адведкі. Віктар – брастаўчанін, а сумесны сын Аляксандра і Эльзы Ігар працуе на станцыі Высока-Літоўск і завочна вучыцца ў чыгуначным каледжы.

Так і жыве душа ў душу інтэрнацыянальная сям’я.

Станіслаў ФІЯЛКОЎСКІ, пас.Белавежскі.

Фота (2000 год) з сямейнага архіва.

Добавить комментарий